Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых цікавых падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень
Беларусь
05.10.2015 17:22

Энцыкліка Папы на беларускай мове, моўная хвілінка з кс. Юрыем Барком, Нацыянальная пілігрымка беларусаў вачыма журналістаў-замежнікаў і іншыя падзеі Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень.

rУ добры шлях з Богам: біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў студэнтаў-католікаў на новы навучальны год


Асвячэнне заліковак каталіцкай студэнцкай моладзі і пастырскае благаслаўленне ад дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага адбылося ў мінскай архікатэдры 1 кастрычніка.

Іерарх адзначыў важнасць адукацыі і прывёў прыклад святой Тэрэзы з Лізьё.

«Благаславі сабраную тут моладзь, якая прынесла гэтыя залікоўкі і вучэбныя прылады, каб з іх дапамогай яны спасцігалі праўду, дабро і прыгажосць у створаным Табой свеце», — маліўся біскуп падчас благаслаўлення. 

 

Новая энцыкліка Папы на беларускай мове
Новая энцыкліка Папы Францішка «Laudato Si’», прысвечаная клопату пра бацькоўскі дом, пабачыла свет у выдавецтве Pro Christo.

Энцыкліка, натхнёная словамі гімна святога Францішка Асізскага «Будзь праслаўлены, Пане», прысвечана праблемам экалогіі, крызісу тэхнічнага развіцця і антрапацэнтрызму і заклікае да перагляду многіх перакананняў сучаснага грамадства.

Пераклад быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

 

59 гадоў святарства адзначыў кс. прэлат Юзаф Трубовіч
Адзін з найстарэйшых святароў Гродзенскай дыяцэзіі кс. прэлат Юзаф Трубовіч адзначыў 59-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння. Святар нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1926 годзе.



Святаром юнак хацеў стаць ужо ў 12-гадовым узросце. Паводле яго слоў, аднойчы падчас сакрамэнту канфірмацыі ў парафіі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі спытаў у міністрантаў, хто з іх хоча стаць святаром. Ксёндз Юзаф сёння прыгадвае, што ў той момант пасаромеўся падняць руку, пасля чаго моцна перажываў, бо вельмі хацеў стаць святаром.



Чэслаў Жук – чалавек, які 25 гадоў шые сутаны
«Шчасліва знасіць, а потым новую пашыць», – з усмешкай жадае ўсім сваім пакупнікам кравец Чэслаў Жук, які апошнія 25 гадоў займаецца тым, што шые сутаны для святароў. Сёння кравец супрацоўнічае з майстэрняй SACRIS VESTIBUS, якая спецыялізуецца на вытворчасці сутан.



Паводле слоў майстра, выраб адной сутаны займае 25 гадзін бесперапыннай працы. Важным этапам з'яўляецца таксама фарміраванне складак. Знешне іх не бачна, але яны ёсць і іх памер у разгорнутым выглядзе дасягае амаль поўнага росту чалавека, для якога шыецца сутана.



Беларускія католікі змогуць прачытаць пра маці 18 дзяцей
Кнігу 49-гадовай Розы Пік з Іспаніі пад назвай «Як атрымліваць асалоду ад сям'і з 1, 2, 3... дзецьмі» рыхтуюць для выдання на беларускай мове. Твор ужо перакладзены на сем моваў свету. Аўтар кнігі падарыла аўтарскія правы на кнігу і падтрымала ідэю яе перакладу на беларускую мову без прэтэнзіі на ганарар.

«Пан Бог мае свае планы. Ніхто не можа вырашаць пытанне — колькі муж і жонка павінны ці не павінны мець дзяцей. Гэта вырашаецца толькі паміж мужам і жонкай», — адзначае Роза. Зараз у сям'і Розы і Хасэ-Марыі Пасціга 15 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 22 гадоў. Сям’я лічыцца адной з самых вялікіх у Еўропе. Роза нарадзіла 18 дзяцей, але трое з іх памерлі.

Сродкі на пераклад і выданне кнігі ўжо збіраюцца. Кожны можа скласці свае ахвяраванні ў гомельскай рыма-каталіцкай парафіі або звязацца з рэдакцыяй сайтa katolik-gomel.by праз сацсеткі.


Часовыя манаскія абяцанні склалі чатыры палатынцы
Сяргей Білдзіс SAC, Павел Дрэмо SAC, Руслан Пецкялюн SAC і Павел Зайцаў SAC у ліку 23 навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны) у Аўжатаве аднавілі часовыя манаскія абяцанні.

Манаскія абяцанні ў супольнасці палатынаў уключаюць у сябе шэсць пунктаў: чыстасць, убоства, паслухмянасць, дух службы, вытрымку і супольную маёмасць. Часовыя абяцанні — гэта адказ на пакліканне, якім Бог адорвае чалавека, каб для Яго жыць і аддаваць сябе ў братэрскай супольнасці на службу людзям і свету.



«Сямейны Ружанец»: новы праект Сatholic.by, прысвечаны разважанням на ружанцы
Разважанні, падрыхтаваныя святарамі і кансэкраванымі асобамі ў новым праекце Сatholic.by, асабліва будуць карысныя святарам падчас ружанцовай малітвы ў касцёлах і капліцах Беларусі, а таксама сем'ям для малітвы дома.

Разважанні на кожны дзень тыдня выкладзены на сайце, а таксама дасяжныя ў фармаце word.



«Ніколі не забудуся, што на мове ндэбеле слова "айцец" гучыць як "баба"»
Адзін з кіраўнікоў праекта piligrymka.by кс. Юрый Барок у інтэрв’ю для Сatholic.by закрануў і моўную тэму, прыгадаўшы місійную працу ў Зімбабвэ і тое, як вучыў мясцовую мову ндэбеле.



«Я працаваў у розных краінах і заўсёды імкнуўся вучыць тую мову, дзе я быў. Будучы ў Зімбабвэ на місіях, стараўся вывучыць прынамсі нейкія выразы на мове ндэбеле. Ніколі не забудуся, што на мове ндэбеле слова «айцец» гучыць як «баба». І вось да мяне так і звярталіся: баба Юрый (смяецца – заўв. аўт.). Спачатку вельмі рэзала слых (усміхаецца – заўв.аўт.)».



Унікальны абраз Маці Божай знайшлі на Гомельшчыне
Спецыялісты адзначаюць, што знойдзены ў вёсцы Уза Гомельскага раёна абраз Панны Марыі можа мець 400-гадовы ўзрост.



Яго асаблівасць у тым, што першапачаткова ён быў напісаны ў заходнехрысціянскай (каталіцкай) традыцыі, аднак пазней Маці Божай на палатне была дамалявана хустка, што сведчыць пра «перадачу» абраза з адной канфесіі ў іншую.

Як інфармуе katolik-gomel.by, знойдзены на абразе і след ад кулі – абраз расстрэльвалі, магчыма, у перыяд якой-небудзь з войнаў. Абраз быў выяўлены ў Гомельскім епархіяльным упраўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы падчас рэстаўрацыйных прац. 

 

«Паломніцтва веры і любові»: рэпартаж пра Нацыянальную пілігрымку на Святую Зямлю вачыма вачыма італьянскіх журналістаў
Відэарэпартаж з асвячэння памятных табліц «Magnificat» і «Benedictus», змешчаны на старонцы францішканскай Кустодыі Тэрра Санта, распавядае пра вынікі Нацыянальнай пілігрымкі беларускіх хрысціян на Святую Зямлю.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.