У нядзелю 29 студзеня 2012 г. у законнай супольнасці Св. Арханёла Міхала (айцоў міхалітаў і сясцёр міхалітак) распачаўся Юбілейны Год пад дэвізам «Бог па-над усім». Урачыстасць была прымеркавана да 100-й гадавіны смерці заснавальніка супольнасці, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. Беатыфікацыя кс. Маркевіча адбылася 19 чэрвеня 2005 г. у Варшаве, а ўспамін прызначаны на 30 студзеня.
З нагоды пачатку Юбілейнага года ў супольнасці Св. Арханёла Міхала ў мінскіх парафіях Маці Божай Ружанцовай і Арханёла Міхала, дзе працуюць айцы міхаліты Генадзь Кухарэвіч і Крыштаф Пасвята, адбыліся ўрачыстыя Імшы. Парафіяне атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча, а таксам ўшанавалі рэліквіі заснавальніка ордэна.
Браніслаў Маркевіч нарадзіўся 13 ліпеня 1842 г. у мястэчку Прухнік каля Яраслаўля ў Польшчы. Атрымаў добрае рэлігійнае выхаванне, аднак гэта не ўратавала яго ад крызісу веры, які зведаў падчас навучання ў прыміцкай гімназіі.
У 1863 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Пшэмыслі. У 1867 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны на працу ў Харту. Святар прагнуў працаваць з моладдзю, а таму прайшоў дадатковае навучанне педагогікі, філасофіі і гісторыі ва ўніверсітэце Яна Казіміра ў Львове і Ягелонскім універсітэце. У 1875 годзе стаў пробашчам парафіі Гаць, а праз два гады — парафіі ў Благове. З 1882 года выкладаў тэалогію ў духоўнай семінарыі ў Пшэмыслі.
З часам кс. Браніслаў адкрыў у сабе пакліканне да законнага жыцця. У лістападзе 1885 года паехаў у Італію і там далучыўся да салезіянаў. У 1887 годзе склаў шлюбы на рукі св. Яна Боска. З адданасцю і стараннасцю выконваў даручаныя яму заданні.
У 1892 годзе з дазволу кіраўніцтва вярнуўся ў Польшчу і стаў пробашчам у Месцы Пястовым. Тут прысвяціў сябе працы з моладдзю і найперш з беднымі і сіротамі. Заснаваў школу, праз якую клапаціўся аб прафесійнай будучыні выхаванцаў. У 1897 годзе заснаваў дзве новыя законныя супольнасці пад апекай св. Арханёла Міхала на глебе духоўнасці Яна Боска. Яны былі зацверджаны толькі пасля смерці святара: мужчынская супольнасць — у 1921 годзе, а жаночая — на сем год пазней. У Пястове кс. Маркевіч стварыў дом, у якім выхоўваліся сотні юнакоў. У 1903 годзе таксама з’явілася новая пляцоўка ў Паўлікавіцах каля Кракава.
Святар памёр 29 студзеня 1912 г. У 1958 годзе распачаўся працэс яго беатыфікацыі. Ён завяршыўся ўрачыстай беатыфікацыяй, якую здзейсніў папскі легат кардынал Юзаф Глемп у Варшаве 19 чэрвеня 2005 г.
Вельмі хутка міхаліты распачалі выхаваўчую працу на тэрыторыі Беларусі. У выніку была створана выхаваўчая ўстанова для дзяцей-сірот у Дзядковічах каля Баранавічаў. Яна была ліквідавана пасля ІІ Сусветнай вайны. Напачатку 90-х гадоў міхаліты распачалі душпастырскую працу ў Гродзенскай дыяцэзіі — у Шылавічах і Старых Васілішках. Некалькі год яны таксама працуюць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, апякуюцца парафіямі ў Мінску (Лошыца) і ў Гатава.
З нагоды 100-й гадавіны смерці благаслаўлёнага ксяндза Браніслава Маркевіча папа Бэнэдыкт ХVІ скіраваў да манаскай супольнасці Ордэна Св. Арханёла Міхала ліст, які 30 студзеня 2012 г. будзе агучаны ў парафіях Беларусі і іншых краінаў свету, дзе працуюць айцы міхаліты.
Галіна Абакунчык
|