Мітрапаліт Кандрусевіч: урачыстасць Усіх Святых сведчыць аб еднасці з трыумфуючым Касцёлам |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
02.11.2009 15:20 |
У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў значэнне ўрачыстасці Усіх Святых як знаку еднасці вернікаў з трыумфуючым Касцёлам, а таксама як прыкладу для хрысціян у тым, каб імкнуцца да святасці. Шлях да святасці, па словах арцыпастыра, магчымы ў паўсюдным Касцёле, якім кіруе Святы Айцец, і ў Касцёле партыкулярным, на чале якога знаходзіцца біскуп. З нагоды 20-годдзя сакры Мітрапаліт падзякаваў усім, хто дапамагаў яму ў распазнанні ўласнага паклікання, асабліва бацькам і святарам, а таксама вернікам, і папрасіў іх аб малітве ў інтэнцыі далейшага біскупскага служэння. У сваю чаргу, вернікі Гродна і Адэльска павіншавалі арцыпастыра з юбілеем біскупскага пасвячэння, прыняццем у Мальтыйскі Ордэн і імянінамі. Пасля Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў малітоўную працэсію на могілках Адэльска. Вечарам Мітрапаліт узначаліў літургію на саміх могілках, падчас якой у гаміліі нагадаў пра тое, што смерць — гэта толькі змена жыцця. Уваскрослы Езус, як падкрэсліў Мітрапаліт, з’яўляецца гарантыяй і нашага ўваскрашэння. Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў на працягу актавы малітваў за памерлых надаваць вялікую ўвагу адпустам, таму што гэта ключ, якім можна адчыніць дзверы неба для душаў, што знаходзяцца ў чыстцы. |