З любоўю да капуцынаў. Адраджэнне духоўнай спадчыны Пералома |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
23.09.2011 16:56 |
Калыскай ордэна капуцынаў у Беларусі называюць вёску Пералом. Менавіта гэты невялічкі цяпер ужо дачны пасёлак на Гродзеншчыне ў перыяд паміж сусветнымі войнамі стаў першым месцам працы ў Беларусі святароў гэтага манаскага ордэна. У 1742 г. троцкім кашталянам Аляксандрам Пацеем тут была ўзведзена капліца пад тытулам Нараджэння Маці Божай і святога Юрыя. А ў 1938 г. у Пераломе быў пабудаваны кляштар капуцынаў. Ваеннае ліхалецце і савецкая ўлада знішчылі ўсё, што маглі. Толькі цудоўнае заступніцтва Маці Божай Пераломскай, да якой браты нястомна маліліся, учыніла так, што супольнасць заставалася ў гэтым месцы ажно да 1955 года, а адзін з братоў — бр. Крыспін — жыў у малой хатцы ў лесе нават да 1984 г. Менавіта з гэтай хаткай звязаны сюрпрыз, які падрыхтавалі пераломскія жыхары і дачнікі святарам капуцынам. Бачачы, што браты сюды прыязджаюць i начуюць, яны зрабiлi ў домiку рамонт. Асаблiва для гэтай справы ахвяравалiся Галiна Занеўская i Веранiка Аўдзей з Гродна, а таксама Зыгмунт Юрса з хутара Пералом. Яны, а таксама іншыя дабрадзеі зрабiлi гэта ад усяго сэрца i з любоўю да капуцынаў. Капліца імя Марыі св. Юрыя адносіцца да парафіі Гожа. Пабудавана яна побач з месцам, дзе стаяў дом законнікаў, а на сходках былой святыні (адзінае, что ад яе засталося) усталяваны помнік з крыжам і надпісам па-польску: «Тут стаяў касцёл і кляштар айцоў капуцынаў». |