Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіянская моладзевая пілігрымка: разважанне над сном кс. Яна Боско
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.07.2014 12:22

29 чэрвеня распачалася Салезіянская моладзевая пілігрымка. У пілігрымцы сёлета прымаюць удзел маладыя людзі з Мінска, Смаргоні, Бараўлян, Дзятлава, Ліды, iншых гарадоў і вёсак i з Расіі. Падчас 6 дзён юбілейнай, 15-й, салезіянскай пілігрымкі моладзь будзе разважаць над сном кс. Яна Боско аб 10 брыльянтах.

Дзень першы: «брыльянт веры»

Канферэнцыі ў гэтым годзе праводзіць кс. Юзаф Нуцкоўскi SDB, які зараз нясе святарскую паслугу ва Украіне. Першы дзень прысвечаны «брыльянту веры».

Менавіта вера з'яўляецца зброяй, з дапамогай якой можна перамагчы падступкі д’ябла. Падчас канферэнцыі кс. Юзаф звярнуў увагу на тое, што вельмi важна жыць верай,а не быць спаўняльнікамі ўсталяваных абавязкаў.

Дзень другі: «брыльянт надзеі і беднасці»

Другі дзень, 30 чэрвеня, пілігрымы разглядалі іншыя тэмы. Падчас канферэнцыі і працы ў групах разважалі над брыльянтамі надзеі і беднасці.

Ксёндз Боско падкрэсліваў, што беднасць адкрые кожнаму Нябесныя Брамы, а Надзея павінна быць не на людзей, а толькі на Бога.

Святар казаў, што зараз беднасць успрымаецца як загана, але беднасць можа мець i станоўчы аспект! Галоўная беднасць не ў адсутнасцi матэрыяльных сродкаў, але ў немагчымасцi дзялiцца любоўю адно з адным.

Дзень трэці: «брыльянт любові і чысціні»

Падчас трэцяга дня пілігрымы разважалі над брыльянтамі любові і чысціні. У канферэнцыi кс. Юзаф параўнау выбар жыцця ў чысцiнi са знакамi дарожнага руху — мы можам iх не слухацца, але цi прывядзе гэта нас да дабра, цi будзем мы ехаць далей па добрай дарозе.

Пасля канферэнцыi пiлiгрымы працягнулi свой шлях, на якiм іх напаткаў дождж. Але не вельмi добрыя ўмовы надвор'я не сапсавалi агульнага настрою пiлiгрымкi. Бо пілігрымы - гэта не тыя, хто ў дарозе шукае камфорту. Калі чалавек сапраўды  штосьці любiць, то з радасцю будзе ахвяроўваць усе цяжкасцi на збаўленне душ.



У Вiлейцы пілігрымаў гасцiнна прывiталi жыхары горада i святары, якiя нясуць паслугу ў мясцовым касцёле. Пасля святой Iмшы ўсе пiлiгрымы разышлiся на начлег. Але на гэтым праграма дня не скончылася. Як i кожны дзень, ўвечары зладзiлі прадстаўленне працы, якую выконвалі па групах.

Пілігрымы танчылi, спявалi, слухалi сведчанне аднаго з пiлiгрымаў наконт любовi. Пасля чакала традыцыйнае «слоўка». Яно нагадала, што Хрысту не важна, колькi матэрыяльных сродкаў маюць людзі, Ён глядзiць толькi на скарб, які яны нясуць у сваёй душы.

Дзень чацвёрты: «брыльянт працы і паслухмянасці»

2 ліпеня, у чарговы дзень пілігрымкі, «падарожныя духу» разважалі над тэмай «праца і паслухмянасць». Бiскуп Юрый Касабуцкi ўзначаліў Імшу і ў гаміліі адзначыў, што пiлiгрымка — гэта не проста вандроўка, але сведчанне. Побач з кожным, па словах іерарха, ёсць чалавек, якi чакае нашага прыкладу, i толькi ад нас залежыць, якое сведчанне мы зможам даць.



 

 

 

 

 

 

 

 

 

Напрыканцы Iмшы бiскуп пажадаў усiм пiлiгрымам адважна крочыць на гэтым шляху, каб потым прыйсцi да неба, можа, прывёўшы з сабой яшчэ 200 душаў, аб якiх зараз мы нават i не здагадваемся.

Пасля Iмшы моладзь салезiянскай пiлiгрымкi мела магчымасць памалiцца ля крыжа i абраза Мацi Божай — сімвалаў Сусветнага дня моладзі.

Падчас канферэнцыі кс. Юзаф падкрэсліў, што праца не павiнна быць толькі абавязкам, што яна таксама можа дапамагчы ў справе збаўлення сваёй душы i душаў iншых людзей.

У вёсцы Куранец моладзь з Дзятлава прадставіла сцэнку для мясцовых жыхароў, у якой паказала, як важна цалкам давяраць нашаму нябеснаму Айцу. Увечары пілігрымаў чакаў «Шлях Святла» — 14 канкрэтных крокаў, якія зрабіў Хрыстус пасля Уваскрасення.

Падчас малітвы «Шляху Святла» пілігрымы таксама разважалі над брыльянтамі, якія маем у сваім сэрцы. Напрыканцы малітвы кожнага чакала ўзнагарода — кардонныя «брыльянты» з думкамі па тэме дня і парадамі, як дасягнуць паслухмянасці і не баяцца працы ў сваім жыцці.

Скончыўся дзень, як заўсёды , «слоўкам на дабранач», у якiм удзельнікі пілігрымкі пачулi, што ўсё трэба рабiць у свой час, а не адкладаць на потым рэчы, якiя зараз не вельмi хочацца рабiць. Менавiта ў гэтым, як было адзначана, праяўляецца нашая праца i паслухмянасць.

Дзень пяты: «брыльянт устрыманасці і посту»

У пяты дзень падчас Імшы і канферэнцыі кс. Юзаф падкрэслiў, што пост не дыета i не проста адмаўленне на нейкі час ад рэчаў, якiя чалавек любіць, - гэта ўчынак любові. Бо, па словах святара, калі Хрыстус аддаў сваё жыццё за мяне, няўжо мне складана захоўваць пост у пятнiцу? Гэта і будзе адказам на любоў Хрыста.



Разважаннi над брыльянтамi дня працягнулiся ў працах па групах.

У Крывiчах удзельнікі пілігрымкі сустрэлі пiлiгрымаў з Гудагая i Маладзечна. Увечары адбылася адарацыя i сцэнка, падрыхтаваная моладдзю з Мiнска. Пасля пілігрымаў чакаў адпачынак у палатачным гарадку.

Дзень шосты: узнагарода

У апошні дзень пілігрымкі ўдзельнікі разважалі над узнагародай, якая чакае кожнага, калі адважыцца ісці з Хрыстом Яго шляхамі. Таксама ўзнагародай з'яўляецца тое, што маладыя вернікі дасягнулі мэты пілігрымкі - прыйшлі да Маці Божай Будслаўскай.

Падчас канферэнцыі кс. Юзаф адзначыў, што мэтай і адначасова ўзнагародай жыцця з'яўляецца жыццё вечнае. Пасля канферэнцыі адбыўся Крыжовы шлях, падрыхтаваны аніматарамі, падчас якога ўдзельнікі разважалі над сваім пілігрымскім шляхам, параўноўваючы яго са шляхам, які прайшоў Хрыстус.

Пасля абеду і канферэнцыі пілігрымы накіраваліся да Будслава, дзе іх чакала сустрэча з Маці Божай, якая апякуецца кожным.

Падчас 15-й юбілейнай салезіянскай пілігрымкі кожны атрымаў канкрэтныя інструменты, з дапамогай якіх можа спрабаваць змяняць сваё жыццё ў лепшы бок. Галоўнае - не ленавацца і быць адкрытым на голас Хрыста ў сваім жыцці. Скончыць трансляцыю гэтай пілігрымкі хочацца словамі кс. Боско: "Не хачу, каб вы былі ідэальнымі, хачу, каб вы навучыліся любіць".
 

Таццяна Ісакава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.