Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Бэнэдыкт XVI адзначыў важнасць паглыблення паяднання з Армянскай Апостальскай Царквой
28.10.2009 16:02

27 кастрычніка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI павіншаваў Католікоса Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгіна ІІ з 10-годдзем абрання на пасаду Патрыярха Армянскай Царквы. У віншаванні Пантыфік адзначыў важнасць паглыблення паяднання паміж Каталіцкім Касцёлам і Армянскай Апостальскай Царквой.

 
1 лістапада — урачыстасць Усіх Святых: сведчанне аб перамозе Бога над смерцю
27.10.2009 18:50

1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і падчас урачыстай Імшы аддаюць пашану ўсім святым — гэта значыць тым, хто ўжо дасягнуў вечнай хвалы і прабывае з Богам у небе. Ушаноўваючы ўсіх, хто ўжо ўвайшоў у славу нябесную, Касцёл у той жа час скіроўвае на шлях святасці людзей, якія яшчэ знаходзяцца на зямлі.

 
Уся справа ў Вечнасці
27.10.2009 17:37

Многія хрысціяне нярэдка перажываюць вельмі востры канфлікт паміж матэрыяльнымі выклікамі сучаснай штодзённасці і патрабаваннямі веры. Амаль што на кожным кроку прыходзіцца здзяйсняць выбар. На жаль, не заўсёды гэты выбар схіляецца ў бок вучэння Касцёла, што тлумачыцца канкрэтнымі прычынамі.

 
Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў
27.10.2009 12:01

Члены асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў праз дзеянне Духа Святога рэалізуюць харызму святога Францішка Сальскага ў секулярных абставінах свету.

Заснавальнікам асацыяцыі з’яўляецца святы Ян Боско, які запрашаў прадстаўнікоў духавенства і свецкіх садзейнічаць місіі збаўлення моладзі. У 1876 г. Ян Боска вызначыў жыццёвую праграму сваіх паплечнікаў у «Правілах для салезіянаў-супрацоўнікаў», якія пазней атрымалі адабрэнне Касцёла.

Гэтым шляхам могуць ісці каталіцкія вернікі любога культурнага ўзроўню і грамадскага становішча. Салезіяне-супрацоўнікі перажываюць сваё пакліканне ў канкрэтнай штодзённай рэальнасці. Яны дзейнічаюць на карысць Касцёла і грамадства, распаўсюджваючы салезіянскія каштоўнасці ў сваім асяроддзі праз выкарыстанне сродкаў, найбольш адпаведных у канкрэтных умовах.

Натхнёныя салезіянскім духам, салезіяне-супрацоўнікі аказваюць пераважную ўвагу моладзі, асабліва той, якая церпіць нястачу, стала ахвярай эксплуатацыі або насілля, а таксама тым маладым людзям, якія пачынаюць працоўнае жыццё або ў якіх назіраюцца прыкметы спецыфічнага паклікання.

Салезіяне-супрацоўнікі таксама прапагандуюць і абараняюць каштоўнасці сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства і будуюць сваю асабістую сям’ю як «хатні Касцёл», выхоўваючы дзяцей на аснове педагогікі дабрыні, уласцівай папераджальнай сістэме святога Яна Боско.

Салезіяне-супрацоўнікі выхоўваюць у моладзі імкненне да сустрэчы ў веры і сакрамэнтах з Уваскрослым Хрыстом, каб у Ім знайсці сэнс жыцця і ўзрастаць як будучыя мужчыны і жанчыны.

Салезіяне-супрацоўнікі адкрыты для многіх формаў апостальскай дзейнасці: катэхізацыя, хрысціянская адукацыя, супрацоўніцтва ў адукацыйных і выхаваўчых установах, сацыяльнае служэнне ў асяроддзі бедных, дзейнасць у сферы сродкаў сацыяльных камунікацый, супрацоўніцтва ў галіне пастырскіх пакліканняў, місіянерская праца, удзел у экуменічным і міжрэлігійным дыялогу, дзейнасць у сферы міласэрнасці і ў сацыяльных структурах і інш.

Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў прызнана Апостальскай Сталіцай як грамадскае аб’яднанне вернікаў, якое наследуе духоўную спадчыну святога Францішка Сальскага. Асацыяцыя мае статус персанальнай юрыдычнай асобы. Галоўная рэзідэнцыя асацыяцыі знаходзіцца ў Рыме.

PVA — статус асацыяцыі, прыняты Святым Тронам 15 сакавіка 2007 г. і абнародаваны Генеральным настаяцелем Таварыства святога Францішка Сальскага 8 красавіка 2007 г.

Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў дзейнічае ў розных краінах свету, дзе працуюць ксяндзы Таварыства св. Францішка Сальскага. У Беларусі асацыяцыя дзейнічае ў Смаргоні і Мінску.

 
Бэнэдыкт XVI падкрэсліў значэнне традыцыі для правільнай інтэрпрэтацыі Святога Пісання
26.10.2009 18:59

26 кастрычніка 2009 г. падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Папскага біблейскага інстытута Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэсліў вялікае значэнне традыцыі для правільнай інтэрпрэтацыі Святога Пісання. Таксама ў межах сустрэчы абмяркоўвалася роля Бібліі ў тэалогіі і хрысціянскай духоўнасці.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыняцце ў Мальтыйскі Ордэн
25.10.2009 16:56
25 кастрычніка 2009 г., архікатэдра

Ваша Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка, шаноўны член Рады Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Эммануэль Руссо, глыбокапаважаны пасол Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі Паўль Фрыдрых фон Фурхер, паважаныя прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычных місій, браты і сёстры!

Найперш дазвольце мне ад усяго сэрца падзякаваць Суверэннаму Рыцарскаму Мальтыйскаму Ордэну і асабіста яго Уладнаму Князю і Вялікаму Магістру Фра Мэцью Фэсцінгу за аказаную мне павагу — узнагароджанне ордэнам Вялікага Крыжа і прыняцце ў Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн у якасці Манаха Капелана.

Гэтую аказаную мне вялікую пашану я адношу да Касцёла ў Беларусі, які перажыў цяжкія выпрабаванні і цяпер з волі Божай паступова адраджаецца. Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн прымае актыўны ўдзел у гэтым працэсе, аб чым найперш сведчаць ажыццяўляемыя ім гуманітарныя праекты. Вялікі чарговы крок у развіцці адносін паміж Беларуссю і Ордэнам быў здзейснены падчас візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Рым вясной гг. Падчас візіту Прэзідэнт сустрэўся з Вялікім Магістрам Ордэна Фра Мэцью Фэсцінгам. У выніку афіцыйных перамоваў былі падпісаны пагадненні паміж абодвума бакамі аб далейшым развіцці адносінаў.

Быць першым членам Мальтыйскага Ордэна ў сучаснай Беларусі — гэта вялікі гонар, але адначасова і адказнасць. Сёння, становячыся членам вялікай гістарычнай сям’і Мальтыйскага Ордэна, я склаў адпаведную прысягу і прыняў на сябе абавязак жыць паводле яго дэвізу — бараніць і распаўсюджваць веру, а таксама служыць бедным.

Сучасны чалавек перажывае нейкі парадокс — з аднаго боку, дараваная Богам свабода веравызнання, а з іншага — чалавек часта жыве так, як быццам Бога няма, і ў сваім жыцці кіруецца не маральнымі прынцыпамі, а духам секулярнага свету. Таму сапраўды і сёння трэба бараніць веру і распаўсюджваць яе, трэба гэта чыніць разам з іншымі супольнасцямі вернікаў, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з якой у нас вельмі блізкія падыходы да праблемаў сучаснага апанаванага маральным рэлятывізмам свету.

Актуальнасць і патрэбу дапамогі бедным падкрэсліў папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў»), дзе Святы Айцец навучае, што справы дабрачыннасці належаць да прыроды Касцёла і праз харытатыўную працу таксама вядзецца евангелізацыя.

Хачу заверыць Ордэн і ўсіх тут прысутных, што не буду шкадаваць сіл, каб і далей верна служыць Касцёлу ў якасці члена Мальтыйскага Ордэна, бараніць хрысціянскую веру, у духу новай евангелізацыі  і праз дабрачыннасць несці яе няверуючым, індыферэнтным асобам і тым, хто ў патрэбе, развіваць адносіны з іншымі веравызнаннямі, каб сумесна адказваць на выклікі нашага часу, быць сведкам Евангелля, будаваць цывілізацыю любові, умацоўваць адносіны паміж людзьмі розных нацыянальнасцей і культур, будаваць мір і г.д.

Няхай у гэтым дапаможа мне Бог і святыя заступнікі Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна. Няхай Бог благаславіць Беларусь, Мальтыйскі Ордэн і іх супрацоўніцтва.

Дзякую за ўвагу!


 
Гамілія Магістральнага капелана кс. Яна Кош'яра на прыняцце ў Мальтыйскі Ордэн Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
25.10.2009 16:29
Мінская архікатэдра, 25 кастрычніка 2009 г.,

Ваша Эксцэленцыя, дастойны арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш, шаноўныя біскупы Беларусі, Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Філарэт, Вашыя Правасхадзіцельствы прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Беларусі, спадар Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі органаў грамадскай улады Рэспублікі Беларусь і горада Мінска, браты ў святарстве, дарагія браты і сёстры!

Для мяне вялікі гонар звярнуцца да вас са словам на гэтай урачыстай Імшы ў 30-ю нядзелю звычайнага перыяду, падчас якой у наш Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн будзе прыняты Яго Эксцэленцыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Каштоўнасці і прынцыпы, якімі кіруецца Мальтыйскі Ордэн, з’яўляюцца скарбам усяго чалавецтва. Яны знаходзяць канкрэтнае прымяненне ў гуманітарнай і духоўнай місіі, якую Ордэн здзяйсняе ўжо многія стагоддзі ў больш за сотню краінаў ва ўсіх баках свету на карысць людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, без адрознення паводле веравызнання, колеру скуры ці нацыянальнай прыналежнасці. Мальтыйскія рыцары імкнуцца даваць прыклад дзеля заахвочвання ўсіх хрысціянаў і людзей добрай волі: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Менавіта любоў Хрыста нас аб’ядноўвае; менавіта Яго любоў павінна напаўняць наша жыццё і наша гуманітарнае служэнне, робячыся для нас стымулам да аднаўлення вернасці Евангеллю і да ўсё больш велікадушнага прысвячэння сябе дапамозе ўсім патрабуючым. Tuitio Fidei ed obsequium pauperum — абарона веры і пакорнае служэнне бедным — сёння гэтыя словы азначаюць наступнае: дапамагаць найбольш патрабуючым без розгаласу, у цішыні і з адзінаю мэтаю — несці міласэрнасць, дзейнічаць праз рэалізацыю культурных і карытатыўных ініцыятываў, па прыкладзе нашага заснавальніка благаслаўлёнага Герарда і ў адпаведнасці з нашым вызнаннем веры. Служэнне Мальтыйскага Ордэна набыло ўсеагульны характар у часы папы Клімента VII (1523–1534 гг.), які ў 1530 годзе пастанавіў, што Ордэн павінен заўжды займаць нейтральнае становішча ў войнах паміж хрысціянскімі народамі.

Сучасны свет перажывае адзін з парадоксаў, што выклікаюць найбольшую заклапочанасць: сённяшні эканамічны крызіс — гэта толькі надводная вяршыня айсберга, які ўтварыўся ў моры нягод дваццатага стагоддзя. Адзначым, што, з аднаго боку, мы бачым новыя і станоўчыя дасягненні ў сферы эканомікі, навукі і тэхналогіі, але, з другога боку, назіраецца нязменны рост беднасці. Падобнае развіццё падзеяў павінна прымусіць нас задумацца, бо больш чым калі-небудзь нам неабходныя сродкі, з дапамогай якіх можна пераадолець незлічоныя канфлікты паміж рознымі культурнымі, нацыянальнымі і рэлігійнымі пунктамі гледжання. Мы павінны закладваць і развіваць міжнародныя адносіны, заснаваныя на павазе да асобы і на хрысціянскіх прынцыпах суіснавання паміж людзьмі. І сёння мы пасланы дзейнічаць, каб несці падтрымку людзям, асуджаным галадаць на мяжы паміж жыццём і смерцю, а таксама там, дзе разгортваюцца канфлікты. На шчасце, Беларусі гэта не датычыцца.

Сёння нядзеля, якая на лаціне называецца dominica, Dies Domini — дзень Пана, бо гэта дзень змёртвыхпаўстання нашага Пана Езуса Хрыста. Хрыстус уваскрос! Гэтыя словы кожную нядзелю становяцца воклічам надзеі нават у найбольш змрочныя часы нашай гісторыі.

...Аднойчы ў спякотную жнівеньскую нядзелю 1968 г. з цягніка Іркуцк–Масква сышоў малады чалавек. Ён агледзеўся вакол, падышоў да газетнага кіёска і купіў карту Масквы. Хоць гэта можа падацца дзіўным, але і ў той час на адвароце карты былі пазначаны дзеючыя ў горадзе храмы. Малады чалавек знайшоў касцёл святога Людвіка, сеў на метро і паехаў туды. Ён сышоў на станцыі «Лубянка» і праз некалькі хвілін упершыню пераступіў парог аднаго з двух касцёлаў, якія на той час дзейнічалі ў Расіі (другім быў касцёл Маці Божай Лурдскай у Ленінградзе).

Пераступаючы тады парог таго маскоўскага касцёла, малады чалавек яшчэ не ўсведамляў сабе, якую ролю ў ягоным жыцці адыграе гэтая Божая святыня. У касцёле ён убачыў людзей, якія маліліся. Аднак, хоць настаў час святой Імшы, яна не пачыналася. Запытаўшыся ў людзей, чаму не пачынаецца Імша, ён даведаўся, што святар захварэў і трапіў у шпіталь, таму Імшы не будзе. Малады чалавек разгубіўся. Ён тры месяцы правёў у Краснаярску, праходзячы студэнцкую практыку на будове гідраэлектрастанцыі. Гэта значыць, тры месяцы без Імшы, без камуніі, без споведзі. Праўда, ён знайшоў касцёл у Краснаярску, але той быў зачынены. Паехаў у Іркуцк — і там тое самае. Ён думаў, што, можа, у Маскве будзе інакш, але, хоць касцёл і быў адчынены, але Імшы не было. Імшы не было, бо святар быў толькі адзін. Калі ён быў у ад’ездзе або хварэў, не было нікога, хто мог бы цэлебраваць Імшу. Тады малады чалавек паехаў у сваю родную Беларусь, каб знайсці там святара і касцёл. І яму гэта ўдалося. Тым маладым чалавекам быў наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ваша Эксцэленцыя, пяць дзён таму, 20 кастрычніка гг., мінула 20 гадоў з часу Вашага біскупскага пасвячэння як Апостальскага адміністратара ў Мінску. Вы сталі першым біскупам у Беларусі за 60 гадоў. Пазней, пасля 16 гадоў служэння ў Маскве, у Расіі, якое распачалося ў красавіку 1991 г., Вы, Ваша Эксцэленцыя, вярнуліся да свайго народа, які Вас так моцна-моцна любіць.

Палій, які кожны арцыбіскуп носіць у знак сваёй лучнасці з Намеснікам Хрыста, Вы, Ваша Эксцэленцыя, атрымлівалі двойчы. Першы раз — у 2002 г. з рук папы Яна Паўла ІІ як біскуп дыяцэзіі Маці Божай у Маскве, а другі раз — у 2008 г. як пастыр партыкулярнага Мінска-Магілёўскага Касцёла з рук Святога Айца Бэнэдыкта XVI. А сёння, Ваша Эксцэленцыя, наш Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн мае гонар прыняць Вас як першага рыцара з Беларусі ў нашыя шэрагі ў якасці Ганаровага Канвентуальнага Капелана.

Беларусь — гэта вялікая хрысціянская краіна, дзе жывуць католікі і праваслаўныя. Тут ёсць таксама юдэйская супольнасць і іншыя невялікія рэлігійныя групы. Няма сумнення ў тым, што пасля абвешчаных Міхаілам Гарбачовым у 1985 г. «перабудовы» і «галоснасці» і пасля падзення ў 1989 г. Берлінскага муру, што адбылося неўзабаве пасля Вашага біскупскага пасвячэння і на што рашучым чынам паўплываў Слуга Божы Ян Павел ІІ, мы перажываем на абшарах Усходняй Еўропы іншыя часы.

Гэта, безумоўна, справядліва і ў адносінах да Беларусі, якая пасля распаду Савецкага Саюза абвясціла сваю незалежнасць, але важна не толькі гэта. Беларусь стала месцам сустрэчы Усходу і Захаду, зямлёю, дзе дзве вялікія хрысціянскія Цэрквы — Каталіцкая і Праваслаўная — жывуць разам і па-братэрску супрацоўнічаюць у справе абвяшчэння Божага Валадарства, у адпаведнасці з пасланніцтвам, атрыманым ад Сына Божага Езуса Хрыста. Маючы плённую падтрымку з боку беларускай дзяржавы і ўсяго народа, яны разам мужна прымаюць выклікі, што пагрозліва паўстаюць перад Еўропаю і ўсім светам.

Вы, Ваша Эксцэленцыя, нарадзіліся тут, на беларускай зямлі, у Адэльску, у каталіцкай сям’і. Мы з Вамі вельмі добра памятаем, як цяжка было вызнаваць сваю веру ў тыя часы, зрэшты, як і перад гэтым, і пасля таго. Цэлыя тры пакаленні, як тры дні смерці нашага Пана Езуса Хрыста. Зусім мала было адчыненых касцёлаў, не хапала святароў, адсутнічала рэлігійная літаратура, дзецям забаранялі хадзіць у касцёл, вернікам чынілі перашкоды ў атрыманні вышэйшай адукацыі і г. д. Гэта быў час, калі асаблівае значэнне набылі словы Хрыста: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць» (Ян 15, 20).

Але і падчас дзесяцігоддзяў ваяўнічага атэізму заўсёды жыла надзея. Перадусім гэта былі словы, сказаныя Езусам апосталу Пятру: «Ты, Пётр — скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18). Гэтыя асноватворныя словы заўсёды былі, ёсць і будуць гарантыяй таго, што Касцёл Хрыстовы будзе жыць, нягледзячы ні на якія цяжкасці.

У 1917 г. гэтыя словы Хрыста знайшлі яшчэ адно пацвярджэнне ў фацімскім пасланні. Калі Расія апынулася ў самай вялікай небяспецы на працягу сваёй гісторыі, Дзева Марыя заклікала людзей да малітвы і пакаяння. Гэта была ўмова таго, як пазбегнуць небяспекі. Калі будзеце маліцца і каяцца, Расія будзе збаўлена; калі ж не, прыйдзе вялікі пераслед, пра які Панна Марыя распавяла людзям праз сціплых пастушкоў з Фацімы. Гаворачы пра будучыя цяжкасці, Марыя, тым не менш, не пакінула Расію зусім без надзеі. Яна заклікала да пабожнага ўшанавання яе Беззаганнага Сэрца, кажучы, што ўрэшце яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Ваша Эксцэленцыя, мы ўпэўнены, што перажываем гэты час у Беларусі, бо, як сказала сястра Люцыя, у святле фацімскага паслання пад словам «Расія» належыць разумець увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасцяў.

Каб пацвердзіць справядлівасць гэтых маіх словаў, дазволю сабе ўзгадаць пра дзве падзеі з нядаўняй гісторыі Беларусі, а менавіта пра візіт у Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які адбыўся ў мінулым годзе, і пра візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, што праходзіў 27–28 красавіка гг., падчас якога Прэзідэнт наведаў Святога Айца Бэнэдыкта XVI і нашага Вялікага Магістра, Уладнага Князя Яго Найдастойнейшую Высокасць Фра Мэцью Фэсцінга. Разам з Вамі, Ваша Эксцэленцыя, з вамі, Вашы Эксцэленцыі, спадарыні і спадары, браты і сёстры, прысутныя тут, і з усёй Беларуссю я малюся аб тым, каб у Мінск, на гэтую зямлю, дзе сустракаюцца народы і рэлігіі, як найхутчэй прыехаў Намеснік Хрыста, Яго Святасць Бэнэдыкт XVI.

Мальтыйскі Ордэн, які не кіруецца ніякімі палітычнымі мэтамі, па сваёй сутнасці пакліканы развіваць дыялог і сяброўскае супрацоўніцтва паміж усімі народамі і дзяржавамі, а таму заўсёды рабіў, робіць і будзе далей рабіць унёсак у экуменічны дыялог паміж дзвюма Цэрквамі Беларусі. Выразам гэтага сталі таксама афіцыйныя візіты кіраўнікоў гэтых Цэркваў, нанесеныя імі ў Рыме нашаму Вялікаму Магістру. Мне вельмі памятныя як візіт Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які адбыўся 2 красавіка 2008 г., так і візіт Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, што меў месца 18 лютага 2006 г.

Слушна і дарэчы тут будзе паразважаць аб значэнні і каштоўнасці прыналежнасці да Мальтыйскага Ордэна, які з хрысцінства нарадзіўся і жыве хрысціянствам на працягу стагоддзяў, уносячы ў яго моц веры і любові. Больш за тое, такое разважанне будзе вельмі карысным і нават неабходным, каб не зводзіць уступленне ў Ордэн новых членаў толькі да самой цырымоніі, бо ўжо сама па сабе прыналежнасць да Мальтыйскага Ордэна з’яўляецца гонарам і адрозненнем. Вялікі ўнёсак Ордэна і яго высокіх прадстаўнікоў, а менавіта Вялікага Магістра і Суверэннай Рады, а таксама ўсіх рыцараў, у справу мірнага суіснавання народаў ва ўсім свеце, быў адзначаны нават Святым Айцом Бэнэдыктам XVI падчас аўдыенцыі, удзеленай у чэрвені гэтага года Яго Найдастойнейшай Высокасці Уладнаму Князю і Вялікаму Магістру Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Фра Мэцью Фэсцінгу.

Мальтыйскі Ордэн, які адзіны мае такі ж выключны юрыдычны статус, як і Святы Пасад, на міжнароднай арэне з’яўляецца прызнаным суб’ектам права, які падтрымлівае пастаянныя дыпламатычныя зносіны з дзяржавамі. Беларусь, у сваю чаргу, без дадатковых фармальнасцяў прызнае ўсе тытулы прыналежнасці да Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна.

Таму той, хто належыць да Мальтыйскага Ордэна, павінен разумець, што на яго ўскладзены абавязак, які выходзіць далёка па-за межы ганаровасці, набытай у свеце прафесій ці мастацтва. Ён мае перад Касцёлам абавязак пашаны да святых рэчаў і адданасці бедным і прыніжаным. Кожнаму з нас даручана выкананне праграмы, якую найлепш перадае лацінскі выраз нашага дэвізу: Tuitio Fidei ed obsequium pauperum — абарона веры і пакорнае служэнне бедным.

Мальтыйскі Ордэн сваімі каранямі сягае глыбока ў хрысціянскую глебу: ён узнік з мэтаю абароны веры ў тыя часы, калі сэрца хрысціянства, Палестына, знаходзілася пад пагрозаю ператварэння ў чужую зямлю, куды доступ хрысціянам мог быць назаўжды забаронены. І хоць у той час, поўны насілля, меч станавіўся апошнім сродкам абароны, няспынная дапамога пілігрымам і патрабуючым і іх ахова былі выразам вернасці першаму наказу Хрыста, які атаясамліваў сябе з беднымі і прыніжанымі: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Няхай жа абараняе нас святы Ян Хрысціцель, апякун нашага Ордэна, які мучаніцтвам пацвердзіў вернасць сваёй місіі. Няхай дапамагае нам святы Арханёл Міхал, чыё імя перакладаецца Quis ut Deus — «Хто ж, калі не Бог», і які з’яўляецца апекуном і заступнікам Вашай Эксцэленцыі ў Вашым біскупскім служэнні. Няхай добры і міласэрны Бог благаславіць і захавае нас усіх. Хвала Езусу Хрысту! На векі вечныя. Амэн.
 
Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы Мітрапаліт Тадэвуш, вялебныя біскупы Беларусі, Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Філарэт, Вашыя Правасхадзіцельствы члены дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь, спадар Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі органаў грамадзянскай улады Беларусі і горада Мінска, браты ў святарстве, дарагія браты і сёстры, усе прысутныя, цяпер распачынаецца абрад прыняцця.

Ён будзе праведзены Рыцарам Камандорам Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Яго Правасхадзіцельствам Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхерам, Паслом названага Ордэна ў Рэспубліцы Беларусь. Ён здзейсніць гэта ў якасці дэлегата Яго Найдастойнейшай Высокасці Уладнага Князя і Вялікага Магістра Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Фра Мэцью Фэстынга.

Абрад будзе праходзіць на лацінскай мове — старажытнай мове Касцёла і Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна — і будзе складацца з трох частак:

— першая частка: благаслаўленне рэгалій.
— другая частка: урачыстае абяцанне новапрынятага рыцара.
— трэцяя частка: уручэнне рэгалій і Крыжа.

 
Аляксандр Патліс: нам ёсць чаму вучыцца адно ў аднаго (інтэрв'ю Catholic.by)
22.10.2009 13:24

У мінскім касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) 17 кастрычніка 2009 г. адбылася дабрачынная акцыя «Чыстае сэрца». Пра мэты правядзення дадзенага праекта, а таксама пра неабходнасць узаемадзеяння хрысціянскіх канфесій расказаў аўтар акцыі Аляксандр Патліс, вядомы як былы саліст групы «Новы Іерусалім».

 
Аляксандр Патліс: інтэрв'ю Catholic.by у МР3
22.10.2009 13:24

У мінскім касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) 17 кастрычніка 2009 г. адбылася дабрачынная акцыя «Чыстае сэрца». Пра мэты правядзення дадзенага праекта, а таксама пра неабходнасць узаемадзеяння хрысціянскіх канфесій расказаў аўтар акцыі Аляксандр Патліс, вядомы як былы саліст групы «Новы Іерусалім».

 
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ў 20-ю гадавіну біскупскай сакры Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
21.10.2009 12:48

Мінская архікатэдра, 20 кастрычніка 2009 г.

Круглая дата ў біскупскім служэнні Мінска-Магілёўскага арцыпастыра з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб паразважаць над значэннем яго служэння ў супольнасці Касцёла.

Наступнікі Апосталаў (Apostolorum Successores), біскупы, па Божаму пакліканню праз дар Духа Святога, які сыходзіць на іх падчас біскупскіх пасвячэнняў, былі пастаўлены пастырамі Касцёла. Яны атрымалі заданне, каб у іерархічнай супольнасці з наступнікам Пятра і іншымі членамі Калегіі Біскупаў навучаць, асвячаць і кіраваць Касцёлам.

Тытул наступніка Апосталаў закладзены ў аснову пастырскага служэння біскупа і найбольш трапна акрэслівае яго асобу і місію ў Касцёле. Біскуп, як член Калегіі Біскупаў, якая наследуе Калегіі Апосталаў, асабліва цесна злучаны з Езусам Хрыстом, які надалей выбірае і пасылае ў свет сваіх апосталаў. Біскуп, як наступнік Апосталаў, моцай біскупскага пасвячэння і праз лучнасць у іерархічнай камуніі, з’яўляецца бачным вытокам і гарантам еднасці свайго партыкулярнага Касцёла.

У кнізе Апакаліпсіса мы чытаем, што мур новага Іерусаліма мае дванаццаць падмуркаў, на якіх знаходзяцца імёны дванаццаці Апосталаў (пар. Ап 21,14). Канстытуцыя «Lumen gentium» навучае: «Біскупы з Божай пастановы сталі наступнікамі Апосталаў, як пастыры Касцёла. Хто іх слухае, той слухае Хрыста, хто імі пагарджае, пагарджае Хрыстом і тым, хто паслаў Хрыста».

Біскуп як наступнік Апосталаў атрымлівае неабходную ласку і бярэ на сябе адказнасць за апостальскі характар Касцёла. Каб Евангелле было інтэгральным чынам захавана ва ўсёй вітальнай сіле, Апосталы прызначылі сваімі наступнікамі біскупаў, перадаючы ім місію навучання (Саб. Ват. Канст. «Dei Verbum». ККК, 77–79). Таму біскупы закліканы ва ўсе часы захоўваць і пераказваць Святое Пісанне і перадаваць традыцыю, гэта значыць абвяшчаць адзінае Евангелле і нязменную веру, захоўваючы ў поўнай вернасці навучанне Апосталаў. Адначасова яны абавязаны асвятляць святлом Евангелля новыя праблемы, якія прыносіць зменлівы гістарычны кантэкст (змены у галіне культуры, грамадскага і эканамічнага жыцця, у навуцы і тэхналогіі і інш.). Акрамя гэтага, заданнем біскупаў разам з апосталам Пятром і пад яго кіраўніцтвам, у працяг справы, распачатай папярэднікамі ў біскупстве і з місійнай дынамікай, з’яўляецца асвячэнне людзей і вядзенне іх да Бога.

Кожная супольнасць патрабуе духоўнага пастыра. Кожная супольнасць патрабуе таго, хто будзе крочыць наперадзе па незнаёмай дарозе да канца, стане, як гаворыцца ў Святым Пісанні, правадніком для сляпых, святлом для тых, хто знаходзіцца ў цемры. Патрабуе — выкарыстоўваючы біблейскі вобраз — кагосьці, хто будзе для іх як вогненны слуп у начы і як воблака на працягу дня, служачы сваёй мудрасцю цэламу народу. Супольнасць патрабуе таго, хто адзначаецца мудрасцю і разважлівасцю.

Гэтую патрэбу разумеў Майсей, які, просячы Бога аб наступніку, маліўся так: «О Пане, ад якога залежыць жыццё ўсіх істот, вызнач для кіраўніцтва народам мужа, які б ішоў і вяртаўся першым, выводзіў і прыводзіў людзей, каб супольнасць Пана не заставалася, як статак, без пастыра».

Кіраўнік павінен спаўняць пэўныя ўмовы, мець адпаведныя здольнасці, таму што як пастыр і праваднік ён выяўляе ўладу Бога — адзінага, найвышэйшага і сапраўднага Пастыра чалавецтва. Дзякуючы добра выкананым абавязкам важака авечкі не павінны адчуваць якую-небудзь нястачу: Пан — мой Пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы, — чытаем у Святым Пісанні. Пастыр павінен адрозніць тых, якія патрабуюць больш увагі, ад тых, якія патрабуюць яе менш: «Ягняты нясе на сваёй шыі, кормячыя авечкі вядзе лагодна». Павінен быць здольным знайсці загубленых авечак, перавязаць параненых, узмацніць хворых, вартаваць тлустых і моцных (пар. Эзх 34, 14–16). Здольным да справядлівага кіраўніцтва, бо з’яўляецца толькі распарадчыкам, які выступае ад імя Бога.

Падчас святой Імшы мы дзякуем Богу за арцыпастыра, які пасля многіх дзесяцігоддзяў, калі ў Беларусі не было ніводнага біскупа, рупліва павёў статак да Хрыста. Дзякуем і за яго ахвярнае служэнне ў Расіі, а пазней, пасля вяртання, — зноў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Звяртаемся да Бога ў 20-ю гадавіну той памятнай падзеі на плошчы Святога Пятра ў Рыме, калі тагачасны Папа, цяпер Слуга Божы Ян Павел ІІ, удзяліў біскупскае пасвячэнне нашаму сённяшняму арцыпастыру, просячы аб шматлікіх ласках у служэнні партыкулярнаму Мінска-Магілёўскаму Касцёлу, а таксама Касцёлу паўсюднаму, Адзінаму, Святому і Апостальскаму пад кіраўніцтвам Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVI.

 
<< Першая < Папярэдняя 1691 1692 1693 1694 1695 1696 1697 1698 1699 1700 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1698 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.