Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Святар, які да канца прысвяціў сябе справе збаўлення людзей»: пахаванне кс. Яна Занеўскага адбылося ў Квасоўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.06.2015 13:29

10 чэрвеня ў парафii Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (Гродзенская дыяцэзiя) адбыліся ўрачыстасці пахавання кс. Яна Занеўскага, пробашча гэтай парафіі, які адышоў у вечнасць 6 чэрвеня на 50-м годзе жыцця і 25-м годзе святарства.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У пахавальных урачыстасцях прынялі ўдзел бацькі і блізкія спачылага, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі, 130 святароў, кансэкраваныя асобы з Беларусі і з-за мяжы, прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, мясцовыя ўлады Гродзенскага раёна і вялікая колькасць вернікаў.

Пасля Імшы адбылося пахаванне кс. Яна Занеўскага. Труну з целам спачылага пранеслі каля касцёла вернікі, а ад касцёла да могілак неслі святары.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў словы Святога Пісання аб тым, што чалавеку дадзена адзін раз памерці, а потым адбываецца суд. “Гэтая праўда заўсёды актуальная. Але чалавек створаны для жыцця, якое нам, грэшным, падарыў Хрыстус”, - сказаў іерарх і дадаў, што гэтай праўдзе вучыў людзей кс. Ян Занеўскі, які цяпер “сам стаў перад ёю тварам у твар”, і менавіта таму Касцёл давярае Божай міласэрнaсці памерлых і моліцца аб супакоі іх душаў”.

Арцыбіскуп прадставіў жыццёвы шлях спачылага, які нарадзіўся ў вельмі пабожнай сям’і ў заневіцкай парафіі, з якой выйшла шмат святароў, у тым ліку біскуп Юзаф Станеўскі; распавёў таксама пра яго служэнне ў Расіі і Беларусі. Ксёндз Ян Занеўскі адразу пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння выехаў разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам у Маскву, каб там яму дапамагаць. Ён быў першым канцлерам Маскоўскай курыі і праявіў сябе, па словах арцыбіскупа, як выдатны арганізатар, чалавек дыялогу з уладамі і іншымі веравызнаннямі, перадусім з Праваслаўнай Царквой. “Цяжка было б уявіць адраджэнне Касцёла ў Расіі без яго служэння, - сказаў арцыпастыр. - Ужо тады ён моцна хварэў. Быў нават такі момант, калі здавалася, што яго дні палічаныя, бо сапраўды смерць зазірала яму ў вочы”. Ён, аднак, успрымаў яе пагрозу спакойна, чаго Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч быў асабістым сведкам. Іерарх дадаў, што, можа, тыя, хто быў побач, былі больш перапужаныя, чым сам святар. Удалося скіраваць яго ў шпіталь у Вероне (Італія), дзе ён атрымаў кваліфікаванае лячэнне, што і працягнула яго жыццё.

Мітрапаліт нагадаў таксама, што, будучы вельмі здольным, кс. Ян Занеўскі паспяхова завяршыў вучобу ў Папскім Латэранскім універсітэце і стаў ліцэнцыятам кананічнага права. Працаваў у касцёльным судзе Гродзенскай дыяцэзіі. Апошнія амаль 15 гадоў быў пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы і адначасова абслугоўваў парафію Божай Міласэрнасці ў Свіслачы. На гэтай пасадзе праявіў сябе як выдатны пастыр, які клапаціўся аб збаўленні людзей.

Сваім ахвярным служэннем Богу і Касцёлу ён, па словах Мірапаліта, заслужыў вялікі аўтарытэт у вернікаў не толькі Гродзенскай дыяцэзіі, але і далёка за яе межамі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў, што, калі ён знаходзіўся на Эўхарыстычым кангрэсе ў Навасібірску, атрымаў звестку аб смерці кс. Занеўскага і аб’явіў аб гэтым, то ўсе прысутныя ў катэдральным касцёле ўсталі і пачалі маліцца “Анёл Панскі”. Таксама ў інтэнцыі кс. Яна Занеўскага, дадаў іерарх, сёння моляцца не толькі ў Квасоўцы, але і ў Маскве, Мінску, Рыме і многіх іншых месцах.

Мітрапаліт задаў пытанне: “Чаму нас сёння так шмат?” – і адказаў на яго: “Таму, што развітваемся з вельмі паважаным і заслужаным для Касцёла чалавекам”. “Найперш – гэта святар, які да канца прысвяціў сябе справе збаўлення людзей”, - сказаў арцыпастыр. Іерарх нагадаў, што благаслаўлёны Ежы Матулевіч-Матулайціс маліўся так: “Божа, дапамажы мне быць шматай, якой сціраюць пыл з алтара, дапамажы быць свечкай, якая згарае да канца на алтары”. Ксёндз Ян, па словах Мітрапаліта, найперш спяшаўся сціраць пыл і бруд з чалавечых душаў, ачышчаў іх і ў сакрамэнце пакаяння вяртаў людзям стан святыні Духа Святога.

Не баяўся ён, як адзначыў іерарх, і сціраць пыл матэрыяльны: выбудаваў капліцу ў Свіслачы, аднавіў касцёл і парафіяльны дом з катэхетычнай залай у Квасоўцы; клапоцячыся пра стан чалавечых душаў, згарэў, як свечка на алтары, каб толькі святлом Евангелля асвячаць людзей. Асаблівым клопатам ён ахінаў моладзь, адзначыў Мітрапаліт і падкрэсліў, што ад яго зыходзіла шмат прапаноў, каб інтэнсіфікаваць душпастырства моладзі і не страціць яе ў сучасным секулярызаваным свеце. Таксама кс. Ян Занеўскі “добра разумеў, што азначаюць медыя ў евангелізацыі”, і заснаваў парафіяльны сайт з мэтай больш шырокага абвяшчэння Евангелля, асабліва моладзі. З гэтай мэтай ён заснаваў і парафіяльны гурт “Май”. Асаблівую ўвагу звяртаў на катэхізацыю дзяцей і моладзі, вядомы быў і сваёй гасціннасцю, вельмі ахвотна прымаў пілігрымкі.

“Верна цэлебруючы сакрамэнты, ён нёс людзям збаўчую ласку. А служачы ім у любові, будаваў парафіяльную супольнасць, - сказаў Мітрапаліт. - Будаваў з такой моцай, што квасоўская парафія стала вядомай ва ўсёй краіне”. Таксама кс. Ян вельмі шмат учыніў для пашырэння культу благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай – заснавальніцы супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак у Беларусі.      

Адным словам, падсумаваў іерарх, ксёндз Ян Занеўскі быў, паводле словаў Езуса, соллю зямлі і святлом свету.

“Сённяшняе пахаванне, кажучы чыста па-чалавечы, нясе смутак. Развітваемся з яшчэ маладым святаром, які мог бы доўга і плённа служыць людзям, - адзначыў арцыпастыр. - Аднак Бог яго паклікаў. Мы не можам зразумець да канца гэтай таямніцы. Але на смерць ксяндза Яна мы павінны глядзець праз прызму праўды Уваскрасення. Гэтай праўдзе вучыў ксёндз Ян і сёння сам яе перажывае. Гэтая праўда нам кажа, што са смерцю жыццё чалавека не завяршаецца; яно толькі змяняецца, але ніколі не завяршаецца”.

Мітрапаліт нагадаў, што, як верны распарадчык сакрамэнтаў і асабліва Эўхарыстыі, кс. Ян вучыў людзей праўдзе, што Эўхарыстыя з’яўляецца хлебам вечнага жыцця.

Арцыбіскуп яшчэ раз узгадаў, што ў дзень смерці кс. Яна знаходзіўся ў Навасібірску, дзе прымаў удзел ва Усерасійскім Эўхарыстычным кангрэсе на тэму “Я есмь хлеб жизни”. 6 чэрвеня ў першай палове дня Мітрапаліту патэлефанаваў біскуп Юзаф Станеўскі і сказаў, што кс. Ян знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане рэанімацыі. А трэцяй гадзіне, гадзіне Божай Міласэрнасці, Мітрапаліт выступаў на кангрэсе з дакладам на тэму “Пастырскі аспект Эўхарыстыі”. Напрыканцы дакладу іерарх распавёў прысутным наступную гістрыю. Святар адной англамоўнай парафіі заўважыў, што ў сярэдзіне дня ў касцёла пачаў прыходзіць чалавек, які станавіўся на калені і праз хвіліну выходзіў. Святар спытаў яго, чаму ён так дзіўна робіць, і чалавек адказаў, што падчас абедзеннага перапынку прыходзіць памаліцца. Святар сказаў, што ўсё выглядае вельмі несур’ёзна. Чалавек адказаў, што хацеў бы памаліцца даўжэй, але не мае часу, бо трэба спяшацца на працу. “А як ты молішся?” - спытаў святар. Чалавек сказаў, што ўваходзіць у касцёл, становіцца на калені, кажа: “Вітай, Езу, я Джон”, - і выходзіць. Праз нейкі час гэтага святара паклікалі да паміраючага хворага. Святар прыйшоў і ўбачыў, што гэта той самы Джон. Паміраючы сказаў яму: “Я бачу Езуса, які мне кажа: “Джон, увайдзі ў Маё Валадарства””.

Гэты аповед, па словах Мітрапаліта, кажа аб тым, што Езус застаецца верным сваім абяцанням, што, хто Яго прымае ў Эўхарыстыі, атрымае жыццё вечнае.

“Мы ведаем памерлага як ксяндза Яна Занеўскага. Але ў Маскве, і нават часам у Беларусі, яго называлі Джон”, - сказаз арцыбіскуп і падкрэсліў, што вельмі вымоўна тое, што гэты святар памёр у гадзіну Божай Міласэрнасці, у той час, калі беларускі іерарх у далёкім Навасібірску распавядаў гісторыю Джона.



 

“Ксёндз Ян, наш любімы і паважаны Джон, сёння табе дзякуе Касцёл у Беларусі і ў Расіі за тваё вернае служэнне. Дзякуе асабліва Гродзенская дыяцэзія, парафія ў Квасоўцы і Свіслачы. Дзякуюць усе, хто цябе ведаў. Ты верна служыў Богу і Касцёлу, верна абвяшчаў Божае слова, верна цэлебраваў сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, - сказаў Мітрапаліт, - няхай Хрыстус сёння скажа табе: “Увайдзі ў Маё Валадарства”, - бо была гадзіна Божай Міласэрнасці, калі ты спаткаўся з Міласэрным Езусам у вечнасці”.

Ксёндз Ян Занеўскі нарадзіўся 29 лістапада 1965 г. у мясцовасці Заневічы ў сям’і Тадэвуша і Тэрэзы Занеўскіх. У тым жа годзе быў ахрышчаны кс. Мацяеўскім у парафіяльным касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата ў Заневічах.  

У 1973-1983 гг. вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Луцкаўляны . У 1984-1986 гг. вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме ў Гродне.

15 жніўня 1986 года з рук біскупа Цакулса ў санктуарыі Маці Божай Аглонскай у Латвіі прыняў сакрамэнт канфірмацыі.

У перыяд 1986-1991 гг. вучыўся  ў Вышэйшай Мітрапалітальнай  семінарыі святога Тамаша Аквінскага ў Рызе (Латвія).

26 мая 1990 года прыняў дыяканскае пасвячэнне ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне з рук арцыбіскупа Франчэска Каласуонна, Апостальскага дэлегата ў СССР, і быў накіраваны ў Мінскую дыяцэзію. 19 мая 1991 года ў малой базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, у той час Апостальскага адміністратара для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі.

У 1991-1994 гадах быў капеланам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама выконваў абавязкі канцлера курыі Рыма-каталіцкай адміністратуры і вікарыя парафіі Св. Людовіка ў Маскве.

У 1995-1997 гг. вучыўся  ў Папскім Латэранскім універсітэце на факультэце кананічнага права. Пасля яго заканчэння атрымаў ступень ліцэнцыята кананічнага права.

У 1997-2000 гг. выконваў пастырскае служэнне ў якасці адміністратара парафіі Св. апп. Пятра і Паўла ў Ружанцы каля Шчучына.

З 27 жніўня 2000 г. да дня смерці выконваў абавязкі пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы з абслугоўваннем вернікаў у вёсцы Свіслач, дзе разам з парафіянамі пабудаваў філіяльны касцёл Божай Міласэрнасці.

Злучаў з пастырскім служэннем выкананне абавязкаў па касцёльным судаводстве Гродзенскай дыяцэзіі: з 1997 года - на пасадзе суддзі Міждыяцэзіяльнага касцёльнага  суду ў Гродне, у 2000-2005 гг. - на пасадзе біскупскага вікарыя (афіцыяла) Міждыяцэзіяльнага суду I інстанцыі ў Гродне.

У 2013 годзе быў прызначаны адказным па справах катэхізацыі  ў Гродзенскай дыяцэзіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З 2012 года быў віцэ-дэканам  і катэхетычным візітатарам дэканату Гродна-Захад.

Памёр 6 чэрвеня 2015 года ў гарадской бальніцы № 4 (Азотаўская) г. Гродна. 

(AG), (DN)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.