Дзень духоўнага аднаўлення салезіян, «украінскае прызначэнне»
арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, салідарнасць беларусаў з пацярпелымі ў
Парыжы і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень.
Юбілейныя ўрачыстасці з нагоды юбілейнага года дамініканскага Ордэна прайшлі ў віцебскім касцёле святой Барбары. У 2016 годзе прыпадае 800-годдзе заснаванне святым Дамінікам манаскага Ордэна братоў прапаведнікаў.
Дамінікане
працуюць у Беларусі амаль з самага заснавання Ордэна. Існуюць звесткі,
што дамінікане з’явіліся на нашых землях ужо ў сярэдзіне XIII стагоддзя,
а першы беларускі біскуп быў манахам-дамініканінам.
Святкаванне
ў Віцебску пачалося ўрачыстай працэсіяй і запальваннем юбілейнай свечкі
як сімвала евангельскага святла, якое прадстаўнікі Ордэна павінны несці
ў свет.
Унікальную кнігу-даследаванне па гісторыі Грэка-Каталіцкай Царквы напісаў Дзяніс Лісейчыкаў. За дзевяць гадоў працы ў архівах Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Расіі аўтар даследаваў больш за восем тысяч біяграфій беларускага ўніяцкага духавенства.
Дзяніс Лісейчыкаў канстатуе, што сённяшняе ўспрыняцце гісторыі Грэка-Каталіцкай Царквы часта заштампаванае. У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё даследчык звярнуў увагу на знакамітыя імёны ў галіне навукі, мастацтва і адукацыі, якія паходзілі з ўніяцкіх сем’яў: «Мастак Іван Хруцкі, літаратар Ян Баршчэўскі, мысляр Францішак Савіч, біёлаг Міхаіл Ачапоўскі, плеяда прафесараў Віленскага ўніверсітэта – усе яны былі сынамі грэка-каталіцкіх святароў».
У пілігрымцы па Нальшанскім краі здзейснілі вернікі з Палачанаў, Беразінскага і Маладзечна.
Маршрут пілігрымкі пралягаў праз Залессе, Смаргонь, Крэва, Баруны, Гальшаны, Багданава, Вішнева, Валожын і завяршаўся ў Беразінскім. У пілігрымцы прынялі ўдзел 64 вернікі. На вясну вернікі плануюць сваю трэцюю пілігрымку па маршруце Хоўхлава – Пяршаі – Івянец – Ракаў – Дубрава – Гарадок.
Новы крыж быў усталяваны
ў памяць пра высланых у савецкія канцэнтрацыйныя лагеры жыхароў
Брэстчыны. Усталяванне і асвячэнне крыжа стала данінай памяці
грэка-католікаў Брэста, якія вырашылі такім чынам ушанаваць памяць пра
землякоў, што загінулі ў часы бальшавісцкіх рэпрэсій.
У
Новым Замку ў Гродне адкрылася выстаўка ёлачных цацак, сабраных з усіх
кантынентаў у розныя часы. Усе экспанаты – з прыватнай калекцыі
мінчаніна Андрэя Бегуна. Пра гэта інфармуе партал grodnensis.by.
Асобна
аб’яднаны цацкі з выявай св. Мікалая і тэматыкай Божага Нараджэння.
Адна з цацак – копія ёлачнага шара, падараванага святому Яну Паўлу ІІ
польскай фабрыкай цацак.
Дэлегацыя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прыняла ўдзел
ва ўрачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ў свята св.
Язафата, біскупа і мучаніка. Літургію пры алтары, дзе змешчаны рэліквіі
святога, узначаліў сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў
арцыбіскуп Кірыл Васіль.
Іерарх
прывітаў групу грэка-каталіцкіх вернікаў з Беларусі і нагадаў, што
падчас Другога Ватыканскага Сабору 50 гадоў таму рашэннем святога Яна
ХХІІІ у базыліцы св. Пятра былі складзены парэшткі святога Язафата, які
на беларускай зямлі, у Віцебску, прыняў вянец мучаніцтва».
Арцыбіскуп
дадаў, што ўдзел у той урачыстасці прымаў і беларускі грэка-каталіцкі
біскуп Чэслаў Сіповіч, 100-годдзе нараджэння якога адзначалася ў мінулым
годзе.
У
сустрэчы прымалі ўдзел 16 салезіян з усёй Беларусі. Час духоўнага
засяроджання раздзяліў з прадстаўнікамі супольнасці дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Сустрэча, прысвечаная супольнай малітве
за памерлых субратоў, пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і
малітвай Ружанца за памерлых салезіян, якія працавалі на
тэрыторыі Беларусі і былой усходняй салезіянскай акругі.
Незвычайная
капліца, якая змяшчае каталіцкую скульптуру Маці Божай і праваслаўныя
іконы, з’явілася ў вёсцы Пастарынне на мясцовых могілках. Могілкі
лічацца каталіцкімі, але там хаваюць вяскоўцаў абедзвюх канфесій.
У
сярэдзіне стылізаванага грота знаходзіцца скульптура Панны Марыі, з
трох бакоў у нішах – іконы, і, як сімвал добрага суседства – праваслаўны
і каталіцкі крыжы. Як паведамляе баранавіцкая газета intex-press, капліца выглядае як сапраўдны твор народнага дойлідства.
Пасля чатырохгадовага служэння пасланнік Папы пакідае Беларусь. Украіна стане пятай па ліку краінай, куды іерарх прыбудзе ў якасці Апостальскага Нунцыя, пасля Арменіі, Грузіі, Азербайджана і Беларусі.
З першых месяцаў свайго прызначэння ў Беларусь арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці зарэкамендаваў сябе як вялікі прыхільнік беларускай культуры. Іерарх вучыў беларускую мову і ўжо праз год мог цэлебраваць на ёй святую Імшу.
Прадстаўнік Папы праводзіў актыўную душпастырскую дзейнасць — не толькі наведваў парафіі і ўдзяляў сакрамэнты, але і апекаваўся некаторымі зняволенымі ў беларускіх турмах. Кожны год Апостальскі Нунцый наведваў Курапаты, дзе ў савецкія часы былі расстраляны дзясяткі беларусаў.
14 лістапада ў мінскай архікатэдры падчас вечаровай святой Імшы маліліся ў інтэнцыі загінулых і іх блізкіх падчас тэрактаў у Парыжы. 15 лістапада ў гэтай інтэнцыі адбудзецца ранішняя святая Імша, якая транслюецца на Беларускім радыё ў 8.15.
Вернікі Беларусі ў гэтыя дні моляцца за ахвяраў і іх сем’і, а таксама аб супакоі на зямлі. У Мінску, выказваючы салідарнасць з сем'ямі загінулых, да пасольства Францыі беларусы прыносяць кветкі.
Не застаюцца ўбаку людзі і ў інтэрнэце. Акцыя салідарнасці з сем’ямі пацярпелых набірае абароты ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. У знак салідарнасці і жалобы карыстальнікі дадаюць да фота профіля свайго акаўнта колеры французскага сцяга. Да акцыі далучаюцца і некаторыя духоўныя асобы. У іх ліку і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. «Я далучыўся да гэтай акцыі ў знак салідарнасці з усім французскім народам і з тымі, хто страціў падчас парыжскіх падзей 13 лістапада сваіх блізкіх, -- адзначыў у каментарыі для Catholic.by іерарх. – Я смуткую разам з імі і балюча перажываю гэтую трагедыю, адчуваючы бессэнсоўнасць кожнага тэрарыстычнага акту, які прыносіць непатрэбную смерць нявіннага чалавека».
Ілья Лапато
|