Успамін благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай адзначылі яе духоўныя дочкі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
31.10.2012 11:48 |
26 кастрычніка 2012 г. сёстры змёртвыхпаўстанкі адзначалі дзень сваёй заснавальніцы благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. З гэтай нагоды адбылася іх пілігрымка з Наваполацка да былой Абрэмшчыны на Гродзеншчыне — месца, дзе благаслаўлёная Цэліна пражыла 21 год. Гісторыя жыцця благаслаўлёнай вельмі цікавая. Яна нарадзілася ў 1833 г. у Антовіле каля Оршы. Па волі бацькоў выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага з Абрэмшчыны, хоць з дзяцінства хацела служыць Богу як сястра законная. Дваіх дзяцей пахавала, дваіх выгадавала. У 41 год аўдавела. Пасля смерці мужа рэалізавала жаданне, якое мела з дзяцінства: калі старэйшая дачка выйшла замуж, разам з малодшай дачкой Ядвігай благаслаўлёная Цэліна стала заснавальніцай новай супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. 26 кастрычніка ў Заневічах (былая Абрэмшчына) у капліцы, дзе пахаваны муж і дзеці благаслаўлёнай Цэліны, адбылася святая Імша з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, пробашча парафіі ў Эйсмантах кс. Мікалая Ціхановіча, які таксама наведвае Заневічы, кс. Паўла Беланоса, кс. Андрэя Казлоўскага і айца рэдэмптарыста Вальдэмара Слоты, які прамовіў гамілію. Святар звярнуў увагу на заслугі благаслаўлёнай Цэліны ў галіне духоўнага выхавання людзей, сярод якіх яна жыла і працавала, даючы сведчанне даверу Богу ў кожнай сітуацыі жыцця. |
Фотарэпартаж |