Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Скрутак Торы будзе ўнесены ў гомельскую сінагогу ўпершыню за 90 год
Беларусь
16.10.2009 17:39

18 кастрычніка 2009 г., як паведаміла інфармацыйнае агенцтва «БелТА», у гомельскую сінагогу ўпершыню за апошнія 90 год унясуць скрутак Торы, створаны больш за 200 год таму.

Скрутак Торы будзе прывезены з Масквы (Расія). Настолькі масавае святочнае шэсце ў Гомелі адбудзецца ўпершыню з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. У цырымоніі прымуць удзел габрэі — жыхары горада. Плануецца, разам з імі на свяце будуць прысутнічаць прадстаўнікі адміністрацый горада і вобласці, аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Сярод гасцей — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Ізраіля ў Беларусі, прадстаўнікі ізраільскага пасольства і інш. Шэсце будуць суправаджаць конныя вершнікі з паходняй і аркестр.

Паводле рэлігійных звычаяў і традыцый габрэйскага народа, Тора — стрыжань светабудовы, аснова жыцця габрэйскай супольнасці. Гэта закон, які ўсталёўвае для чалавека нормы паводзінаў, вызначае яго ўчынкі і характар адносінаў паміж людзьмі, накіроўвае думкі да мэты здзяйснення задумы ўсяго стварэння. Скрутак з тэкстам торы выкарыстоўваецца галоўным чынам для чытання ў сінагозе і з’яўляецца самым святым прадметам габрэйскага рэлігійнага культу. Звычайна ён захоўваецца ў спецыяльнай шафе, змешчанай у сінагозе на цэнтральным месцы.

Гомельскую супольнасць юдэяў наведваюць каля 200 чалавек. Разам з тым Гомель — адзіны абласны цэнтр у Беларусі, дзе яшчэ няма будынку сінагогі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.