1 лістапада — урачыстасць Усіх Святых: сведчанне аб перамозе Бога над смерцю |
Каляндар |
27.10.2009 18:50 |
1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і падчас урачыстай Імшы аддаюць пашану ўсім святым — гэта значыць тым, хто ўжо дасягнуў вечнай хвалы і прабывае з Богам у небе. Ушаноўваючы ўсіх, хто ўжо ўвайшоў у славу нябесную, Касцёл у той жа час скіроўвае на шлях святасці людзей, якія яшчэ знаходзяцца на зямлі. У гэты дзень варта ўзгадаць аб той нябачнай падтрымцы святых, якія атуляюць нас апекай. Разам з тым Касцёл успамінае ўсіх, хто яшчэ, магчыма, не дасягнуў нябеснага шчасця і ў чыстцы каецца за свае грахі. Молячыся за гэтых людзей, атрымліваючы адпушчэнне грахоў, вернікі спрыяюць выратаванню памерлых. Найбольш, безумоўна, спрыяе гэтаму Ахвяра Хрыста, якая прысутнічае ў святой Імшы. Урачыстасць Усіх Святых — гэта святкаванне перамогі Бога над смерцю, грахом і цемрай. Жыццё святых, якія здолелі перамагчы зло з дапамогай Божай ласкі, з’яўляецца пацвярджэннем гэтага. Дапамога святых — цудоўны падарунак Бога для нас, які сведчыць аб бязмежнай любові Пана да кожнага чалавека. |