Святар, які 20 гадоў працаваў у Беларусі, атрымаў папскі крыж заслугі «Pro Ecclesia et Pontifice» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
05.01.2013 13:06 |
Айцец Караль Барнас CSsR, які зараз служыць у Польшчы, атрымаў папскі крыж заслугі «Pro Ecclesia et Pontifice» — узнагароду ад Святога Айца Бэнэдыкта XVI па запыце біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Такім чынам гродзенскі ардынарый ацаніў 20-гадовую руплівую працу а. Барнаса ў Беларусі, у прыватнасці яго ўклад у жыццё Гродзенскай дыяцэзіі. На працягу 20 гадоў айцец Барнас з’яўляўся пробашчам парафій у Вялікіх Эйсмантах і Заневічах. Быў таксама дэканам дэканату Вялікая Бераставіца. У парафію ў Вялікіх Эйсмантах, як узгадвае сам святар, ён прыбыў 27 мая 1990 г., праз некалькі дзён атрымаў яшчэ дзве парафіі — у Заневічах і Вялікай Бераставіцы. Католікаў на гэтых тэрыторыях было каля 3 з паловай тысяч. (AG) |