Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Серада — дваццаты звычайны тыдзень

«Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам».

 
Гісторыя мінскай архікатэдры
10.08.2010 13:27

Касцёл, якому з цягам часу было наканавана стаць галоўнай святыняй Мінска, самай велічнай базылікай горада і галоўнай яго высотнай дамінантай, а пазней заняць пачэснае месца сярод каталіцкіх святыняў Беларусі, быў узведзены ў 1710 г. як езуіцкая рэзідэнцыя (гл. калегіум езуітаў ). У 1773 г. Таварыства Езуса было скасаванае, і хаця на той час адзінай тэрыторыяй, дзе езуіцкі ордэн застаўся дзейнічаць, была Расійская імперыя, у свой былы прытулак, калі Мінск адышоў да Расеі, манахам вярнуцца не пашчасціла. Затое сама святыня з моманту заснавання ў 1798 г. Мінскай дыяцэзіі змяняе свой статус і рэкансэкруецца як катэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны. За яго апсідай быў узведзены 3-павярховы будынак духоўнай кансісторыі, у якім таксама жылі ксяндзы-пралаты і канонікі. Пасля, калі кансісторыю перавялі ў комплекс былога францішканскага кляштара, тут размясцілася плябанія.

У вынiку пажару ў 1797 г. інтэр’ер святыні быў значна пашкоджаны, але ўжо да 1800 г. касцёл, дзякуючы намаганням першага біскупа Мінскай дыяцэзіі Якуба Дадэркі, быў не толькі цалкам адноўлены, але і ўзбагаціўся. Святыня таксама рэканструявалася ў 1853-54 гг. пад кіраўніцтвам архітэктара Казіміра Хрышчановіча. Скляпенні, сцены святыні, плоскасці калонаў, аркаў былі цалкам пакрытыя сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі, у асноўным работы Казіміра Анташэўскага. Сцены таксама ўпрыгожвалі палотны і.Аляшкевіча і Ш.Чаховіча. Менавіта пэндзлю апошняга належалі абразы св.Барбары і св.Юзафа ў бакавых алтарах, якія з’явіліся замест знятых амбонаў, што засталіся ад езуіцкіх дыспутаў. Сярод майстроў, чые творы ўпрыгожвалі касцёл, імёны Якуба Бразера, ігнацыя Дарэці, архітэктара Францішка Карава. З высокіх хораў лілася музыка арганаў «на 24 галасы, выдатнай архітэктуры».

У 1869 г. Мінская дыяцэзія была скасаваная і касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны апынуўся ў рангу парафіяльных. Напрыканцы ХіХст. Мінская Марыінская парафія налічвала да 8000 парафіянаў, не лічачы яшчэ каля 5000 вернікаў, якія паслугоўваліся філіяльнымі касцёламі ў Анопалі, Воўчкавічах, на Кальварыйскіх могілках у Мінску, а таксама капліцамі ў Гарадзішчы, Сенніцы, Пятроўшчыне, Шабунях (цяпер Пухавіцкі р-н), Прылуках і дзвюма капліцамі Дабрачыннай супольнасці ў самім Мінску.

У лістападзе 1917 г. дзейнасць Мінскай дыяцэзіі аднавілася, біскупам быў прызначаны кс.Зыгмунт Лазінскі, які яшчэ ў 1905 г. быў пробашчам касцёла імя Найсвяцейшай Марыі Панны. Своеасаблівым сімвалам адраджэння стала з’яўленне над вежай былога калегіума адрэстаўраванага барочнага купала. Але ўжо ў 1920 г. НКУС арыштаваў і выслаў біскупа Лазінскага. У 1934 г. катэдральны касцёл зачынілі.

Падчас вайны касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны нядоўгі час дзейнічаў, але ў 1947 г. катэдру зноў зачынілі. У 1951 г. на будынку разабралі вежы, зліквідавалі ўбранне святыні і ператварылі ў спарткомплекс таварыства «Спартак». і ўжо ў такім выглядзе будынак быў залічаны ў помнікі архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Разам з крахам савецкай сістэмы надышоў канец і вандалізму. Ужо на самым пачатку 1990-х гг. на трэцім паверсе, пад самымі скляпеннямі, сталі праходзіць першыя набажэнствы. 15 снежня 1993 г. будынак касцёла цалкам перадалі вернікам, і 5 лютага 1994 г. чатырохметровы крыж над святыняй абвясціў пра гэта ўсяму гораду. А летам пачаліся складаныя рэстаўрацыйныя работы. Над сталіцай Беларусі зноў ўзнесліся прыгожыя барочныя вежы катэдры. Зноў над горадам паліўся перазвон касцельных званоў як сімвал адраджэння, ачышчэння, надзеі. Званоў як і раней 4: самы вялікі – у гонар Маці Божай Будслаўскай, сярэднія – у гонар Папы Яна Паўла II і Слугi Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, малы – у гонар Сіноду Беларусі. Яны размяшчаюцца па адным ў вежавых ярусах.

21 кастрычніка 1997 г. катэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Марыі Панны быў урачыста рэкансэкраваны. Жывапіс на скляпеннях расчышчаны цалкам пакуль толькі ў прэзбітэрыі, астатняе – толькі фрагментарна. Цікавы таксама і адноўлены прыём у стылі ракако, які збірае шматпрофільны гзымс, што ідзе па перыметры завяршэння сценаў, у складкі, быццам гэта не камень, а лёгкая драпіроўка.

10 снежня 2005 г. адзначалася падзея, якая азнаменавала завяршэнне значнага этапа ў адраджэнні галоўнай каталіцкай святыні Беларусі. Адбылося ўрачыстае асвячэнне узноўленага галоўнага алтара святыні, быў каранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай — дар Слугі Божага Яна Паўла ІІ, а таксама былі асвечаны новыя арганы, пабудаваныя аўстрыйскімі майстрамі.

Паводле кнігі
КАТАЛІЦКІЯ СВЯТЫНІ,
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I
© «Pro Christo» 2005.

 
Аўторак — дваццаты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам: цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае. Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: Дык хто ж можа быць збаўлены? Паглядзеўшы, Езус сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».

 
Святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры
10.08.2010 13:18
9 кастрычніка 2010 г. у Мінску адбылося святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняга Архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9). Дэвіз святкавання — «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»).
 
Панядзелак — дваццаты звычайны тыдзень

«Да Езуса падышоў адзін чалавек і сказаў: Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае? Ён адказаў яму: Чаму пытаешся ў мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі. Той кажа Яму: Якія? Езус адказаў: Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе. Юнак кажа Яму: Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне? Езус кажа яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай бедным, і здабудзеш скарб у нябёсах».

 
XX Звычайная нядзеля, Год С

«Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх».

 
XX Звычайная нядзеля, Год B

«Езус сказаў народу: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету. Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела? Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця».

 
ХХ Звычайная нядзеля, Год А

«Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам. Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».

 
09.08.2010 15:32

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Зварот да народу Божага
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
з нагоды юбілею 300-годдзя кансэкрацыі
сучаснай мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі


З радасцю ўвойдзем у дом Пана
(пар. Пс 122 (121), 1).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

1.    У гэтых словах, якія часта спяваюцца падчас літургіі асвячэння касцёла, выражаецца глыбокая радасць вернага люду, які дачакаўся новай святыні — як дому Пана і месца спаткання чалавека з Богам.
300 гадоў таму, 16 сакавіка 1710 г., біскуп Віленскі Канстанцін Бжастоўскі ўрачыста кансэкраваў езуіцкі касцёл у гонар Імя Езуса, Марыі і св. Барбары ў Мінску. Той марозны, як падаюць гістарычныя даведкі, дзень быў пазначаны цяплом прысутнасці Езуса ў новай святыні.

 
Паведамленне аб прызначэнні папскага пасланца на святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры
09.08.2010 15:08

Вялебнаму Брату Нашаму
Яго Эмінэнцыі Найдастойнейшаму кардыналу Юзафу Томко,
былому Прэфекту Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў

Мінска-Магілёўская касцёльная супольнасць, усёй душою ўдзячная, святкуе трохсотую гадавіну кансэкрацыі сваёй катэдральнай святыні, прысвечанай Найсвяцейшаму Імені Марыі. Умілаваныя пастыры і вернікі гэтай паствы, разважаючы над той падзеяй, рупліва спазнаюць найважнейшыя асновы хрысціянскага шляху, уважліва ўслухоўваюцца ў голас Пана, супольна ў правінцыі паказваюць Ягоны Провід. Вялікай павагі заслугоўваюць душпастырскія пачынанні, перадусім духоўныя практыкаванні, якія гэты партыкулярны Касцёл прапануе сваім вернікам і ўсім людзям добрай волі, каб усе маглі ясна ўбачыць, якім чынам хрысціянская рэлігія спадарожнічае гісторыі гэтага рэгіёна.

 
<< Першая < Папярэдняя 1581 1582 1583 1584 1585 1586 1587 1588 1589 1590 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1587 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.