Святы Айцец удзяліў аўдыенцыю беларускім іерархам |
Канферэнцыя Біскупаў |
17.12.2009 19:43 |
Шосты і апошні дзень візіту аd limina беларускіх каталіцкіх біскупаў у Апостальскую Сталіцу, 17 снежня 2009 г., распачаўся супольнай святой Імшой каля магілы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, якую ўзначаліў Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк. Падчас Імшы іерархі маліліся ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі папы Яна Паўла ІІ. Затым Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў прыватныя аўдыенцыі біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну і Апостальскаму Візітатару для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыту Сяргею Гаеку. Пасля адбылася агульная аўдыенцыя для ўсіх біскупаў, падчас якой іерархі запрасілі Папу ў Беларусь. Старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да Пантыфіка, прадставіў сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і праблемы яго жыцця. Святы Айцец звярнуўся да іерархаў з пасланнем, якое стане падмуркам пастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне на найбліжэйшы час. У пасланні Папа заклікаў няспынна абвяшчаць Евангелле, узмацняць еднасць усяго Касцёла, развіваць катэхізацыю і клапаціцца аб новых пакліканнях. Адзначалася таксама важнасць грунтоўнай падрыхтоўкі святароў, супрацоўніцтва з брацкай Праваслаўнай Царквой дзеля агульнага дабра вернікаў і пошуку належных адказаў на выклікі нашага часу. Пасля аўдыенцыі з Бэнэдыктам XVI біскуп Уладзіслаў Блін сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ. У цэлым трэці візіт аd limina беларускіх біскупаў да Апостальскіх парогаў даў іерархам нашай краіны магчымасць перажыць адзінства з наступнікам Пятра і Святым Пасадам і яшчэ мацней адчуць паўсюдны характар Каталіцкага Касцёла. Гэты візіт дапамог Апостальскай Сталіцы бліжэй пазнаць жыццё і праблемы Касцёла ў Беларусі. Біскупы, якія прымалі ўдзел у візіце, мелі магчымасць атрымаць адказы на актуальныя пытанні або намеціць шляхі да вырашэння існуючых праблем, тым самым акрэсліўшы агульны шлях развіцця Касцёла ў будучыні. |
Фотарэпартаж |