Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Капуцыны з усёй Беларусі сустрэліся на Гродзеншчыне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
15.09.2010 15:57 |
У нядзелю 12 верасня 2010 г., у дзень літургічнага ўспаміну Найсвяцейшага Імя Марыі, адбылася адпустовая ўрачыстасць у у мясцовасці Пералом, што адносіцца да парафіі ў в. Гожа (дэканат Гродна-захад). Асаблівасцю сёлетняй урачыстасці была шматлікая прысутнасць меншых братоў капуцынаў на чале з віцэ-правінцыяльным міністрам а. Андрэем Жылевічам OFM Cap. Падобная цікаўнасць капуцынаў да гэтай мясцовасці звязана з тым, што менавіта гэта невялікая вёска над Нёманам у памежнай зоне з’яўляецца калыскай ордэна капуцынаў у Беларусі. 22 чэрвеня 1938 г. у гэтым месцы распачалася гісторыя братоў капуцынаў на нашай зямлі. Хуткія драматычныя падзеі дваццатага стагоддзя перашкодзілі трываламу пасяленню братоў у гэтай мясцовасці. Кляштар у Пераломе пасля вайны быў зачынены дзяржаўнымі ўладамі, і ў ім пачала дзейнічаць школа. У 60-х гадах драўляны будынак разабралі і перавезлі ў суседнюю вёску. Касцёл св. Юрыя і Найсвяцейшага Імя Марыі быў зачынены і ў 70-х гадах разбураны. З пераломскай супольнасці капуцынаў пасля вайны і перадзелу зямлі на тэрыторыі сучаснай Беларусі засталіся два браты, не святары. Яны сталі зернямі, якія прынеслі плён капуцынскіх пакліканняў сярод беларусаў. З сярэдзіны 80-х гадоў колькасць братоў капуцынаў стабільна расце. У перыяд рэлігійнага адраджэння на месцы былога касцёла ў Пераломе вернікі пабудавалі капліцу, у якой двойчы ў год адбываецца ўрачыстасць. Дзякуючы запрашэнню мясцовага пробашча, кс. Паўла Шаньчука, гасцямі сёлетняй урачыстасці сталі, між іншым, капуцыны з Ліпнішак, Слоніма, Докшыц, Верхнядзвінска, Мінска, Смалявіч. Такім чынам, сёлетняя ўрачыстасць стала нагодай для сустрэчы сучаснага пакалення капуцынаў з людзьмі, якія памятаюць першы прыезд братоў гэтага ордэна ў Беларусь. Бр. Яраслаў Крыловіч OFM Cap
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.