Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску адбыўся дзіцяча-моладзевы фестываль «Лошыца-2013»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.01.2013 16:56

27 студзеня ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (мікрараён Лошыца) адбыўся дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці «Лошыца-2013». Свята творчасці прайшло ў парафіі сёмы раз. Сёлета фестываль быў прымеркаваны да завяршэння юбілейнага года ў кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала, прысвечанага 100-годдзю з дня смерці заснавальніка, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. Да гэтай кангрэгацыі належыць пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч.

Дзеці, падлеткі і моладзь дэманстравалі падчас фестывалю сваё майстэрства ў спевах, гранні на розных музычных інструментах: скрыпцы, клавішным сінтэзатары, а таксама ў чытанні вершаў і спевах на беларускай, польскай, рускай мовах. Шмат прагучала вершаў і песняў, прысвечаных святу Божага Нараджэння. А студэнт Арцём Бардзенюк прачытаў уласны верш. Некаторыя парафіяне выступалі сем’ямі — дзеці разам з матулямі ці старэйшымі братамі і сёстрамі. Узрост удзельнікаў імпрэзы па традыцыі складаў ад 5 да 25 гадоў.

На завяршэнне творчай імпрэзы ксёндз Генадзь Кухарэвіч падзякаваў усім удзельнікам фестывалю, сястры Любаміры, якая прыняла непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы свята, а таксама бацькам, якія далучаюць сваіх дзяцей да жыцця парафіі і жыцця ў Богу. Узнагародай ад пробашча для кожнага ўдзельніка стаў ружанец і абраз «Маці Божай Будслаўскай». «Працягваецца Год веры, абвешчаны ў Касцёле ў кастрычніку 2012 года. Ён праходзіць пад дэвізам „Марыя — Маці нашай веры“. Таму Маці Божая Марыя для нас асаблівы прыклад хрысціянскай веры. Яна неаднойчы сведчыла словам і справамі аб сваёй веры і поўным даверы Айцу Нябеснаму. Маці Божая Будслаўская абвясціла сябе ў Будславе 400 гадоў таму, каб сведчыць веру і натхняць ёю многія пакаленні людзей. Няхай абраз Маці Божай Будслаўскай натхняе вас жыць у веры і сведчыць хрысціянскую веру сваім штодзённым жыццём», — падкрэсліў пробашч. Падарункам для дарослых стаў насценны каляндар на 2013 год, аздоблены фотаздымкамі з жыцця парафіі.

Гэтым разам упершыню было створана журы конкурсу. Мэтай было не вызначэнне лепшых падчас свята творчасці, а вызначэнне ўдзельнікаў яшчэ аднаго свята — завяршэння юбілейнага года ў кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала, якое будзе адзначацца 30 студзеня. У гэты дзень у парафіі адбудзецца ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Прадстаўнік Папы ўдзеліць вернікам сакрамэнт канфірмацыі. Лаўрэаты фестывалю «Лошыца-2013» зладзяць парафіянам і гасцям невялікі канцэрт.

А наступны дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці ў Лошыцы адбудзецца ў 2014 годзе.

Галіна Абакунчык

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме