100 гадоў б’юць званы над касцёлам у Вялікай Бераставіцы |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
24.09.2012 12:39 |
22 верасня 2012 г. касцёл Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы (Гродзенская дыяцэзія) адзначаў урачыстасць, якая сабрала шматлікіх святароў і вернікаў. На свята прыехаў і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У 100-ю гадавіну касцёла прыбыла такое мноства католікаў, каб праспяваць Богу ўрачыстае «Te Deum laudamus» за дар святыні. Да гэтага дня вернікі парафіі Вялікай Бераставіцы рыхтаваліся праз удзел у святых Імшах, што цэлебраваліся айцамі рэдэмптарыстамі, якія ўжо шмат гадоў рупліва і плённа вядуць тут душпастырскую працу. З нагоды юбілею пры касцёле можна было ўбачыць выставу прац на тэму «Парафіяльны касцёл у Вялікай Бераставіцы 1912–2012», якая прадстаўляла гісторыю касцёла за сто гадоў. Аўтар выставы — мастак Мікола Жлабовіч. Дзякуючы старанням мясцовым уладаў з нагоды юбілею касцёла беларуская пошта выпусціла паштоўкі і канверт з выявай бераставіцкай святыні. Юбілейныя ўрачыстасці распачаліся ў касцёле канцэртам духоўнай музыкі ў выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў бераставіцкай школы мастацтваў. Затым Мікалай Пацэнка, гісторык бераставіцкай зямлі, прадставіў гісторыю касцёла. Галоўнымі фундатарамі святыні былі Юзаф і Марыя Кассакоўскія. У святочнай Імшы прымалі ўдзел патомкі фундатараў, якія спецыяльна прыбылі з ЗША. У рэфераце гісторык нагадаў, што будаўніцтва святыні завяршылася ў 1912 годзе, і ўжо 2 кастрычніка 1912 г. яна была кансэкравана і аддадзена вернікам. 17 чэрвеня 1965 года касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся як склад. Святыня была вернута ў 1989 годзе дзякуючы старанням тагачаснага душпастыра кс. Казіміра Жыліса. Урачыстую літургію ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі Мітрапаліт заклікаў, каб людзі не саромеліся даваць добрае сведчанне сваёй веры, каб былі «жывымі старонкамі Евангелля». Арцыпастыр нагадаў, што Касцёл заўсёды быў пераследаваны, але з трагічных падзей выходзіў «ачышчаным і больш дынамічным». Іерарх прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннем: навошта людзям патрэбны Касцёл? У Касцёле чалавек атрымлівае святыя сакрамэнты, так неабходныя для збаўлення. Прымаючы сакрамэнт, чалавек зведвае, што Бог палюбіў яго і клапоціцца аб ім. Асоба, якая прымае сакрамэнт, становіцца знакам Хрыста, бо ў яе жыцці дзейнічае ласка Божая. У гаміліі Мітрапаліт таксама ўказаў на новыя метады абвяшчэння сёння Евангелля, сярод іх вылучыўшы СМІ, што з’яўляюцца новым інструментам евангелізацыі, да якой заахвочвае папа Бэнэдыкт XVI. На заканчэнне іерарх заклікаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, які на працягу столькіх гадоў няспынна суправаджае Касцёл. «Трэба адкрыцца на дзеянне Духа, які так моцна нам патрэбны. Трэба прасіць Яго, каб змяняў нас і ўчыніў веснікамі любові», — заклікаў арцыбіскуп Кандрусевіч. На юбілейную ўрачыстасць скіраваў віншавальны ліст біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Святкаванне юбілею іерарх назваў выразам памяці і выказаў удзячнасць галоўным фундатарам святыні. «Прагну падзякаваць Пану Богу за гэтую святыню і за ўсіх тых, хто прычыніўся да яе вяртання і вяртання ёй дастойнага выгляду. Цешуся і дзякую Богу за тое, што сёння гэты дом Божы дагледжаны і прыгожы, што ў ім збіраюцца вернікі, каб слухаць Божае слова і прымаць святыя сакрамэнты, вучыцца жывой веры», — напісаў у пасланні глава Касцёла на Гродзеншчыне. На заканчэнне Імшы пробашч а. Вальдэмар Слота падзякаваў усім людзям добрай волі за малітоўную падтрымку і фінансавае інвеставанне ў апошнія гады, дзякуючы чаму ўдалося ўпарадкаваць святыню і прылягаючую да яе тэрыторыю. На ўспамін для наступных пакаленняў аб святкаванні 100-годдзя кансэкрацыі касцёла быў пасаджаны дуб. Кс. Юрый Марціновіч (VGr) |
Фотарэпартаж |