Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Субота — дзеcяты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта  падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш  ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. І няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога».

 
Пятніца — дзеcяты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім. Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, каб адзін з тваіх членаў загінуў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену».

 
Чацвер — дзеcяты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную».

 
Серада — дзеcяты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным».

 
Аўторак — дзясяты звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям. Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах».

 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

МЫ СТАНОВІМСЯ ТЫМ, ШТО СПАЖЫВАЕМ

Гамілія падчас урачыстасці Божага Цела,
касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха)
на Залатой Горцы
Мінск, 14 чэрвеня 2009 г.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. З гэтага ўзвышэння, якое ўсе мінчане ведаюць як Залатую Горку, пасля святой Імшы вырушыць і пройдзе па вуліцах беларускай сталіцы эўхарыстычная працэсія з нагоды святкавання ўрачыстасці Божага Цела або Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста.

Гэтая ўрачыстасць мае вельмі вялікую і багатую гісторыю, якая распачалася ў сярэдзіне XIII стагоддзя. У 1209 г. сястра законная святая Юліяна дэ Лежэ мела аб’яўленне, падчас якога яна ўбачыла ззяючую поўню. Ёй таксама было абвешчана, што цёмныя плямы на нябеснай суседцы — гэта знак адсутнасці спецыяльнай эўхарыстычнай урачыстасці. З таго часу святая Юліяна стала клапаціцца пра афіцыйнае ўстанаўленне Касцёлам урачыстасці Божага Цела, што і адбылося ў 1264 г.

2. Для чаго неабходна гэтае свята? Ці не дастаткова таго, што ва ўсіх касцёлах свету кожны дзень цэлебруецца велізарная колькасць святых Імшаў?

Перш за ўсё, трэба падкрэсліць, што гэтая ўрачыстасць дае нам магчымасць публічна і супольна выказаць пашану Эўхарыстыі, як сакрамэнту вечнага жыцця. Езус, ідучы вуліцамі нашых гарадоў і вёсак, нібы хоча паглядзець, як мы жывём, жадае заглянуць у нашыя дамы, офісы, школы, універсітэты, фабрыкі, магазіны, стадыёны і г. д. Жадае паглядзець, ці прысутны Ён у нашым жыцці.

Сённяшняе свята — гэта таксама добрая нагода лепш зразумець сакрамэнт Эўхарыстыі і паклапаціцца пра належнае яго ўшанаванне і прыняцце. Бо, як вучыць святы апостал Павел, нягоднае прыняцце гэтага сакрамэнту жыцця можа прынесці супрацьлеглы эфект. Той, хто нягодна есць Цела Хрыста і п’е Ягоную Кроў, той есць і п’е на сваё асуджэнне (пар. 1 Кар 11, 29).

3. Каб лепш зразумець таямніцу Эўхарыстыі, перш за ўсё трэба адказаць сабе на пытанне: для чаго Езус устанавіў гэты сакрамэнт? Хрыстус абяцаў застацца з намі на ўсе часы. Менавіта ў Эўхарыстыі Ён становіцца бачным і эфектыўным знакам Ягонай прысутнасці ў нас, а таксама нашай прысутнасці ў Ім. Сам Езус сказаў: «Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я — у ім» (пар. Ян 6, 56). Езус таксама казаў, што Ён прыйшоў, каб мы мелі жыццё, і мелі яго ва ўсёй паўнаце. Менавіта ў Эўхарыстыі Хрыстус дае нам гэтае жыццё, каб мы маглі жыць ва ўсёй паўнаце як цяпер, так і ў вечнасці: «Калі не будзеце есці Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (пар. Ян 6, 53–54).

4. Габрэі, якіх Езус накарміў, шукалі Яго, бо Ён паабяцаў ім хлеб жыцця вечнага. Кожны жадае жыць як мага даўжэй. Зразумела, што яўрэі прасілі ў Езуса менавіта такі хлеб. Хрыстус жа сказаў ім, што хлеб жыцця вечнага — гэта Ягонае Цела (пар. Ян 6, 51). Яўрэі, мысленне якіх было абмежавана зямнымі катэгорыямі, не маглі прыняць такой прапановы: «Як Ён можа даць нам есці Сваё Цела?» (пар. Ян 6, 52). На гэта Езус адказаў ім: «Цела Маё — сапраўдная ежа, Кроў Мая — сапраўдны напой» (пар. Ян 6, 55). Аднак яўрэі не зразумелі гэтага і аддаліліся ад Эўхарыстыі. Людзі з абмежаваным матэрыялістычным мысленнем не разумеюць сакрамэнтальнай мовы.

5. Падобная праблема існуе і сёння. Калі чалавек набліжаецца да Эўхарыстыі толькі з матэрыялістычным мысленнем, то ён не зможа зразумець гэтага дару Божай любові і атрымаць яе плады. Эўхарыстыя з’яўляецца ежай, але ў той жа час яна якасна адрозніваецца ад той, якую мы набываем у магазінах і спажываем кожны дзень. Самае вялікае адрозненне заключаецца ў словах, якія святы Аўгустын пачуў ад Езуса падчас малітвы: «Ты не пераменіш Мяне ў сябе, нават калі б даў сваё цела на спажыву. Ты будзеш пераменены ў Мяне». Нам добра вядома, што ежа, якую мы спажываем, пераменяецца ў нашае цела і дае яму энергію. Аднак эўхарыстычная ежа перамяняе нас у Хрыста. Гэта значыць, прымаючы Эўхарыстыю, мы становімся тым, што спажываем. Падобна таму як некалькі кропель фарбавальніка змяняюць колер цэлай шклянкі вады, так і эўхарыстычны Езус перамяняе нас у Сябе.

6. Чаму, аднак, многія з нас, прымаючы Эўхарыстыю, не адчуваюць такіх радыкальных змен у сваім жыцці? Можа, наступная выдуманая гісторыя дапаможа нам лепш зразумець гэтую праблему. У часы Халоднай вайны Захад і Савецкі Саюз часта абвінавачвалі адзін аднаго ў розных справах. І вось аднойчы прадстаўнікі Савецкага Саюзу і капіталістычнага Захаду прымалі ўдзел у пэўнай навукова-даследчай экспедыцыі. Вядома, што у нас найбольш распаўсюджаны чорны хлеб. На Захадзе — белы. Чорны смачнейшы, але больш цвёрды, асабліва калі счарсцвее. Белы — не такі смачны, але больш мяккі. Падчас супольнага пасілку прадстаўнік Захаду зламаў зуб, калі еў чорны хлеб. З вялікай пагардай ён назваў чорны хлеб паганым камуністычным хлебам і выкінуў яго. На што пачуў у адказ: гэта не камуністычны хлеб паганы, але гнілыя твае капіталістычныя зубы.

Калі мы не адчуваем перамяняючай моцы Эўхарыстыі, гэта значыць, праблема заключаецца ў нашай скажонай веры, якая, можа, нават гніе. Таму сёння падчас гэтай святой Імшы, а асабліва падчас эўхарыстычнай працэсіі наблізімся да Эўхарыстыі з жывой верай у прысутнасць ў ёй Хрыста, і мы сапраўды адчуем Божую сілу, якая нас перамяняе. Амэн.
 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас асвячэння капліцы мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы
05.06.2010 14:43

5 чэрвеня 2010 г.

З радасцю ўвайду ў дом Пана!

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Гэтыя словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма сёння набіраюць асаблівае значэнне, бо ў мікрараёне Лошыца г. Мінска асвячаецца новая капліца — месца публічнай цэлебрацыі Божага культу. Новыя мікрараёны сталіцы Беларусі растуць, як грыбы пасля дажджу. Іх будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай інфраструктуры. У мікрараёнах запланаваны школы, дамы культуры, спартыўныя аб’екты і г.д. Аднак чалавек — гэта не толькі цела, але яшчэ і душа, для нармальнага развіцця якой патрэбна свая інфраструктура. Ёй і з’яўляюцца дамы малітвы. Таму я з вялікай радасцю прыбыў сюды, каб асвяціць яшчэ адзін такі дом, каб ад сённяшняга дня лошыцкая парафія мела сваё месца малітвы. 

 
Папа абвесціць св. Яна Марыю Віянэя апекуном усіх святароў
04.06.2010 17:33

11 чэрвеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвесціць святога Яна Марыю Віянэя апекуном усіх святароў. Папа здзейсніць гэты акт падчас святой Імшы на заканчэнне Года святарства. Аб гэтым паведаміла Кангрэгацыя па справах Духавенства.

 
Святы Айцец: смерць біскупа Падавезэ не можа быць перашкодай у дыялогу з ісламам
04.06.2010 16:25

«Забойства біскупа Луіджы Падавезэ не мае нічога агульнага і не можа быць прыпісана Турцыі і яе жыхарам, а таксама не павінна кідаць які-небудзь цень на дыялог з ісламам», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас прэс-канферэнцыі па дарозе на Кіпр, 4 чэрвеня 2010 г.

 
Распачаўся візіт Папы на Кіпр
04.06.2010 11:52

4 чэрвеня 2010 г. распачалася трохдзённая паездка Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Кіпр. Самалёт Папы прыбыў у Пафас каля 14-й гадзіны. З 4 па 6 чэрвеня Пантыфік сустрэнецца з каталіцкімі біскупамі Блізкага Усходу, якім уручыць працоўны дакумент (Instrumentum laboris) Спецыяльнага Сіноду Біскупаў для гэтага рэгіёна, з прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы і мясцовымі вернікамі.

 
<< Першая < Папярэдняя 1631 1632 1633 1634 1635 1636 1637 1638 1639 1640 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1633 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.