Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпуст ва ўрачыстасць св. Юзафа адбыўся ў Макараўцах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.03.2012 15:30

19 сакавіка 2012 г., у дзень літургічнага ўспаміну св. Юзафа, адбылася адпустовая ўрачыстасць у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел пажылыя людзі, моладзь і дзеці. Святую Імшу ўзначаліў кс. Антоній Грэмза, віцэ-канцлер Гродзенскай курыі.

«Сёння мы прыходзім у касцёл, бо хочам, каб святы Юзаф здзівіў нас, але таксама і прысароміў», — адзначыў кс. Юрый Марціновіч у гаміліі, дадаўшы, што прыклад Юзафа варта наследаваць штодзень як маладым, так і пажылым людзям. Па словах кс. Марціновіча, святы Юзаф адзначаўся такімі цнотамі, як вернасць, чыстасць і паслухмянасць, але, на жаль, сённяшняму свету больш даспадобы нявернасць, нячыстасць і непаслухмянасць. Святар заахвоціў вернікаў наследаваць цноты св. Юзафа, якія, як праўды веры, заўсёды нязменныя і актуальныя.

Напрыканцы ўрачыстасці пробашч парафіі ў Макараўцах кс. Павел Беланос падзякаваў вернікам за ўдзел у адпустовым набажэнстве і выказаў надзею, што св. Юзаф надалей будзе дапамагаць парафіянам і апекавацца імі, як апекаваўся Езусам.

Святы Юзаф — адзін з самых папулярных святых, да якога вернікі звяртаюцца ў розных патрэбах. Асабліва яго ўшаноўваюць як апекуна пажылых і састарэлых людзей, якія просяць яго заступніцтва ў тым, каб іх смерць была добрай і шчаслівай. Пры многіх парафіях існуюць Таварыствы добрай смерці, удзельнікі якіх моляцца праз заступніцтва святога Юзафа. Мэтай такіх таварыстваў з’яўляецца малітва за паміраючых, каб святы суправаджаў іх у хвіліны смерці. Члены гэтых таварыстваў атачаюць клопатам усіх хворых, каб яны не адышлі з гэтага свету, не паяднаўшыся з Богам.

Парафія ў Макараўцах існуе з 1795 г., касцёл быў пабудаваны ў 1793–1795 гг. і асвячоны 23 чэрвеня 1795 г. У апошнія гады дзякуючы старанням кс. Паўла Беланоса і парафіянаў адбыўся грунтоўны рамонт унутры касцёла. У найбліжэйшы час плануецца адрамантаваць святыню звонку, а таксама дах касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.