30 студзеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў святую Імшу ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай. Візіт прадстаўніка Папы адбыўся з нагоды завяршэння юбілейнага года ў кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала, прысвечанага 100-годдзю з дня смерці благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча — заснавальніка кангрэгацыі. Пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч належыць да айцоў міхалітаў.
Падчас літургіі Апостальскі Нунцый удзяліў вернікам парафіі сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што харызмат заснавальніка кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча, які ў сваёй дзейнасці займаўся моладдзю, — заўсёды актуальны, і прысутнасць моладзі ў гэты дзень у капліцы — знак увагі кангрэгацыі да маладога пакалення. Кангрэгацыя Святога Арханёла Міхала, дадаў арцыбіскуп, адносіцца да структур, заснаваных на так званым Папскім праве, — з гэтай нагоды прадстаўнік Святога Айца перадаў прывітанне Папы ўсім членам кангрэгацыі, каб яна магла больш трывала пусціць свае карані на беларускай зямлі.
Апостальскі Нунцый пажадаў, каб капліца Маці Божай Ружанцовай з цягам часу ператварылася ў вялікі санктуарый, які будзе напоўнены моладдзю.
Звяртаючыся да кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заўважыў, што прысутнасць сярод іх людзей розных узростаў — знак багацця Касцёла. Важна таксама тое, што старэйшыя людзі перадаюць веру малодшым. Па словах арцыбіскупа, памяшканне, дзе некалі сабраліся апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы, было, напэўна, падобным да гэтай невялікай парафіяльнай сям’і.
Арцыбіскуп прапанаваў паразважаць пра адносіны «адчыненых дзвярэй», якія павінны мець вернікі да Духа Святога. Як адзначыў Апостальскі Нунцый, каб Бог прыйшоў да нас і пачаў жыць з намі, неабходна, каб дзверы чалавечых сэрцаў былі адчынены, і адчыніць іх — менавіта і з’яўляецца задачай тых, хто прымае ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі. Адчыніць дзверы Духу Святому — значыць, па словах прадстаўніка Папы, не пакінуць ніводнага месца ў сваім жыцці, куды б не ўвайшоў Дух, — нават такіх месцаў, якія «мы лічым сваімі маленькімі або вялікімі сакрэтамі». «Дух жадае прыйсці не для таго, каб шпіёніць за намі, але каб любіць і сагрэць», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Апостальскі Нунцый заклікаў вернікаў, асабліва маладых, не баяцца — бо «ніхто не можа забіць дух». Арцыбіскуп дадаў, што пасля прыняцця сакрамэнту канфірмацыі яны будуць адчуваць у сабе Духа Святога, таму параіў «не перажываць надта моцна з таго, што ў жыцці будуць здарацца грахі — бо Дух будзе з вамі, і Ён прывядзе вас да сакрамэнту пакаяння». Радасць сакрамэнту канфірмацыі, па словах Нунцыя, — не ў тым, каб «быць святым уласнымі сіламі, але ў тым, каб быць маёмасцю Духа Святога».
«Праз гэтыя дзверы, у якія ўвайшоў Дух, мы павінны выйсці, прапаведуючы Бога, — не перашкаджаючы жыць іншым людзям сваімі пропаведзямі, але несучы сапраўднае жыццё», — звярнуў увагу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, выказаўшы надзею, што вечарам гэтага дня, калі вернікі выйдуць з капліцы, яны «будуць маленькімі агеньчыкамі ў цемры».
Прадстаўнік Святога Айца запэўніў кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту, што сёння разам з імі Папа, усе біскупы і ўвесь Касцёл, якія «перадаюць знак супакою: не бойцеся, бо Пан перамог смерць».
Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Генадзь Кухарэвіч падзякаваў Богу за дар жыцця благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча, заснавальніка кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала, які клапаціўся пра найбольш патрабуючых, дзяцей-сірот і занядбаную моладзь.
Пасля літургіі адбылося выступленне лаўрэатаў дзіцяча-моладзевага фестывалю мастацкай творчасці «Лошыца-2013», які сёлета прайшоў у парафіі ў сёмы раз. Анастасія Грышан
|