Гамілія біскупа Дзям’янкі з нагоды канферэнцыі, прысвечанай 250-годдзю нараджэння а. Станіслава Юндзіллы SP
|
10.05.2011 16:34 |
«На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1, 1). Насяліў зямлю раслінным і жывёльным светам. Вянцом стварэння стаў чалавек — Адам і Ева. Бог даручыў чалавеку распараджацца ўсім стварэннем і сказаў: «напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (пар. Быц 1, 28). І наказаў не зрываць забаронены плод. У садзе Эдэмскім людзям было добра, пакуль не ўчынілі грэх. Д’ябал — вораг чалавека, непрыяцель Бога — спакусіў Еву, якая ўвяла ў грэх Адама.
Бог сказаў: «Праклятая будзе зямля… Церні і асот будзе радзіць» (пар. Быц 3, 18). Прагнаў чалавека з Раю. Але ў сваёй велікадушнасці не адабраў у яго надзею на вечнае жыццё з Богам. Паабяцаў прыслаць Збаўцу, які адкупіць чалавека ад граху, смерці, д’ябла.
Узгадваем этапы гісторыі чалавецтва ў сувязі са знамянальнай датай 250-годдзя з дня нараджэння айца Станіслава Баніфацыя Юндзіллы, ураджэнца Лідчыны, святара, педагога, выхавацеля ў школе айцоў-піяраў у Шчучыне, заснавальніка батанічнага саду пры касцёле, вучонага, даследчыка расліннага і жывёльнага свету, прафесара Віленскага ўніверсітэта, заснавальніка Батанічнага саду ў Вільні (Літва) і Вене (Аўстрыя). Ён сваёй руплівай працай паспрыяў таксама паглыбленню хрысціянскай культуры ў гэтай частцы Еўропы ў галіне экалогіі.
Кажучы пра хрысціянскую культуру ў розных галінах дзейнасці чалавека, мы маем на ўвазе літаратуру, напісаную па матывах Бібліі, сакральныя будовы — святыні ў стылі готыкі, барока, рэнесанса, класіцызму, раманскім стылі. Гэта творчасць мастакоў па біблійных сюжэтах. Але гэта таксама адносіны да прыроды з хрысціянскага пункту гледжання. Яны заключаюцца ў такім падыходзе, каб не пашкодзіць прыродзе, а перадаць нашчадкам хараство палёў, лясоў, вадаёмаў, рэк. Беражлівасць — вось рыса хрысціянскай культуры ў галіне флоры і фаўны. Гэтаму трэба вучыцца. Не так даўно мы нават бачылі пры дарозе плакаты з такім зместам: «Нам нечего ждать милости от природы. Взять от нее — наша задача». І бралі, але, на жаль, часта неразважліва. Празмерная эксплуатацыя земляў, знішчэнне лясоў (ёсць меркаванні, што пры сучаснай высокапрадукцыйнай тэхніцы нават Усурыйская тайга можа знікнуць за некалькі гадоў), неразумнае асушэнне балот з наступствам эрозіі глебы, арашэнне палёў марской вадой, што прывяло да засалення і іх непрыдатнасці для земляробства на дзясяткі гадоў. Нават былі планы павярнуць назад сібірскія рэкі. Наступствам неразумнай эксплуатацыі зямлі і багаццяў прыроды сталі прыродныя катаклізмы ў выглядзе пясчаных бураў, цунамі, землятрусаў, ураганаў, глабальнае пацяпленне і інш. Аб гэтым гаварылася яшчэ амаль 40 год таму падчас канферэнцыі ў Стакгольме (Швецыя).
Айцец Станіслаў як педагог і даследчык вучыў беражлівасці ў адносінах да прыроды. Ён разам з валанцёрамі заснаваў батанічны сад у Шчучыне. Збіраў травы, расліны з навакольных палёў, лугоў, лясоў, балот, вывучаў іх лекавыя ўласцівасці і перадаваў вынікі даследаванняў іншым. З мудрасцю і адказнасцю перад Богам вучыў выкарыстоўваць дары прыроды. Батанічны сад быў каля касцёла. Так спалучаліся малітва і праца. Святыня нагадвае аб Стварыцелю, аб дарах Бога для чалавека і аб адказнасці за іх правільнае выкарыстанне.
Прыклад дзейнасці гэтага святара і вучонага і сёння мае важнае значэнне для жыхароў Еўропы. Сучаснаму чалавеку ўласцівы такія рысы, як празмернае спажывальніцтва, геданізм, нарцысізм, эгаізм. Прага да таго, каб толькі спазнаць як мага больш. А пасля мяне — хоць трава не расці. Чалавек забавы, адчування як мага большых прыемнасцяў — такая пастава, на жаль, не адзінкавая ў сучасным свеце. Прыклад а. Станіслава можа дапамагчы скаардынаваць дзеянні сучаснага чалавека адносна дароў прыроды — дароў Пана Бога. Праз штодзённую грунтоўную працу выхавацеля, вучонага, даследчыка ён вучыў умела выкарыстоўваць дары прыроды, а не наносіць ёй раны.
Адзначаем вялікую гадавіну народзін святара-вучонага ў радасны Велікодны перыяд. Езус перамог смерць. Даў надзею кожнаму насельніку зямлі на вечнае шчасце ў Эдэме. Але чалавек павінен прайсці выпрабаванне на зямлі. Кожны павінен выкарыстаць таленты, дары, якія атрымаў ад Бога. Бо Ён у сваёй мудрасці нічога не стварыў без сэнсу і без мэты. Толькі выдатна выканаўшы заданне, дадзенае Богам чалавеку на зямлі, кожны можа спадзявацца на ўзнагароду ў вечнасці.
Дапамагае нам у гэтым Касцёл праз малітву аб беражлівым карыстанні дарамі прыроды. Вось чаму згодна з хрысціянскімі звычаямі на палях ставяцца каплічкі і крыжы. Веснавыя палявыя працы таксама распачынаюцца малітвай. А позняй восенню адбываецца малітва падзякі за ўраджай. Наш знакаміты зямляк даў нам прыклад гарманічнага суіснавання з прыродай таксама праз гэтую святыню, вакол якой заснаваў адзін з першых батанічных садоў у Вялікім Княстве Літоўскім.
|
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы ў Хатыні
|
10.05.2011 14:07 |
7 мая 2011 г.
«Вечны супакой дай ім Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць навекі» — гэтымі словамі мы просім добрага Бога прыняць душы тых бязвінна забітых жыхароў Хатыні, якія былі расстраляны і спалены карнікамі вясной 1943 г. Яны адышлі з гэтага свету ў трагічных абставінах і патрабуюць нашай малітвы.
Асабліва ў Велікодны перыяд мы лепш усведамляем праўду, заключаную ў словах Сімвала веры — «веру ў еднасць святых». Малітва жывых для душы памерлай — гэта як міласціна для беднага. Адышоўшая ў іншы свет душа, сабе нічым дапамагчы не можа. Ёй патрэбна наша малітва.
Таму напярэдадні 9 мая, Дня перамогі, мы молімся аб супакоі душаў нявінна загінуўшых. Мы таксама молімся за душы тых памерлых, якія загінулі на франтах, абараняючы свае Бацькаўшчыны ў іншыя часы і ў іншых абставінах. Бо, як заахвочвае нас Біблія: «Святая думка і збавенная маліцца за памерлых».
Нашай малітоўнай памяццю ахопліваем усіх памерлых і ахвяр Другой сусветнай вайны. Асабліва тых, за каго ніхто не моліцца і пра каго ніхто не памятае. Молімся за іх словамі традыцыйнай малітвы за памерлых: «Добры Езу, а наш Пане, дай ім вечнае спачыванне».
Малітва за тых, якія адышлі да вечнасці, паглыбляе нашу веру ў Змёртвыхпаўстанне і вечнае жыццё. Бо Езус казаў, што «Я — змёртвыхпаўстанне і жыццё. Хто верыць у мяне, хоць бы і памёр, будзе жыць». Таму хрысціянская рэлігія (акрамя смутку з прычыны смерці блізкіх) — гэта рэлігія радасці і надзеі. Надзеі на ўваскрашэнне і вечнае жыццё.
Кожны атрымаў заданне ў жыцці, каб з добрымі чынамі прыйсці да брамаў раю. У гэтым нам дапамагае Касцёл сваімі сакрамэнтамі. Жудаснае злачынства над мірнымі жыхарамі Хатыні нагадвае нам, хрысціянам: каб мець вечнае жыццё з Хрыстом, нельга кіравацца помстаю, нянавісцю, забіваць і калечыць другога чалавека. Апошняе пажаданне Езуса — запавет у Вялікі чацвер напярэдадні мукі і смерці: «Запаведзь новую даю вам: любіць адзін аднаго так, як я вас палюбіў». Сёння, пасля дзесяцігоддзяў, мінулых ад часоў той падзеі, смутак усё яшчэ напаўняе нашы душы, таму што гэтая запаведзь была парушана чалавекам.
Сёння просім у Добрага Бога таксама аб супакоі ў свеце. Каб ніколі не паўтарылася Хатынь, ніколі не паўтарыўся жудасны тэракт, які ўжо ў наш час адабраў жыццё бязвінных і многіх пакалечыў. Молімся, каб чалавек кіраваўся ў жыцці Божымі запаведзямі. Амэн. |
Літанія да святога Яна Паўла ІІ
|
08.05.2011 17:05 |
Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон, Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, — змiлуйся над намi. Сыне, Адкупіцель свету, Божа, — змiлуйся над намi. Духу Святы, Божа, — змiлуйся над намi. Святая Тройца, Адзiны Божа, — змiлуйся над намi. Святая Марыя, — малiся за нас.
Святы Ян Павел ІІ, — малiся за нас. Заглыблены ў Айца, багатага на міласэрнасць, — малiся за нас. З’яднаны з Хрыстом, Адкупіцелем чалавека, — малiся за нас. Напоўнены Духам Святым, Панам і Жыватворцам, — малiся за нас. Цалкам адданы Марыі, — малiся за нас. Сябра святых і благаслаўлёных, — малiся за нас. Наступнік Пятра і Слуга слугаў Божых, — малiся за нас. Ахоўнік Касцёла, які навучае праўдам веры, — малiся за нас. Айцец Сабору і выканаўца яго пастановаў, — малiся за нас. Той, хто ўмацоўвае еднасць хрысціянаў і ўсяго роду людскога, — малiся за нас.
Адданы шанавальнік Эўхарыстыі, — малiся за нас. Нястомны пілігрым гэтай зямлі, — малiся за нас. Місіянер усіх народаў, — малiся за нас. Сведка веры, надзеі і любові, — малiся за нас. Трывалы ўдзельнік Хрыстовых цярпенняў, — малiся за нас. Апостал паяднання і спакою, — малiся за нас. Натхняльнік цывілізацыі любові, — малiся за нас. Вястун Новай Евангелізацыі, — малiся за нас. Настаўнік, які заклікае выплысці на глыбіню, — малiся за нас. Настаўнік, які паказвае святасць як крытэрый жыцця, — малiся за нас. Папа Божай Міласэрнасці, — малiся за нас. Святар, які збірае Касцёл на складанне Ахвяры, — малiся за нас. Пастыр, які вядзе аўчарню да неба, — малiся за нас.
Брат і настаўнік святароў, — малiся за нас. Айцец кансэкраваных асобаў, — малiся за нас. Апякун хрысціянскіх сем’яў, — малiся за нас. Падтрымка сужэнцаў, — малiся за нас. Абаронца ненароджаных, — малiся за нас. Апякун дзяцей, сіротаў і адзінокіх, — малiся за нас. Сябра і выхаваўца моладзі, — малiся за нас. Добры самаранін для церпячых, — малiся за нас. Дапамога людзям старэйшым і самотным, — малiся за нас. Вястун праўды аб годнасці чалавека, — малiся за нас. Чалавек малітвы, заглыблены ў Бога, — малiся за нас. Шанавальнік літургіі, які цэлебруе Ахвяру на алтарах свету, — малiся за нас. Увасабленне працавітасці, — малiся за нас. Той, хто палюбіў крыж Хрыста, — малiся за нас. Той, хто верна рэалізуе пакліканне, — малiся за нас. Трывалы ў цярпенні, — малiся за нас. Узор жыцця і памірання для Пана Бога, — малiся за нас.
Той, хто павучае грэшнікаў, — малiся за нас. Той, хто паказвае дарогу заблуканым, — малiся за нас. Той, хто прабачае крыўдзіцелям, — малiся за нас. Той, хто паважае праціўнікаў і ганіцеляў, — малiся за нас. Заступнік і абаронца прыгнечаных, — малiся за нас. Той, хто падтрымлівае беспрацоўных, — малiся за нас. Той, хто клапоціцца пра бяздомных, — малiся за нас. Той, хто наведвае вязняў, — малiся за нас. Той, хто ўмацоўвае слабых, — малiся за нас. Той, хто вучыць усіх салідарнасці, — малiся за нас.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.
С.: Малiся за нас, святы Ян Павел ІІ. Н.: Каб мы жыццём і словам абвяшчалі свету Хрыста, Адкупіцеля чалавека.
Молімся. Міласэрны Божа, прымі нашу падзяку за дар апостальскага жыцця і пасланніцтва святога Яна Паўла ІІ і праз яго заступніцтва дапамажы нам узрастаць у любові да Цябе і адважна абвяшчаць любоў Хрыста ўсім людзям. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
|
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла II
|
06.05.2011 13:08 |
III Велікодная нядзеля, Год А
8 мая 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Тыдзень таму ў Рыме на плошчы Св. Пятра адбылася знакавая падзея нашага часу — беатыфікацыя любімага ва ўсім свеце папы Яна Паўла II, нашага сучасніка, з якім многія з нас сустракаліся, прымалі ўдзел у набажэнствах, якія ён узначальваў, бачылі і чулі яго. Касцёл вуснамі Бэнэдыкта XVI далучыў яго да ліку благаслаўлёных. Гэтым самым мы атрымалі яшчэ аднаго заступніка ў небе, які вельмі любіў Беларусь, пасля доўгага перыяду ганенняў аднавіў яе іерархічныя структуры, марыў сюды прыехаць. Сёння ніхто і нішто не можа перашкодзіць яму сваім духам святога быць разам з намі. І мы верым, што ён сапраўды благаслаўляе нас з акна нябеснага Айца.
2. Сёння мы сабраліся ў гістарычнай мінскай катэдры дзякаваць Богу за гэту беатыфікацыю, якая яшчэ больш наблізіла да нас постаць Яна Паўла II.
Святы, з’яўляючыся чалавекам свайго часу, адначасова, жывучы згодна з Евангеллем, маральна стаіць вышэй за гэты час. Такім быў Ян Павел II.
Аб гэтым сведчаць першыя словы яго Пантыфікату: адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек можа да канца пазнаць сябе. Чалавеку патрэбны Хрыстус, каб мог будаваць шчасце на гэтай зямлі і дасягнуў вечнасці.
Ян Павел II увайшоў у гісторыю як мудры пастыр Сусветнага Касцёла, які ўмеў чытаць знакі часу і прымаць адпаведныя рашэнні. Мы памятаем яго як мужнага абаронцу хрысціянскіх каштоўнасцяў, які быў голасам сумлення сучаснага свету, а таксама як выдатнага тэолага, чалавека дыялога, змагара за мір, паэта, спартсмена і г. д. Ён вельмі любіў моладзь, якую называў надзеяй Касцёла і свету. Гэта дзякуючы яму мы маем Сусветныя дні моладзі. Ён умеў слухаць кожнага, клапаціўся пра бедных і хворых і вельмі любіў тонкі гумар. Многа высілкаў прысвяціў развіццю міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялога.
Зведаўшы горыч нацызму і камунізму, Ян Павел II супрацьпаставіў ім хрысціянства. Добра ведаючы, што такое ганенні на веру, ён вельмі шмат высілкаў прысвяціў свабодзе веравызнання. Зыходзячы з навучання Евангелля, што толькі праўда ўчыніць чалавека свабодным, ён сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай адвагі, поўным чалавечай чуласці, дапамог хрысціянам ва ўсім свеце перастаць баяцца быць хрысціянамі, належаць да Касцёла, абвяшчаць Евангелле. Гэтым самым ён дапамог людзям перастаць баяцца праўды, бо праўда — гэта гарантыя свабоды. У цэнтры яго навучання быў Хрыстус і адкуплены Ім чалавек. Таму для Яна Паўла II шляхам Касцёла быў чалавек, а шляхам чалавека — Хрыстус. Гэта была праграма яго Пантыфікату, падчас якога ён шчасліва ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе і даў яму новы накірунак на будучыню і новую надзею, як падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.
Хто меў магчымасць маліцца з Янам Паўлам II або бачыць, як ён моліцца, то, напэўна, пацвердзіць, што гэта быў чалавек глыбокай малітвы. Калі ён маліўся, для яго больш нічога не існавала. Заставаўся Бог і ён.
4. Усім гэтым ён заслужыў аўтарытэт і павагу не толькі сярод веруючых, але і сярод няверуючых. Яго адыход да дому Нябеснага Айца стаў сусветнымі рэкалекцыямі, а пахаванне прымірыла непрымірымых — побач сядзелі тыя, якія да гэтага не падавалі адно аднаму рукі.
Яго беатыфікацыя паказала сапраўдны сэнс хрысціянства як рэлігіі надзеі. Калі 6 гадоў таму панавала атмасфера засмучэння, бо адышоў любімы Папа, то падчас беатыфікацыі — радасць. Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі!
5. Сёння, у прысутнасці абраза Езуса Міласэрнага, мы дзякуем за беатыфікацыю. Сімвалічна, што Ян Павел II адышоў у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці і падчас гэтага ж свята быў беатыфікаваны. Ён адрадзіў у свеце новую надзею, якую бачыў у Божай Міласэрнасці.
Калі мы глядзім на сучасны свет з яго праблемамі, пагрозамі і выклікамі, то бачым, што, сапраўды, надзея толькі ў Богу. Менавіта Яго нёс людзям папа Ян Павел II.
6. Сённяшняе Евангелле распавядае пра вучняў з Эмаўса, якія пасля крыжовай смерці Езуса страцілі надзею, аднак знайшлі яе падчас спаткання з Ім. Яно навучае, што сярод нас ёсць Хрыстус, які спадарожнічае нам на нашых жыццёвых шляхах, размаўляе з намі і слухае нас падчас малітвы.
Свет да Яна Паўла II таксама жыў як быццам без надзеі. Асабліва тут, на Усходзе, здавалася, што вера ўжо ніколі не адродзіцца. Аднак Ян Павел II даў гэтую надзею, нават насуперак надзеі, і даў яе ў асобе Езуса Хрыста, заклікаючы адчыніць Яму свае сэрцы.
І сапраўды, ён змяніў бег гісторыі і адкрыў для Хрыста грамадствы, дзе многія дзесяцігоддзі панаваў атэістычны рэжым, у тым ліку і ў Беларусі, калі 20 гадоў таму адрадзіў тут касцёльныя структуры і заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію. Ён увёў Хрыста ў культурныя, палітычныя і эканамічныя сістэмы.
Сёння, калі мы радуемся яго беатыфікацыі, мы не павінны затрымлівацца толькі на знешнім яе эфекце. Некаторыя з нас былі ў Рыме, іншыя сачылі за цырымоніяй па тэлебачанні і радыё. Мы бачылі шмат людзей і разам з імі перажывалі незабыўны гістарычны момант. Сродкі масавай камунікацыі толькі і пішуць пра гэту падзею.
Але ці гэтага дастаткова? Напэўна, не. Навучанне папы Яна Паўла II, яго прыклад і спадчына не павінны застацца толькі здабыткам гісторыі ці на паліцах бібліятэк. Яны павінны быць у нашым сэрцы. Сёння мы павінны спытаць сябе: як мы прымаем яго навучанне? Ці яно сапраўды нас змяняе? Ці вядзе да распазнання прысутнасці Бога ў нашым жыцці? Ці мы імкнёмся і не баімся адчыніць дзверы нашых сэрцаў Хрысту?
Толькі тады мы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і безнадзейныя жыццёвыя сітуацыі, зможам, падобна вучням з Эмаўса, адчуць прысутнасць сярод нас Міласэрнага Езуса, у якім адзіная надзея і збаўленне.
7. Благаслаўлёны Яне Паўле II! Ты так моцна палюбіў Беларусь і так хацеў сюды прыехаць!
Благаславі нас, нашы сем’і, нашу моладзь, усю нашу Бацькаўшчыну, каб мы сапраўды былі Хрыстовымі і годнымі таго, што на нашу зямлю ступіць нага наступніка Пятра, каб узмацніць нашу веру, надзею і любоў, і каб мы былі здольнымі будаваць цывілізацыю жыцця. Амэн.
|
|
|