Мінула 10 гадоў з дня смерці кс. Антонія Самілы |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
08.10.2012 12:33 |
7 кастрычніка 2012 г. у парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстыя набажэнствы ў 10-ю гадавіну смерці кс. Антонія Самілы, які ў 1996–2002 гг. працаваў у гэтай парафіі. На святую Імшу, падчас якой маліліся за спачылага святара, сабраліся шматлікія вернікі. За 6 гадоў яго працы ў Гожы мясцовая супольнасць пазнала яго як руплівага душпастыра, які любіў Касцёл і людзей. Ксяндза Самілу ведалі і жыхары Русоты, што пад Гродна, дзе, дзякуючы яго намаганням, была пабудавана капліца. Святую Імшу ўзначаліў кс. Юзаф Станеўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які разам з кс. Антоніем вучыўся ў семінарыі. Гамілію прамовіў кс. прафесар Раман Катлімоўскі, які быў семінарыйным выхавацелем спачылага. Ксёндз Катлімоўскі нагадаў лёс кс. Антонія, які памёр заўчасна. Ён быў пабіты злодзеем, пасля чаго цяжка захварэў і памёр 6 кастрычніка 2002 года. Гэта было сапраўднае гора для маці, якая страціла адзінага сына, і для парафіяльнай супольнасці. Падчас гаміліі кс. Катлімоўскі нагадаў таксама пра каштоўнасць і моц ружанцовай малітвы, заахвоціўшы вернікаў ахвяраваць гэтую малітву за памерлага святара. Кажучы пра Год веры, які распачнецца ў паўсюдным Касцёле 11 кастрычніка, кс. Катлімоўскі заклікаў вернікаў «захацець паглыбіць сваю веру», практыкаваць яе і перадаваць далей. Пасля літургіі ўсе сабраліся на малітве «Анёл Панскі» ля магілы кс. Самілы. Кс. Юрый Марціновіч |