Кардынал Крыстаф Шонбарн у Будславе перадасць Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве рэліквію святога Язафата Кунцэвіча |
Грэка-Каталіцкая Царква |
30.06.2016 18:10 |
Легат Папы Францішка арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн падчас урачыстасцяў у Будславе перадасць беларускім грэка-католікам рэліквію арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча. «Кардынал Крыстаф Шонбарн падарожнічае ў пачатку ліпеня 2016 года ў якасці пасланніка Папы Францішка ў Беларусь, каб прадставіць яго на святкаванні 25-й гадавіны стварэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Візіт кардынала асаблівы для Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, але ён таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы і мае падарунак для невялікай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі», — гаворыцца на сайце Венскай архідыяцэзіі. Частка арцыбіскупскага адзення Язафата Кунцэвіча, які прыняў мучаніцкую смерць у 1623 годзе, стане аб'ектам шанавання і благаслаўленнем для беларускіх грэка-католікаў, як піша аўтар артыкула. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек распавёў Catholic.bу пра перадачу рэліквіі падчас урачыстасцяў у Будславе. Таксама архімандрыт адзначыў, што кардынал Крыстаф Шонбарн з'яўляецца ардынарыем для католікаў усходняга абраду ў Аўстрыі і «ведае пра жыццё» Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Аляксандр Гелагаеў паводле Erzdioezese-wien.at |