Cродкі масавай камунікацыі — месца прабывання сучаснага чалавека |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
26.08.2012 22:10 |
Ранішні кубак кавы сёння рэдка дапаўняе пах свежай газеты. Пачатак дня ў большасці людзей нашага часу пачынаецца з націскання кнопкі Power на сістэмніку камп’ютара, дзякуючы віртуальным моцам якога ў лічаныя секунды становішся ўдзельнікам рэальнасці. 26 жніўня 2012 г. у Гродне завяршыўся Першы кангрэс каталіцкіх СМІ. Форум быў арганізаваны па ініцыятыве Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і сабраў каля ста католікаў-журналістаў. Арцыбіскуп Кандрусевіч, адказны за развіццё СМІ пры ККББ, з вялікай увагай ставіцца да пытання прысутнасці голасу Касцёла ў сродках масавай камунікацыі. На працягу трох дзён форуму іерарх быў разам з прадстаўнікамі медыя, каб паслухаць прапановы экспертаў і падзяліцца сваімі думкамі адносна ўзнятай тэмы. Уступнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці кангрэса >>> На кангрэс прыбылі эксперты з Латвіі, Украіны, Польшчы і Ватыкана. Сярод удзельнікаў былі журналісты не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Шаноўным госцем стаў прэс-сакратар Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы Цьеры Бонавентура. Да беларускіх журналістаў праз відэазварот скіравалі свае словы старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, дырэктар прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, прэс-сакратар епіскапату Польшчы кс. Юзаф Клёх. Быў зачытаны даклад а. Анджэя Капроўскага, праграмнага дырэктара радыёстанцыі ў Ватыкане. Арцыбіскуп Чэллі, які ў маі 2011 года сустракаўся з беларускімі журналістамі ў Мінску, звяртаўся да іх у чарговы раз. Ватыканскі іерарх падкрэсліў: мы, католікі, павінны быць прысутнымі ў сродках масавай камунікацыі, але не для прапаганды ці празелітызму, а «для сведчання Хрыста, які з’яўляецца прычынай нашага жыцця і радасці». Зварот арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэллі >>> На тое, што «чалавек хоча сведчання, а не павучання», звярнуў увагу і польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі. «Я веру, што чалавек, нягледзячы на свае слабасці, можа ўзнесціся высока», — адзначыў Занусі, кажучы пра выбар, які ў вялікай медыяпрасторы чалавек робіць сам. Карыснымі практычнымі парадамі падзяліўся медыя-эксперт у галіне інтэрнэт-СМІ Павел Левушкан. Сярод іх неабходнасць стварэння інтэрнэт-версій друкаваных выданняў (пашыранага характару); адаптаванне вёрсткі пад iPhone; стварэнне Android-дадаткаў для тэлефонаў; візуалізацыя інфармацыі; пазнанне таго, што патрабуе аўдыторыя; удзел аўтараў у дыскусіях у сацыяльных сетках; распрацоўка стратэгіі ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Пра PR і тое, ці патрэбны ён у Касцёле, распавяла рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны Алена Кулыгіна. Акрамя гэтага, спадарыня падкрэсліла, што праз СМІ Касцёл можа даваць адказы на праблемы і запатрабаванні грамадства. Думаць глабальна і быць адкрытымі на свет беларускіх журналістаў-католікаў заклікаў Цьеры Бонавентура: «Вы не проста рэпарцёры, …ваша праца ўплывае на ўвесць Касцёл у Еўропе». Старшыня Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы заахвоціў таксама «рухацца ад інстытута СМІ да рэальнага кантакту з чалавекам», да пазнання, кім з’яўляецца сучасны чалавек, якія ён мае страхі і надзеі. На заканчэнне форуму адбылося ўручэнне ўзнагародаў за развіццё каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі ў Беларусі. Адным з вынікаў працы кангрэсу стала рашэнне стварыць працоўную групу па выпрацоўцы канцэпцыі развіцця каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі і прысутнасці Касцёла ў медыяпрасторы краіны. Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне кангрэса >>> Валянціна Грамыка |
Фотарэпартаж |