Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
30-годдзе святарскага пасвячэння Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў у родных парафіях (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.06.2011 20:47

13 чэрвеня 2011 г. у Адэльску, роднай парафіі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, у адпуст св. Антонія, на які з’язджаюцца вернікі з навакольных парафій, адбыліся ўрачыстасці 30-годдзя святарскага пасвячэння Мітрапаліта. Апоўначы па вуліцах Адэльска прайшла традыцыйная вігілійная працэсія з фігурай св. Антонія.

Урачыстасці распачаліся слоўна-музычнай імпрэзай у клубе, дзе святары і вернікі дзяліліся ўспамінамі. Выдавецтва «Про Хрысто» прадставіла альбом, выдадзены з нагоды 30-годдзя святарства арцыпастыра, прэзентаваліся здымкі і спяваў мясцовы музычны калектыў.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч, які ў гаміліі звярнуў увагу на асобу св. Антонія, пакліканага Богам, каб несці Ягонае слова людзям і бараніць Касцёл перад ерэтыкамі. Казанні святога былі вельмі моцнымі — «не толькі таму, што ён меў моцны голас але перадусім з пункту гледжання іх зместу, за што папа Грыгорый IX назваў яго „біблійнай шкатулкай“, а ў народзе св. Антонія называлі „молатам супраць ерэтыкоў“».

Мітрапаліт падзякаваў Богу за тое, што прыйшоў на свет менавіта ў адэльскай парафіі, якая заўсёды вызначалася моцнай верай. Падзякаваў бацькам і аднавяскоўцам за выхаванне і прыклад жыць вераю і не адракацца ад яе нават у самых цяжкіх абставінах. Падзякаваў святарам, якія тут працавалі, асабліва кс. пралату Пятру Барташэвічу і кс. Феліксу Сароку, ад якіх многаму навучыўся. Са словамі асаблівай падзякі іерарх звярнуўся да аднакласнікаў, бо яны таксама аказалі вялікі ўплыў на яго фармацыю. Зыходзячы са слоў Хрыста «не вы Мяне паклікалі, але Я вас», арцыпастыр папрасіў вернікаў маліцца аб тым, каб яго служэнне прынесла плён і каб гэты плён трываў па прыкладу плёну, прынесенага св. Антоніем.

Увечары Мітрапаліт Кандрусевіч адзначаў 30-годдзе святарскага пасвячэння ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, да якой калісьці належаў як парафіянін і дзе пазней быў пробашчам.

У гаміліі іерарх нагадаў, што як адэльская святыня, так і францішканскі касцёл у Гродне з’яўляюцца яго парафіяльнымі касцёламі. У гродзенскім касцёле 27 кастрычніка 1989 г. будучы Мітрапаліт цэлебраваў сваю першую Імшу, калі прыехаў з Рыма пасля біскупскай кансэкрацыі. Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў вялікую ўдзячнасць Богу за тое, што ў часы ганенняў касцёл Маці Божай Анёльскай у Гродне дзейнічаў, і там амаль увесь час быў святар. Асаблівую падзяку арцыпастыр скіраваў а. Аркадзію Вальтасю OFMConv, які ў 1964 г. словамі «ў добры шлях» благаславіў будучага іерарха, які ад’язджаў вучыцца ў Ленінград. Са словам ўдзячнасці ўспомніў і кс. пралата Юзафа Трубовіча, які быў у Гродне пробашчам, калі сённяшні Мітрапаліт вучыўся ў семінарыі, і кс. пралата Міхала Арановіча — гродзенскага «патрыярха», шматгадовага пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа, які калісьці прама спытаўся ў яго: «Ты чаму не ідзеш у семінарыю?» Усе яны мелі вялікі ўплыў на тое, што будучы арцыбіскуп пачуў голас Хрыста прысвяціць сваё жыццё святарскаму служэнню.

Як у Адэльску, так і ў гродзенскім касцёле адпуст св. Антонія з’яўляецца самым вялікім. Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што гэтая традыцыя дапамагла многім у часы ганенняў захаваць веру і перадаць яе новым пакаленням. Сёння, у час свабоды веравызнання, трэба, па словах арцыпастыра, зноў звяртацца да св. Антонія як прыкладу глыбокай веры і таго, хто дапаможа знайсці веру, згубленую ў гомане сучаснага секулярызаванага свету.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме