Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Гісторыя Касцёла ў Беларусі

Х ст. Княгіня Вольга (у хросце Алена; ? - 969) прымае хрост. У 959 г. Вольга, ужо будучы хрысціянкаю, магчыма, лацінскага абраду, звярнулася з просьбаю да германскага караля Атона І высвяціць для яе народу біскупа і святароў. Кароль падпарадкаваў землі палабскіх славянаў уладзе біскупа Адальдага.

Першы памянёны ў летапісах полацкі князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда былі хрысціянамі. Рагнеда пастрыглася ў манаства, прыняўшы імя Анастасіі, і заснавала непадалёку каля Заслаўя жаночы кляштар.

Канец Х - пачатак ХІ ст. Св. Бруна Баніфацый разам з св. Адальбертам-Войцехам прапаведваў паганцам і быў забіты імі ў 1009 г. «на сумежжы Літвы і Русі», г.зн. недзе на захадзе ці паўднёвым захадзе Беларусі. Цела святога пасля ягонай смерці было пахавана «рускім каралём» і над ім паставілі храм.

Паміж 1008 і 1013 гг. Князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (будучага караля) Баляслава Храбрага. Пры біскупе Райнберну ў Тураве было створана біскупства.

1186 г. Заснавана Лівонскае (Рыжскае) біскупства, якое моцна паўплывала на рэлігійную сітуацыю і на суседніх беларускіх землях. Першым біскупам часткі беларускіх і літоўскіх земляў быў прызначаны Хрысціян, катэдра якога, відаць, таксама размяшчалася ў Наваградку. Апостальская Сталіца выдала прывілей на падпарадкаванне новастворанага біскупства непасрэдна папу. Такім чынам, яно атрымала правы арцыбіскупства.

Паміж 1300 і 1316 гг. Заснавана праваслаўная Літоўская мітраполія са сталіцаю ў Наваградку, падпарадкаваная Канстанцінопалю. У ХІV ст. развіццё хрысціянства заходняга абраду на Беларусі запаволілася, але не спынілася цалкам.

Вялікія князі Альгерд і Кейстут, якія кіравалі разам (1345-1377), таксама не чынілі перашкодаў каталіцтву. Адзін з сыноў Кейстута прыняў каталіцтва. Да таго ж часу паданне адносіць прыбыццё ў Вільню вялікай колькасці францішканскіх манахаў і мучаніцкую смерць 14 з іх.

Канец ХІV ст. Адбыўся падзел улады паміж Вітаўтам і Ягайлам. У 1385 г. быў заключаны палітычны саюз Польшчы і ВКЛ - Крэўская унія. Ён прадугледжваў шлюб Ягайлы з польскай каралеўнай і каранаванне яго каралём Польшчы. Узамен Ягайла абяцаў прыняць хрост паводле лацінскага абраду і ахрысціць паганцаў у ВКЛ. У 1386 г. ён ахрысціўся пад імем Уладзіслаў і быў каранаваны, паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (Ягелонаў). Пры Вітаўту і Ягайлу ў сённяшніх межах Беларусі было збудавана каля 20 касцёлаў. Вітаўт у 1386 г. дабіўся ад Апостальскай Сталіцы ўзнаўлення прывілею, дадзенага Міндоўгу, - на непасрэднае падпарадкаванне Каталіцкага Касцёла ВКЛ Рыму.

ХV ст. Адбываўся далейшы якасны і колькасны рост Каталіцкага Касцёла ў Літве-Беларусі. Напрыканцы стагоддзя налічвалася ўжо каля 150 парафій. Пашыралася колькасць кляштараў.

ХVІ ст. З 20-х гадоў ў Вялікае Княства Літоўскае пачало пранікаць пратэстанцтва, якое да сярэдзіны стагоддзя ўмацавала свае пазіцыі. У 1569 г. ВКЛ і Польшча заключылі Люблінскую унію. Да змагання з пратэстантызмам далучыліся езуіты і пачалі засноўваць свае калегіумы. Езуіты заснавалі два універсітэцкія цэнтры - Віленскую (1579-1773) і Полацкую (1812-1820) езуіцкія акадэміі. У 1596 г. у Берасці была абвешчана царкоўная унія, да якой далучылася большасць праваслаўнага насельніцтва Літвы-Беларусі.

Пачатак ХVІІ ст. Пачалося актыўнае будаўніцтва цэркваў і манастыроў. Стагоддзе адзначылася мучаніцкай смерцю ў Віцебску Язафата Кунцэвіча (1623 г.), якога потым кананізавалі. У 1720 г. былі пастаўленыя асобныя каталіцкія біскупы для ўсходняй Беларусі - у Магілёве, Мсціслаўлі і Оршы. Каля 80 % насельніцтва дзяржавы былі уніятамі, а яшчэ каля 15 % - каталікамі. На землях Беларусі было каля 240 рыма-каталіцкіх парафіяў, да якіх належала каля 430 000 вернікаў. У 1773 г. Кацярына ІІ без згоды Апостальскай Сталіцы стварыла Беларускую дыяцэзію. У выніку доўгіх перамоваў у 1783 г. было ўтворана Магілёўскае арцыбіскупства, якому падпарадкоўваліся каталіцкія дыяцэзіі і каталікі ўсёй Расійскай імперыі. У 1798 г. узнікла Мінская дыяцэзія.

ХІХ ст. Нацыянальны і рэлігійны ўціск беларусаў з боку Расійскай імперыі. Гвалтоўнае далучэнне да Расіі пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. пацягнула за сабою закрыццё ў перыяд з 1830 да 1870 г. амаль усіх каталіцкіх кляштараў і навучальных установаў. У 1839 г. была ліквідавана унія. Пачаўся прымусовы перавод насельніцтва ў праваслаўе. Пачаўся перыяд жорсткага, больш чым 200-гадовага нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Разам з народам цярпеў пераслед і Каталіцкі Касцёл. У 1869 г. была ліквідавана Мінская дыяцэзія: яе тэрыторыю прыядналі спачатку да Віленскай, а ў 1883 г. да Магілёўскай дыяцэзіі. Царскі ўрад усяляк перашкаджаў рэлігійнаму жыццю каталікоў.

Пасля рэвалюцыі 1905 г. адбылося пэўнае ажыўленне ў дзейнасці каталіцкага Касцёла на Беларусі, былі адроджаны асобныя парафіі. У 1917 г. Мінская дыяцэзія аднавілася. Але з 20-х гадоў у сувязі са зменай рэлігійнай палітыкі савецкіх уладаў і падзелам Беларусі (Рыжская дамова 1921 г.) дзейнасць і Магілёўскага арцыбіскупства, і Мінскага біскупства была амаль цалкам паралізаваная. У 1923 г. быў асуджаны і рэпрэсаваны арцыбіскуп Я.Цепляк. У 1926-1936 гг. функцыі галавы Магілёўскага арцыбіскупства выконваў П.Э.Невё. У 1921 г. быў арыштаваны і змушаны выехаць мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі, які затым узначаліў новаствораную Пінскую дыяцэзію. Хваля рэпрэсіяў супраць каталіцкага Касцёла і духавенства дасягнула ў БССР эпагею ў 1939 г., калі былі зачыненыя амаль усе храмы, а ў дзесяці фармальна не зачыненых не было ніводнага святара. Была фізічна знішчана вялікая колькасць святароў.

У час Другой сусветнай вайны ў акупаванай немцамі Беларусі адбылося частковае адраджэнне каталіцкага Касцёла, але адразу ж пасля вайны рэпрэсіі распачаліся з новаю сілаю. Пасля смерці Сталіна пераслед католікаў крыху аслаб, аднак не спыніўся. І ўсё ж у гэтых цяжкіх умовах пакрысе аднаўлялася рэлігійнае жыццё.

25 ліпеня 1989 г. Апостальская Сталіца менавала біскупам Тадэвуша Кандрусевіча і прызначыла яго Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі. У Гродне адчынілася Вышэйшая духоўная семінарыя.

13 красавіка 1991 г. Апостальскай Сталіцай біскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны арцыбіскупам, Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі з сядзібаю ў Маскве. У гэты ж дзень менаваны два біскупы: Казімір Свёнтэк, які быў прызначаны Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскім Адміністратарам адноўленай Пінскай дыяцэзіі, і Аляксандр Кашкевіч, які быў прызначаны ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі.

5 ліпеня 1992 г. Створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, дзякуючы якой падрыхтаваны да выдання асноўныя літургічныя тэксты і шэраг іншых матэрыялаў.

18 мая 1994 г. Апостальская Сталіца прызначыла Апостальскага нунцыя для католікаў Беларусі арцыбіскупа Агостыно Маркетто, а 26 лістапада менавала Казіміра Свёнтка кардыналам.

15 красавіка 1996 г. Апостальскім нунцыем для Беларусі быў прызначаны арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі.

1994 г. Пачалі выдавацца каталіцкія часопісы «Дыялог» (Пінская дыяцэзія) і «Ave Maria» (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У 1995 г. выйшлі першыя нумары квартальніка «Наша вера» і штомесячнага інфармацыйнага бюлетэня «Каталіцкія навіны».

1998-1999 гг. Апостальскай Сталіцаю былі менаваныя дапаможныя біскупы для Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

29 верасня 1998 г. У Гродзенскай катэдры адбылася кансэкрацыя дапаможнага біскупа Антонія Дзям'янкі.

24 чэрвеня 1999 г. у Пінску быў кансэкраван біскуп Казімір Велікаселец, а 4 снежня таго ж года ў Мінскім архікатэдральным касцёле прыняў біскупскае пасвячэнне Кірыл Клімовіч.

Створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Зацвердзіў Канферэнцыю папа Ян Павел ІІ падчас аўдыенцыі 28 лістапада 1998 г., выслухаўшы меркаванні Дзяржаўнага Сакратарыяту і Кангрэгацыі па справах Біскупаў. 6 мая 1999 г. рэспубліканскае рэлігійнае аб'яднанне «Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі» было зарэгістравана Дзяржаўным камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь. Першае пасяджэнне ККББ адбылося 11 лютага 1999 г. Старшынёй Канферэнцыі абраны кардынал Казімір Свёнтэк.

30 верасня 2000 г. Завяршыў сваю працу Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій - першы Сінод за ўсе пасляваенныя гады, які працягваўся чатыры гады. Сінод выпрацаваў Статуты Касцёла па ўсіх галоўных накірунках яго дзейнасці.

Павялічваецца колькасць парафій і вернікаў, рэстаўруюцца і будуюцца новыя касцёлы. Беларуская мова паступова становіцца моваю рэлігійнага жыцця католікаў.

21 жніўня 2004 г. кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму прадстаўлены выдаўцамі выдадзены на беларускай мове «Рымскі Імшал», які з’яўляецца асноўнай літургічнай кнігай для цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. З гэтай нагоды ў спецыяльным лісце ад 27 кастрычніка Святы Айцец Ян Павел ІІ выказаў Яго Эмінэнцыі кардыналу падзяку. Гэта першае ў гісторыі выданне зацверджанага “Рымскага Імшала” па-беларуску і першае выданне трэцяй яго рэдакцыі на нацыянальнай мове.

15 верасня 2004 г. Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Беларусі вялебнага монсіньёра Марціна Відавіча (Martin Vidovic), афіцыяла Дзяржаўнага сакратарыяту, адначасова ўзвёўшы яго на тытулярны пасад Ноны ў годнасці арцыбіскупа. 21 студзеня новапрызначаны нунцый прыбыў у Мінск.

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI у г. Брэшыя (Італія).

23 і 24 кастрычніка 2004 г. па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка ў Беларусі знаходзіўся з візітам кардынал Альфонсо Лопес Трухільё, Старшыня Папскай Рады па пытаннях сям’і.

14 снежня 2004 г. Папа Ян Павел II прызначыў дапаможным біскупам для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям'янку, тытулярнага біскупа Лесві, вызваліўшы яго ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

2 красавіка 2005 г. у Рыме ў 21:37 еўрапейскага часу адыйшоў да вечнасці Папа Ян Павел ІІ. Падчас святой Імшы за супакой душы Папы перад 130 тысячамі вернікаў і шматлікімі прадстаўнікамі ўладаў кардынал Садано назваў Яна Паўла ІІ «вялікім», як называюць толькі святых пантыфікаў. Раніцою 8 красавіка адбылася пахавальная святая Імша і апоўдні труну з целам Яна Паўла ІІ 8 красавіка паклалі ў крыпту базылікі св. Пятра, у якой да 2000 г. знаходзілася грабніца Яна ХХІІІ, перанесеная ў базыліку пасля яго беатыфікацыі. Згодна з апошняй воляй, выказанай у тэстамэнце, Ян Павел ІІ спачыў у зямлі, без саркафага. Служэнне Папы Яна Паўла ІІ, якое працягвалася больш за 26 гадоў, стала ў Каталіцкім Касцёле самым працяглым пантыфікатам XX стагоддзя і трэцім па працягласці ў гісторыі Касцёла. Гэты пантыфікат быў адначасова найбольш плённым і ў іншых аспектах (напрыклад, па колькасці папскіх замежных пілігрымак — 104 і наведаных падчас іх краінаў — 129). Было апублікавана 14 Папскіх Энцыклік. Падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ было праведзена 148 беатыфікацыйных працэсаў і 51 кананізацыйны працэс (абвешчана 1343 благаславёных і 482 святых). Ён быў першым за апошнія 455 гадоў наступнікам св. Пятра не італьянскага паходжання і першым Папам-славянінам.

19 красавіка 2005 г. па выніках чацвёртага тура галасавання 115-ці кардыналаў, сабраных на канклаў у Сіксцінскай капліцы кардынал Ёзаф Ратцынгер быў абраны новым, 265-м па ліку Папам, прыняўшы імя Бэнэдыкта XVI. 24 красавіка адбылася інаўгарацыя новага Пантыфіка.

10 снежня 2005 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося асвячэнне рэканструяванага алтара і новых арганаў, а таксама каранацыя абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай, асвячанага Слугой Божым Янам Паўлам ІІ і падараванага ім нашаму касцёлу. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк разам з усімі беларускімі біскупамі, прадстаўніком епіскапату Аўстрыі і шматлікімі святарамі з розных дыяцэзій Беларусі. Гэтая падзея азнаменавала завяршэнне значнага этапа ў адраджэнні галоўнай каталіцкай святыні Беларусі.

14 чэрвеня 2006 г. прэс-служба Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў адрачэнне ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.

Разам з тым, Святы Айцец прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку, тытулярнага біскупа Лесвійскага і дапаможнага Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis названай Мітрапалітальнай сталіцы.

Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу на пенсіі, даручана надалей выконваць абавязкі Пінскага Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis.

Таксама 14 чэрвеня 2006 г., завяршаючы ХХІХ Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кардынал Казімір Свёнтэк папрасіў вызваліць яго ад пасады Старшыні названай Канферэнцыі ў сувязі з тым, што ён ужо не з’яўляецца дыяцэзіяльным біскупам (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 376).

На Пленарным пасяджэнні пасада Старшыні была сёння даверана Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу, біскупу Гродзенскаму, які да гэтага часу з’яўляўся Намеснікам Старшыні. На згаданым Пасяджэнні пасада Намесніка Старшыні была даверана Яго Эксцэленцыі Уладзіславу Бліну, біскупу Віцебскаму.

5 ліпеня 2006 г. быў вернуты вернікам будынак найстарэйшай (з ХІУ ст.) у Мінску каталіцкай святыні – касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. адбылася гістарычная падзея, якой мінскія каталікі чакалі пятнаццаць гадоў.

14-16 чэрвеня 2007 г. у Мінску прайшла 35-я сустрэча Генеральных сакратароў канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы, тэма якой «Міграцыя — выклік для Еўропы». Яе ўдзельнікі таксама мелі магчымасць сустрэцца з праваслаўным Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам, цэлебравалі святыя Імшы ў розных парафіях Мінска і змаглі бліжэй пазнаёміцца з жыццём вернікаў і станам Касцёла ў Беларусі.

21 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва кафедрай Маці Божай у Маскве і менаваў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Падчас урачыстага інгрэсу — цырымоніі кананічнага ўступлення на пасаду арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, якое адбылося 10 лістапада 2007 г. у мінскім архікатэдральным касцёле пры ўдзеле вялікай колькасці духавенства і вернікаў, быў зачытаны Апостальскі Ліст аб прызначэнні яго эксцэленцыі арцыбіскупа на гэтую пасаду і абвешчаныя першыя дэкрэты новапрызначанага мітрапаліта. Адным з якіх біскуп Антоній Дзям’янка быў прызначаны на Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

1 сакавіка 2008 г. з нагоды VI Еўрапейскага дня студэнтаў універсітэтаў а 18-й гадзіне ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску быў усталяваны малітоўны тэлемост, які ўпершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі злучыў паміж сабою Мінск і Апостальскую Сталіцу. Тэлемост праводзіцца штогод падчас Вялікага посту, каб у ружанцовай малітве з’яднаць са Святым Айцом моладзь з розных куткоў свету. Дэвізам тэлемосту сталі словы «Еўропа і Амерыкі разам для пабудовы цывілізацыі любові».

29 мая 2008 г. уручыў даверчыя граматы Святому Айцу Бэнэдыкту XVI і ўступіў на пасаду новапрызначаны надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік. Падчас гэтай цырымоніі пантыфік адзначыў важную ролю Беларусі ў паяднанні Еўропы і экуменічным працэсе.

18-22 чэрвеня 2008 г. адбыўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Падчас яго былі наладжаныя вельмі важныя сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, шэрагам прадстаўнікоў дзяржаўнага апарату, дзе падымаліся важныя пытанні узаемаадносінаў Касцёла і дзяржавы, будаўніцтва новых святыняў, суіснавання хрысціянскіх канфесіяў у нашай краіне, дыпламатычных стасункаў. Была дасягнутая дамоўленасць аб падрыхтоўцы Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь. Апрача таго, праз Дзяржаўнага сакратара Папы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь перадаў Яго Святасці Бэнэдыкту ХУІ запрашэнне наведаць Беларусь. Яго Эмінэнцыя кардынал Тарчызіо Бэртонэ сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе прачытаў лекцыю на тэму «Вера і розум: як гаварыць пра Бога сучаснаму чалавеку», наведаў і цэлебраваў святыя Імшы ў каталіцкіх святынях Пінска і Гродна, і ўрачыстую Літургію ў Мінскім архікатэдральным касцёле, асвяціў вугольны камень касцёла ў Серабранцы. Візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI быў з вялікім энтузіязмам успрыняты беларускімі вернікамі. «Папа вас любіць і моліцца за вас» -- гэтыя словы, сказаныя Яго Эмінэнцыяй на сустрэчы з моладдзю пасля цырымоніі асвячэння вуглавога каменя, выказваюць сутнасць духовай повязі Апостальскай сталіцы з мясцовым Касцёлам і вернікамі.

29 чэрвеня  2008 г. ў свята святых апосталаў Пятра і Паўла на знак лучнасці са Святым Айцом Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў у базыліцы святога Пятра ў Рыме з рук Бэнэдыкта XVI палій — элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнаю воўнаю крыжамі; на канцах — з абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Насіць палій мае права Святы Айцец (падчас кожнай Літургіі), а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла (толькі на вялікія святы). Папа Бэнэдыкт XVI узначаліў урачыстую Літургію ў бызыліцы святога Пятра, якую канцэлебравалі разам з ім новапрызначаныя мітрапаліты. Ва ўрачыстасці прыняў удзел Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей І. Святы Айцец прамовіў разам з духоўным лідэрам сусветнага праваслаўя ўрачыстую гамілію. Абодва іерархі таксама прамовілі разам Вызнанне веры і ўдзялілі благаслаўленне.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія атрымала 7 рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, беатыфікацыя якога адбылася 28 верасня 2008 г. у Беластоку (Польшча). Рэліквіі былі перададзены ў тыя парафіі архідыяцэзіі, з якімі было звязана жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага: мінская архікатэдра, магілёўская архікатэдра, парафія ў Забрэззі, парафія святога Юзафа ў Валожыне, парафія ў Лебедзеве, парафія ў Барысаве, парафія ў Бабруйску.

У лютым 2009 г. выйшаў першы пераклад на беларускую мову Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ па ініцыятыве і падтрымцы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

27 красавіка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.

4–5 ліпеня 2009 г. у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Тракельскай. Папскія кароны на цудоўны абраз былі ўскладзены кардыналам Казімірам Свёнткам.

4 жніўня 2009 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены прайшла першая агульнабеларуская сустрэча святароў.

22 жніўня 2009 г. у Браславе (Віцебская дыяцэзія) арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.

10 кастрычніка 2009 г. — кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску, першай за амаль 125 гадоў рыма-каталіцкай святыні ў гэтым горадзе. Цырымонію кансэкрацыі ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

21 кастрычніка 2009 г. кардынал Казімір Свёнтэк, адзін з найстарэйшых іерархаў у свеце, адзначыў 95-годдзе.

25 кастрычніка 2009 г. — Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняты ў шэрагі Мальтыйскага Ордэна.

8–10 лістапада 2009 г. Беларусь па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, наведаў з візітам кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У межах візіту ватыканскі іерарх асвяціў новыя стацыі ў мінскай архікатэдры, прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу, і сустрэўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

11–17 снежня 2009 г. — трэці візіт аd limina біскупаў з Беларусі ў Апостальскую Сталіцу. Аўдыенцыю беларускім іерархам Святы Айцец удзяліў 17 снежня.

15 ліпеня 2010 г. Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі зацвердзіла Ratio institutionis sacerdotalis pro Bielorussia — першы дакумент Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які вызначае прынцыпы святарскай фармацыі ў нашай краіне.

Паводле артыкула

Алесь ЖЛУТКА.
ПУНКЦІРЫ ВЯЛІКАГА ШЛЯХУ
Спроба кароткага падсумавання гісторыі каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Часопіс НАША ВЕРА №1 (14) 2001

і архіва навінаў сайта Сatholic.by

 
«Ave Maria»

Штомесячны рэлігійны часопіс

Матэрыялы, прысвечаныя жыццю Каталіцкага Касцёла на Беларусі, навіны з усіх дыяцэзій і замежжа, артыкулы пра галоўныя каталіцкія святы, разважанні пра пытанні веры, інтэрв'ю са святарамі, аповеды пра цікавых людзей.

Заснавальнік – Мінска-Магілёўская архідыяцызія.
Адрас рэдакцыі: пл. Свабоды 9, 220030 г. Мінск,
Тэл./факс: +375 17 2931750;
E-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .
Сайт: http://ave-maria.by/
 
Навучальныя ўстановы

Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага, г. Пінск

вул. Леніна, 16, 225710 г. Пінск
тэл. +375 25 604 41 86, тэл/факс: +375 16 565 41 45
e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
сайт: http://seminaryja.by/

aaa

Вышэйшая духоўная семiнарыя, г. Гродна

вул. Парыжскай Камуны, 1, 230025 г. Гродна
тэл. +375 (0152) 770234
факс +375 (0152) 771353
e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
сайт: wsd.grodnensis.by

aaa Мінскі тэалагічны каледж iмя святога Яна Хрысціцеля

вул. Рэвалюцыйная, 1а, к.4, 220030 г. Мінск
тэл.: +375 17 203 68 44; + 375 29 616 08 72
Факс: +375 17 2269092
e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

aaa Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага, г. Баранавічы

вул. Т. Шаўчэнкі, 6, 225411 г. Баранавічы
Тэл. +375 (0163) 57 93 14
Тэл.\Факс: +375 (0163) 57 93 07

e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
сайт: catcollege.by

 
Дыяцэзіі
Пінская дыяцэзія Гродненская  дыяцэзія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Віцебская  дыяцэзія

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі: статыстычныя даныя на 1 сакавіка 2009 г.

У Беларусі налічваецца 619 парафій, аб’яднаных у 4 дыяцэзіі. У 1991 г. была заснавана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, а таксама Пінская і Гродзенская дыяцэзіі, у 1999 г. — Віцебская дыяцэзія.

Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ўзначальвае Мітрапаліт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (з 21 верасня 2007 г.), Пінскую дыяцэзію — біскуп Антоні Дзям'янка (з 16 чэрвеня 2012 г.), Гродзенскую — біскуп Аляксандр Кашкевіч (з 20 чэрвеня 1991 г.), Віцебскую — біскуп Алег Буткевіч (з 18 студзеня 2014 г.). У красавіку 1999 г. Святы Пасад стварыў Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Старшынёй Канферэнцыі да чэрвеня 2006 г. з’яўляўся кардынал Казімір Свёнтэк, на сёння — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У краіне дзейнічаюць 9 рыма-каталіцкіх місій і 9 манаскіх супольнасцяў.

Абшчыны Рыма-каталіцкага Касцёла маюць 451 святыню, яшчэ 35 знаходзяцца на стадыі будаўніцтва. У 2008 г. завершана будаўніцтва 2 новых касцёлаў. У парафіях Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі працуюць 407 святароў, з якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). У 2008 г. святарскія пасвячэнні атрымалі 18 новапрэзбітэраў.

У Беларусі налічваецца 1 402 605 чалавек каталіцкага веравызнання. У прыватнасці, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія — 610 490, Пінская дыяцэзія — 50 115, Гродзенская дыяцэзія — 591 000, Віцебская дыяцэзія — 151 000.

З 1990 г. працуе Вышэйшая духоўная семінарыя Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла, якая падрыхтавала і выпусціла 168 святароў. З 2001 г. працуе Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Фамы Аквінскага ў Пінску, якая ў 2007–2008 г. выпусціла 12 святароў.

Рыма-каталіцкі Касцёл здзяйсняе шырокую выдавецкую дзейнасць. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія выдае часопісы «Наша вера», «Ave Maria», інфармацыйны бюлетэнь «Каталіцкія навіны», у Пінскай дыяцэзіі выдаецца часопіс «Дыялог». У Гродне выходзіць дыяцэзіяльная газета «Слова жыцця» на беларускай, рускай і польскай мовах.

Функцыянуе каталіцкае выдавецтва «Про Хрыста», якое выдае рэлігійную літаратуру на беларускай мове. Беларускае радыё па нядзелях транслюе набажэнствы на беларускай мове з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, рэспубліканскае тэлебачанне паказвае святочныя набажэнствы на Божае Нараджэнне і Вялікдзень з касцёлаў краіны, у шэрагу выпадкаў забяспечваецца ўключэнне прамой трансляцыі фрагментаў святочных набажэнстваў з Ватыкана.

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі прыняў удзел у правядзенні 1 сакавіка 2008 г. тэлемосту, прысвечанага VI Еўрапейскаму дню студэнта, з удзелам папы Бэнэдыкта XVI і моладзі з 14 краінаў свету.

Рыма-каталіцкі Касцёл актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю. У Гомелі створаны прытулак на 50 чалавек, які абслугоўваецца сёстрамі міласэрнасці ордэна Маці Тэрэзы. Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ва ўсіх дыяцэзіях дзейнічаюць філіялы дабрачыннай арганізацыі «Карытас», якія аказваюць значную дабрачынную дапамогу патрабуючым.

Дабрачынныя арганізацыі Рыма-каталіцкага Касцёла актыўна супрацоўнічаюць з установамі сацыяльнай аховы насельніцтва.

Традыцыйным стала правядзенне штогадовага міжканфесійнага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве. У Віцебскай вобласці з 2005 г. пры падтрымцы мясцовых уладаў праводзіцца міжнародны кінафестываль «Магніфікат».

У чэрвені 2008 г. адбыўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які быў прыняты Главою дзяржавы. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні і перспектывы развіцця Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Рыма-каталіцкі Касцёл падтрымлівае канструктыўныя адносіны з Беларускай Праваслаўнай Царквой і іншымі канфесіямі і рэлігійнымі накірункамі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 26 лютага 2009 г. быў абраны намеснікам старшыні Кансультатыўнай міжканфесійнай рады пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў. Рада заклікана спрыяць далейшаму развіццю міжканфесійнага дыялога ў нашай краіне, актывізацыі ўзаемадзеяння дзяржавы і рэлігійных арганізацый у рашэнні сацыяльна важных пытанняў.

 
Яго Святасць Бэнэдыкт XVI
 

Агульныя звесткі

З першых дзён супольнасць вучняў Езуса ўзначальвалі дванаццаць Апосталаў, публічна выбраных Езусам. З самага пачатку Дванаццаць вырашылі раздзяліць сваё апостальскае служэнне з іншымі (пар. Дз 6, 1–6). Тут назіраецца ўжо пэўная структура. У Першым пасланні да Карынцянаў Павел кажа пра тых, каго «Бог паставіў у Касцёле найперш Апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы» (пар. 1 Кар 12, 28).

Сёння Рыма-каталіцкі Касцёл — адзіная рэлігійная супольнасць свету, якая з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права, прызнаным дзяржаўнымі і міжнароднымі арганізацыямі, і гарантаваным згодна з нормамі міжнароднага права. Ніводная іншая канфесія ці рэлігійная арганізацыя не валодае падобным статусам.

Міжнароднае права вылучае тры структуры: Каталіцкі Касцёл, Апостальская Сталіца і Горад Ватыкан. Латэранскі трактат, падпісаны 11 лютага 1929 г., канчаткова вырашыў так званае «рымскае пытанне», пацвердзіўшы поўны суверэнітэт Апостальскай Сталіцы, і прызнаў тэрыторыю Горада Ватыкана ў якасці тэрытарыяльнай гарантыі духоўнай незалежнасці.

Тэрміны «Святы Пасад» або «Апостальская Сталіца» азначаюць сукупнасць улады, юрысдыкцыі і суверэнітэту, якімі надзелены Папа, што ўзначальвае Рыма-каталіцкі Касцёл і Горад Ватыкан. Выконваючы функцыю «цэнтральнага ўрада» Каталіцкага Касцёла, Апостальская Сталіца можа заключаць міжнародныя пагадненні і ажыццяўляць актыўныя і пасіўныя дыпламатычныя правы. У больш шырокім сэнсе пад Апостальскай Сталіцай разумеюць Рымскага Пантыфіка і ўстановы Рымскай Курыі.

Такім чынам, Апостальская Сталіца ўяўляе сабой вышэйшую іерархічную ўладу Рыма-каталіцкага Касцёла і Горада Ватыкана. Папа ажыццяўляе ўладу Апостальскай Сталіцы праз пасрэдніцтва Рымскай Курыі і разгалінаванага апарату кіраўніцтва.

Структура Каталіцкага Касцёла

--Яго Святасць Францішак

Біскуп Рыма
Намеснік Езуса Хрыста
Наступнік святога апостала Пятра
Найвышэйшы Пантыфік Паўсюднага Касцёла
Прымас Італіі
Арцыбіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі
Суверэн Горада-Дзяржавы Ватыкан
Слуга Слугаў Божых
Хорхе Марыа Берголіа

Нарадзіўся ў 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) у сям'і італьянскага эмігранта — работніка чыгункі. Належыць да Ордэна езуітаў, у які ўступіў 11 сакавіка 1958 г. У 2005–2008 гг. узначальваў епіскапат Аргенціны. Да абрання — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса і Прымас Аргенціны. Член Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Духавенства, Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па справах сям'і.
--

Рымская Курыя

Гл. тут Рымская курыя

-- Калегія Кардыналаў

Кардыналы (лац. cardinalis —  галоўны, асноўны) з 1150 г. утвараюць Калегію Кардыналаў з Дэканам, які з’яўляецца Біскупам Осціі, і Камерленгам — распарадчыкам маёмасці. З 1059 г. кардыналы сталі выключнымі выбаршчыкамі Папы. У 1586 г. колькасць кардыналаў была даведзена папам Сікстам V да 70-ці і замацавана канстытуцыяй «Postquam verus» ад 3 снежня 1586 г.: 6 кардыналаў-біскупаў; 50 кардыналаў-прэзбітэраў, 14 кардыналаў-дыяканаў. На Кансісторыі 15 снежня 1958 г. благаслаўлёны Ян XXIII адступіў ад колькасці кардыналаў, замацаванай Сікстам V.

Павел VI у motu proprio «Ad Purpuratorum Patrum» ад 11 лютага 1965 г. уключыў у Калегію Кардыналаў Усходніх Патрыярхаў, а ў motu proprio «Ingravescentem aetatem» ад 21 лістапада 1970 г. адзначыў, што кардыналы, якія дасягнулі 80 гадоў: а) перастаюць быць членамі дыкастэрыяў Рымскай Курыі і ўсіх пастаянных органаў Апостальскай Сталіцы і Горада-Дзяржавы Ватыкан; б) страчваюць права абіраць Рымскага Пантыфіка і ў сувязі з гэтым — права прысутнічаць на канклаве. На Кансісторыі 5 лістапада 1973 г. Павел VI зацвердзіў максімальную колькасць кардыналаў, якія маюць права абіраць Рымскага Пантыфіка. Гэтая колькасць не павінна перавышаць 120 асобаў.

Кардыналы размеркаваны па трох ступенях — біскупскай, прэзбітэрскай і дыяканскай — і свабодна абіраюцца Папам з ліку духоўных асобаў, якія прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне. Узначальвае Калегію Кардыналаў Дэкан. Калегіяльнай дзейнасцю кардыналы дапамагаюць Найвышэйшаму Пастыру Касцёла ў звычайных і надзвычайных Кансісторыях. Па дасягненні 75-ці гадоў кардыналам, якія ўзначальваюць дыкастэрыі і іншыя ўстановы Рымскай Курыі і Горада-Дзяржавы Ватыкан, прапануецца падаць прашэнне аб адстаўцы Рымскаму Пантыфіку. Калі Святы Пасад аказваецца вакантным, Калегія Кардыналаў карыстаецца ў Касцёле толькі той уладай, якою яна надзелена па асобым законе.
--Патрыярхаты

Тытул патрыярха ў Каталіцкім Касцёле, акрамя ганаровай прэрагатывы, не заключае ў сабе ніякай улады кіравання. Рымскі Біскуп па традыцыі меў тытул «Патрыярх Захаду», аднак на справе званне не мела юрыдычнага і тэалагічнага абгрунтавання. Папа Бэнэдыкт XVI у 2006 г. адмовіўся ад выкарыстання гэтага тытулу, каб тым самым развеяць памылковае ўяўленне, нібы Апостальская Сталіца — гэта выключна Касцёл Захаду без сувязі з усходняй традыцыяй. Такім чынам падкрэсліваецца, што служэнне Рымскага Біскупа прызначана для ўсёй хрысціянскай супольнасці і заклікана забяспечваць адзінства Паўсюднага Касцёла.

-- Вярхоўныя арцыбіскупствы

Галоўныя арцыбіскупы, як і патрыярхі, з’яўляюцца кіраўнікамі Усходніх Касцёлаў. Яны маюць практычна ўсе правы патрыярхаў, за выключэннем тытула Патрыярха. На сённяшні дзень існуюць чатыры вярхоўных арцыбіскупствы: Кіева-Галіцкае (Украіна), Эрнакулам-Ангамалі (сіра-малабарскае, Індыя), Трывандрум (сіра-маланкарскае, Індыя) і Фагараш і Альба Юлія (Румынія). Некаторыя з іх імкнуцца набыць статус Патрыярхата, аднак Апостальская Сталіца пакуль не задавальняе гэтыя прашэнні, бо не лічыць абставіны, у якіх тыя знаходзяцца, дастатковымі для атрымання такога статусу.
--Архідыяцэзіі і дыяцэзіі

Аб’яднанні дыяцэзій у касцёльныя правінцыі (мітраполіі) пачынаецца ў II ст. на Усходзе, а з IV–V стст. уводзіцца таксама і на Захадзе. Гэтыя мітраполіі, у большай ці меншай ступені адпавядаюць дзяржаўным правінцыям. Біскуп мітраполіі (мітрапаліт) быў старшынёй на сходах біскупаў, зацвярджаў новых біскупаў, выбраных духавенствам і народам. З VI ст. мітрапаліта называюць таксама арцыбіскупам — ганаровым тытулам, які раней выкарыстоўваўся толькі ў адносінах да патрыярхаў і экзархаў.

Адменная дэталь адзення мітрапаліта — палій, які на Усходзе выкарыстоўваецца ўсімі біскупамі, а на Захадзе з VI ст. — толькі Папам, які ў тыя часы дараваў яго некаторым біскупам за асаблівыя заслугі. Павел VI у motu proprio «Inter eximia episcopalis» ад 11 мая 1978 г. вызначыў, што атрыманне палія замацавана выключна за мітрапалітам, лацінскім патрыярхам Іерусаліма і тытулярным кардыналам прыгараднага Касцёла Осціі, які з’яўляецца Дэканам Калегіі Кардыналаў. Пры гэтым былі скасаваны ўсе прывілегіі, дадзеныя арцыбіскупам і біскупам лацінскага і ўсходняга абрадаў.

Біскупы ў сваіх дыяцэзіях з’яўляюцца звычайнымі настаўнікамі каталіцкай веры, заканадаўцамі і суддзямі першай інстанцыі, пастырамі вернікаў, аднак у той жа час залежаць ад Папы. Некаторыя дыяцэзіі падпарадкаваны непасрэдна Апостальскай Сталіцы, іншыя — належаць да розных касцёльных правінцый.
--Тытулярныя кафедры

Прызначэнне тытулярных біскупаў і арцыбіскупаў уваходзіць у кампетэнцыю Апостальскай Сталіцы. Іх тытул «Episcopus in partibus infidelium» («Біскуп у краінах няверуючых») быў зменены папам Львом XIII на цяперашні — «тытулярны біскуп» (апостальскае пасланне «In Suprema» ад 10 чэрвеня 1882 г.). яны не маюць ніякай юрысдыкцыі ў адносінах да свайго тытулярнага Касцёла (папа Грыгорый XV, Дэкрэт «Inscrutabilis» ад 5 лютага 1622 г.; Кодэкс Кананічнага Права 1917 г., кан. 348 §1), але валодаюць прывілеямі, якія вынікаюць з біскупскага пасвячэння.

-- Тэрытарыяльныя прэлатуры

Тэрытарыяльныя прэлатуры — гэта тэрыторыі з духавенствам і народам, якія не належаць ні да якой дыяцэзіі. У мінулым стагоддзі па пастырскіх ініцыятывах на тэрыторыях, якія не адносяцца да місій і пазбаўлены дастатковай колькасці касцёльных структур, у якасці часовага рашэння ствараліся тэрытарыяльныя прэлатуры, якія ў дадзеным выпадку разглядаліся як дыяцэзіі на стадыі фарміравання. Іх стварэнне замацавана за Апостальскай Сталіцай (Кангрэгацыяй па справах Біскупаў). Прэлаты прызначаюцца непасрэдна Найвышэйшым Пантыфікам, пры гэтым захоўваюцца асобыя правы абрання.
--Тэрытарыяльныя абацтвы

На сённяшні дзень тэрытарыяльныя абацтвы — гэта тэрыторыі з духавенствам і народам, якія не ўваходзяць ні ў якія дыяцэзіі, на якіх абат здзяйсняе сваю юрысдыкцыю, падобную да юрысдыкцыі дыяцэзіяльнага біскупа. Павел VI у motu proprio «Catholica Ecclesia» ад 23 кастрычніка 1976 г. пастанавіў, каб тэрытарыяльныя абацтвы не зацвярджаліся, калі для гэтага няма надзвычайных прычынаў.

Абаты прызначаюцца Найвышэйшым Пантыфікам. Абаты, якія звычайна не атрымліваюць біскупскае пасвячэнне, роўныя ў правах з дыяцэзіяльным біскупам.

-- Апостальскія экзархаты і ардынарыяты ўсходняга абраду

Апостальскія экзархаты ўяўляюць сабой касцёльныя акругі, якімі кіруе экзарх і якія зацверджаны на тэрыторыях, не падпарадкаваных патрыярху або галоўнаму арцыбіскупу, дзе яшчэ не арганізавана касцёльная іерархія Усходняга Касцёла «sui iuris». Апостальскі экзарх заўсёды прызначаецца Апостальскай Сталіцай і здзяйсняе юрысдыкцыю ад імя Рымскага Пантыфіка.

Ардынарыяты — гэта геаграфічныя касцёльныя структуры, заснаваныя для ўсходніх каталіцкіх супольнасцяў, якія не маюць уласнай іерархіі ў дадзенай мясцовасці. Ардынарыят узначальвае прэлат з тытулам «Ардынарый», прызначаны Апостальскай Сталіцай, з юрысдыкцыяй над усходнімі католікамі, якія не маюць свайго біскупа. Падставай стварэння інстытуту ардынарыятаў стала апостальскае пасланне «Officium supremi Apostolatus» ад 15 ліпеня 1912 г.

Апостальскія экзархаты і ардынарыяты падпарадкоўваюцца Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў.

-- Вайсковыя ардынарыяты

Вайсковыя ардынарыяты зацвярджаюцца з мэтай духоўнай апекі вернікаў, якія нясуць вайсковую службу, або тых, чыя дзейнасць цесна звязана з Узброенымі сіламі. Кіруюцца гэтыя касцёльныя акругі вайсковымі ардынарыямі, якія звычайна з’яўляюцца біскупамі. Вайсковыя ардынарыяты арганізаваны на аснове нормаў апостальскай канстытуцыі «Spirituali militum curae», апублікаванай 21 красавіка 1986 г., а таксама на аснове асобых нормаў, змешчаных у Статутах кожнага ардынарыята, зацверджаных Апостальскай Сталіцай.
--Персанальныя прэлатуры

Персанальныя прэлатуры — гэта юрысдыкцыйныя структуры, не абмежаваныя асобнай тэрыторыяй, якія маюць за мэту клопат пра адэкватнае размеркаванне прэзбітэраў або здзяйсненне асобых пастырскіх і місіянерскіх ініцыятываў у розных рэгіёнах або сацыяльных групах.

Апостальская канстытуцыя «Regimini Ecclesiae Universae» (п. 49 §1) ад 15 жніўня 1967 г., а потым і апостальская канстытуцыя «Pastor Bonus» (ст. 80) ад 28 чэрвеня 1988 г. аднеслі персанальныя прэлатуры да ведання Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Юрыдычныя нормы адносна персанальных прэлатур, якія дзейнічаюць сёння, змешчаны ў канонах 294–297 Кодэкса Кананічнага Права. Зацверджанне персанальных прэлатур і статутаў уваходзіць у кампетэнцыю Апостальскай Сталіцы. Загадзя выслухоўваюцца меркаванні зацікаўленых Канферэнцый Біскупаў. У Статутах павінны быць вызначаны ўзаемаадносіны прэлатуры з ардынарыем таго мясцовага Касцёла, на тэрыторыі якога прэлатура са згоды дыяцэзіяльнага біскупа здзяйсняе сваю пастырскую і апостальскую службу.

-- Апостальскія вікарыяты

Апостальскі вікарыят — гэта касцёльная акруга, якой кіруе апостальскі вікарый і якая заснавана на місіянерскай тэрыторыі, дзе яшчэ не цалкам сфарміравана касцёльная іерархія. Ад апостальскага вікарыя, які здзяйсняе кіраванне ад імя Найвышэйшага Пантыфіка на даручанай яму тэрыторыі, залежаць усе місіі, г. зн. місіянерскія пункты, якія вядуць сваю дзейнасць на гэтай тэрыторыі. Апостальскі вікарый звычайна з’яўляецца і тытулярным біскупам.
--Апостальскія прэфектуры

Апостальскія прэфектуры — гэта касцёльныя акругі, аналагічныя апостальскім вікарыятам, якімі кіруе апостальскі прэфект. Ад вікарыятаў яны адрозніваюцца тым, што ўяўляюць сабой першы крок у арганізацыі касцёльнай іерархіі на пэўнай тэрыторыі, у той час як апостальскія вікарыяты звычайна зацвярджаюцца на больш позняй стадыі.

-- Апостальскія адміністратуры

Апостальская адміністратура — гэта пэўная частка Божага народу, якая па асобых, надзвычай важных прычынах не зацвярджаецца Найвышэйшым Пантыфікам у якасці дыяцэзіі і пастырская апека аб якой даручаецца апостальскаму адміністратару, які ажыццяўляе кіраванне ад імя Найвышэйшага Пантыфіка.
--Місіі «sui iuris»

Місіямі «sui iuris» («уласнага права») называюцца тэрыторыі місій, што не ўваходзяць у пэўны вікарыят або апостальскую прэфектуру. Яны кіруюцца пробашчам, ад якога залежаць місіянерскія пункты і супрацоўнікі місіі на гэтай тэрыторыі. Інстытут місій «sui iuris» быў створаны дэкрэтам «Excelsum» ад 12 снежня 1896 г.

-- Сінод Біскупаў

Сінод Біскупаў быў створаны Паўлам VI 15 верасня 1965 г. праз motu proprio «Apostolica sollicitudo».

8 снежня 1966 г. быў абвешчаны «Парадак правядзення Сіноду Біскупаў» («Ordo Synodi Episcoporum celebrandae»), а 20 жніўня 1971 г. — «Парадак правядзення Сіноду Біскупаў, перагледжаны і дапоўнены» («Ordo Synodi Episcoporum celebrandae recognitus et auctus»).

Сінод Біскупаў — гэта група біскупаў, абраных з розных рэгіёнаў свету, якія ва ўстаноўлены тэрмін сустракаюцца, каб садзейнічаць цеснаму яднанню Рымскага Пантыфіка і біскупаў, а таксама з мэтай дапамогі Папе Рымскаму ў справе захавання і памнажэння веры і добрых традыцый, падтрымлівання і ўмацавання касцёльнай дысцыпліны, разгляду пытанняў, якія датычаць дзейнасці Касцёла ў свеце.

Задача Сіноду Біскупаў — абмяркоўваць вынесеныя на разгляд пытанні і пастановы, але не вырашаць іх.
На І Генеральную асамблею Сінод Біскупаў сабраўся з 29 верасня па 29 кастрычніка 1967 г.
23 сакавіка 1970 г. Павел VI прыняў рашэнне аб стварэнні Савета Генеральнага Сакратарыята Сіноду Біскупаў, які складаецца з 15 членаў (12 абіраюцца Сінадальнай Асамблеяй, 3 прызначаюцца непасрэдна Святым Айцом). Іх паўнамоцтвы дзейнічаюць на працягу часу, які аддзяляе адну Генеральную асамблею ад наступнай.
 
Рымская курыя

Рымская Курыя (ад лат., іт. — Curia Romana) — галоўны адміністрацыйны орган Апостальскай Сталіцы. Асобныя ведамствы Рымскай Курыі ад імя і ўладаю Папы Рымскага адказваюць на пытанні, разглядаюць прапановы, апеляцыі, скаргі, просьбы, накіраваныя ў адрас Апостальскай Сталіцы, выносяць распараджэнні, рашэнні або загады, выступаюць з разнастайнымі прапановамі і г. д.

Курыя складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, які ў сваю чаргу падзяляецца на два аддзелы (1-ы аддзел— агульных спраў, 2-і аддзел— па адносінах з дзяржавамі), 9 Кангрэгацый, 3 Трыбуналаў, 12 Папскіх радаў, 4 Папскіх камісіі. Акрамя гэтага, ёсць таксама Сінод Біскупаў, Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы і іншыя гістарычна сфарміраваныя ўстановы.

Дзяржаўны Сакратарыят накіроўвае і каардынуе дзейнасць Курыі. Пасада Дзяржаўнага сакратара, які з’яўляецца галоўнай асобай пасля Папы, суадносная з пасадай прэм’ер-міністра ў іерархіі свецкай улады.

Сярод структурных падраздзяленняў Курыі найбольш важнымі з’яўляюцца Кангрэгацыя Веравучэння, Кангрэгацыя па справах Духавенства, якая кіруе прызначэннем біскупаў па ўсім свеце, Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў, якая каардынуе ўсю місіянерскую дзейнасць, а таксама Папская рада справядлівасці і спакою. (Поўны пералік кангрэгацый, радаў,і камісій і г.д.  глядзі ніжэй)

Прэфектура па эканамічных пытаннях каардынуе бюджэт структурных установаў Апостальскай Сталіцы і кіруе «Спадчынай Апостальскай Сталіцы» — інвестыцыйным фондам, створаным на аснове Латэранскіх пагадненняў. Камісія з 15 кардыналаў, падначаленая Дзяржаўнаму сакратару, кантралюе ўсе фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы, у тым ліку дзейнасць «Інстытута па справах рэлігіі» — банка Ватыкана.

У XX ст. Рымская Курыя рэфармавалася тройчы. Першы раз — пасля абвяшчэння апостальскай канстытуцыі Пія X «Sapienti consilio» ў 1908 г., якая без зменаў была пацверджана «Кодэксам Кананічнага Права» 1917 г. У канстытуцыі размяжоўваліся тры катэгорыі ведамстваў: кангрэгацыі, трыбуналы і кіраўніцтвы. У пастанаўленні «Christus Dominus» ІІ Ватыканскага Сабору было выказана пажаданне, каб яны былі рэарганізаваны і атрымалі характар інтэрнацыянальных, г. зн. уключалі ў свой склад некаторых біскупаў мясцовых касцёлаў і свецкіх прадстаўнікоў з ліку веруючых. Гэтыя рэкамендацыі выканаў Павел VI, які агучыў 15 жніўня 1967 г. апостальскую канстытуцыю «Regimini Ecclesiae universae». Апошняя рэформа, распачатая Паўлам VI, была завершана апостальскай канстытуцыяй Яна Паўла II «Pastor bonus» ад 28 чэрвеня 1988 г. Згодна з артыкулам 38, кожнае ведамства курыі абавязана было распрацаваць асобны статут або спецыяльныя нарматывы і прадставіць іх для публічнага азнаямлення. Канстытуцыю дапоўнілі два motu proprio — «Iusti iudicis» ад 28 чэрвеня 1988 г. (аб курыяльных адвакатах) і «Nil primo anniversario» ад 1 студзеня 1989 г. (аб установах кіравання справамі Апостальскай Сталіцы і яе статусе, а таксама аб агульным уставе Курыі, які быў адобраны Папам 4 лютага 1992 г.).

Структура Рымскай Курыі

  • Дзяржаўны Сакратарыят
  • Кангрэгацыі
  • Кангрэгацыя Веравучэння
  • Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў
  • Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
  • Кангрэгацыя па справах Кананізацыі
  • Кангрэгацыя па справах Біскупаў
  • Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў
  • Кангрэгацыя па справах Духавенства
  • Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця
  • Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі (па справах навучальных установаў)
  • Трыбуналы
  • Апостальская Пэнітэнцыярыя
  • Найвышэйшы Трыбунал Апостальскай Сігнатуры
  • Трыбунал Рымскай Роты
  • Папскія рады
  • Папская рада па справах свецкіх
  • Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству
  • Папская рада па справах сям’і
  • Папская рада «Iustitia et Pax»
  • Папская рада «Cor Unum»
  • Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў
  • Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя
  • Папская рада (па інтэрпрэтацыі) заканадаўчых тэкстаў
  • Папская рада па міжрэлігійным дыялогу
  • Папская рада па культуры
  • Папская рада па сродках масавай камунікацыі
  • Папская рада па новай евангелізацыі
  • Папскія службы
  • Апостальская палата
  • Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы
  • Прэфектура эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы
  • Іншыя ўстановы Рымскай Курыі
  • Прэфектура папскага дому
  • Служба папскіх літургічных цэлебрацый
  • Прэс-служба Апостальскай Сталіцы
  • Цэнтральная статыстычная служба
  • Папскія камісіі
  • Папская камісія па культурнай спадчыне Касцёла
  • Папская камісія па сакральнай археалогіі
  • Папская біблійная камісія
  • Папская камісія «Ecclesia Dei»
  • Іншыя камісіі і камітэты
  • Міжнародная тэалагічная камісія
  • Камісія па справах Лацінскай Амерыкі
  • Папскі камітэт па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах
  • Папскі камітэт гістарычных навук
  • Дысцыплінарная камісія Рымскай Курыі
  • Швейцарская гвардыя
  • Установы пры Апостальскай Сталіцы
  • Ватыканскі сакрэтны архіў
  • Ватыканская Апостальская Бібліятэка
  • Ватыканская тыпаграфія
  • L’osservatore Romano
  • Выдавецтва «Libreria Editrice Vaticana»
  • Ватыканскае радыё
  • Ватыканскае тэлебачанне
  • Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы

 

 
Святы Айцец даручыў апецы Маці Божай жыхароў Кітая
02.06.2008 20:44
Сэрца Езуса — гэта сімвал веры, які з’яўляецца простай і сапраўднай праявай «добрай навіны» любові, які злучае таямніцы Уцелаўлення і Адкуплення. 1 чэверня 2008 г. падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў Рыме Бэнэдыкт XVI даручыў апецы Маці Божай жыхароў Кітая і М’янмы, якія перажываюць трагічныя вынікі стыхійных бедстваў.
 
Бэнэдыкт XVI пра культ Сэрца Езуса
02.06.2008 20:22
Паводле традыцыі чэрвень з’яўляецца месяцам, прысвечаным Сэрцу Езуса — сімвалу хрысціянскай веры, асабліва дарагому як вернікам, так містыкам і тэолагам. Пра гэта Бэнэдыкт XVІ нагадаў 1 чэрвеня 2008 г. падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Святы Айцец падкрэсліў, што праз ушанаванне Сэрца Езуса аб'яўляецца «добрая навіна» любові, якая заключае ў сабе таямніцу Уцелаўлення і Адкуплення.
 
Святыя Марцэлін і Пётр, мучанікі
02.06.2008 16:55
Святыя Марцэлін і Пётр, мучанікіМарцэлін і Пётр жылі ў канцы ІІІ — пачатку IV ст. Марцэлін быў святаром, а Пётр меў першую з чатырох ніжэйшых ступеняў пасвячэння і быў экзарцыстам. Хутчэй за ўсё, абодва прынялі мучаніцкую смерць у Рыме каля 304 г. падчас пераследу хрысціянаў, разгорнутага імператарам Дыяклетыянам. Паводле падання, незадоўга да смерці Пётр аздаравіў апантаную дачку ахоўніка вязніцы і ахрысціў усю яго сям’ю.
 
<< Першая < Папярэдняя 1861 1862 1863 1864 1865 1866 1867 1868 1869 1870 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1861 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.