Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адэльскі Te Deum
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.06.2010 17:57

13 чэрвеня 2010 г., ва ўспамін св. Антонія Падуанскага, у Адэльску (Гродзенская дыяцэзія) адбылося святкаванне 520-годдзя заснавання парафіі і мястэчка. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ураджэнец Адэльска Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прыбыў са святкавання 100-годдзя касцёла ў Рубяжэвічах, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, шматлікія святары, сёстры законныя, прадстаўнікі абласной, раённай і мясцовай улады, а таксама каля 3 тысяч вернікаў.

Свята распачалося спаборніцтвам паміж футбольнымі камандамі спартыўных калектываў Гродзенскага раёна. Затым у мясцовым клубе адбылася прэзентацыя кнігі а. доктара Юзафа Макарчыка OFMConv «Адэльск», у якой распавядаецца пра гісторыю мястэчка і парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Трэба адзначыць, што Адэльск ад самага заснавання атрымаў каралеўскія прывілеі і Магдэбурскае права. У мястэчка быў таксама свой герб з выявай св. Антонія. Варта адзначыць, што геральдычная камісія Беларусі 10 чэрвеня гг. нанава пацвердзіла герб Адэльска з выявай св. Антонія.

У 15.00 адбылося ўрачыстае асвячэнне помніка св. Антонію, які быў устаноўлены на скрыжаванні галоўных вуліц мястэчка. Помнік адкрылі арцыбіскуп Кандрусевіч, біскуп Кашкевіч і пробашч адэльскай парафіі кс. Валерый Быкоўскі. Асвячэнне помніка здзейсніў арцыбіскуп. Затым іерархі разам са святарамі ў працэсіі ўвайшлі на прыкасцёльную тэрыторыю, дзе на спецыяльна ўсталяваным алтары цэлебравалася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі арцыпастыр найперш выказаў падзяку Богу і продкам, якія ўтваралі парафію, баранілі яе падчас ганенняў, якія захавалі веру і перадалі яе наступным пакаленням. Іерарх распавёў вернікам пра значэнне Касцёла як сакрамэнту паўсюднага збаўлення, асабліва падкрэсліўшы значэнне Божага слова і сакрамэнтаў. Затым арцыбіскуп звярнуў увагу прысутных на найбольш вострыя маральныя праблемы, з якімі сутыкаецца сучасны чалавек, дабравольна адракаючыся ад Бога і веры. Арцыпастыр пры гэтым падкрэсліў, што ўскладанне надзеі выключна на дасягненні навукі і сучасных тэхналогій, неўмеркаванае імкненне да багацця любым коштам не вырашаюць усіх праблем або вырашэнне адной вядзе да ўзнікнення іншай. Таму, як падкрэсліў іерарх, для сапраўднага прагрэсу чалавецтва трэба звяртаць увагу і на духоўны аспект жыцця асобы. «Толькі тады чалавек можа быць упэўнены, што будуе на моцным фундаменце», — падкрэсліў Мітрапаліт.

У сувязі з гэтым іерарх нагадаў, што св. Антоній дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы. «Найбольш актуальнай праблемай сучаснасці з’яўляецца тое, што чалавек губляе веру», — адзначыў арцыпастыр і заклікаў вернікаў маліцца праз заступніцтва св. Антонія, каб «сучасны чалавек мог адшукаць веру і заставаўся верным трыдыцыі сваіх продкаў, каб не адрокся ад сваіх хрысціянскіх каранёў і на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваў сваё жыццё».

Пасля св. Імшы адбылося набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і эўхарыстычная працэсія. Затым вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі Дрэва Святога Крыжа і св. Антонія.

Святкаванне працягвалася да позняга вечара: на спецыяльна падрыхтаванай сцэне адбываўся канцэрт калектываў Гродзенскага раёна, а цёмнае неба асвяціў прыгожы феерверк.

Свята сапраўды ўдалося. Гэта быў дзень малівы і радасці, дзень удзячнасці Богу і дзень удзячнасці нашчадкаў сваім продкам. Гэта быў сапраўдны Te Deum.

Фота глядзі на сайце газеты «Слова Жыцця»>>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме