Мітрапаліт Кандрусевіч падзяліўся аплаткай з сем'ямі горада Мінска |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.12.2012 13:55 |
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напярэдадні вігіліі Нараджэння Пана сустрэўся з сем’ямі Мінска. Сустрэча адбылася 23 снежня ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца. Парафіяльная капліца ў гэты дзень была напоўненая перадусім сем'ямі — маладымі і сталымі, малаколькаснымі, шматдзетнымі, няпоўнымі… Вітаючы Мітрапаліта хлебам і соллю, парафіяне разам з пробашчам кс. Генадзем Кухарэвічам сардэчна дзякавалі арцыпастыру за айцоўскі клопат і ўвагу да сем'яў Мінска і ўсёй Беларусі, а таксама да парафіяльнай сям'і Маці Божай Ружанцовай. Прамаўляючы слова Божае падчас святой Імшы, іерарх падкрэсліў ролю сям'і ў жыцці Касцёла і ў справе духоўнага і рэлігійнага выхавання маладога пакалення: «Бог стварыў сям'ю як сацыяльны інстытут. Гэта неразлучны саюз мужчыны і жанчыны, мэтай якога з’яўляецца дапамога адно аднаму і выхаванне дзяцей. Старэйшыя пакаленні памятаюць, што калі не было касцёлаў і святароў, нашыя бацькі і дзяды навучалі праўдам веры. Не было касцёла, але быў ружанец у руках, Крыжовы шлях і літаніі. Каб дзеці былі годна падрыхтаваныя да Першай святой Камуніі, канфірмацыі і іншых сакрамэнтаў Касцёла, сёння яны мусяць мець добры прыклад сваіх бацькоў. Менавіта сям'я павінна стаць для дзяцей хатнім Касцёлам, месцам першай евангелізацыі, месцам, дзе дзіця ўпершыню спаткае Бога, навучыцца малітвам і паводле прыкладу бацькоў і старэйшых будзе старацца жыць праўдамі веры». Напярэдадні Нараджэння Хрыстова арцыпастыр атрымаў ад прысутных шмат падарункаў — Бэтлеемскі агонь, дастаўлены беларускімі каталіцкімі скаўтамі, аплаткі, свечкі і 12 посных страў, якія прыгатавалі сем'і парафіі Маці Божай Ружанцовай. Асаблівымі сталі падарункі, зробленыя дзеткамі: ялінка з самаробнымі цацкамі і малюнкі на тэму Божага Нараджэння. У гэты дзень словы падзякі арцыбіскупу былі асабліва цёплымі, а ўся сустрэча па-сямейнаму ўтульнай і зычлівай. Пасля літургіі арцыпастыр падзяліўся з кожнай сям'ёй аплаткай на знак іх еднасці з усім Касцёлам Беларусі і свету. Галіна Абакунчык (VGr) |
Фотарэпартаж |