| 
  Нягледзячы на смутак, які нясе з сабою Вялікая субота, вернікі Лідчыны радасна спяшаліся ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Хоць асвячэнне велікодных страваў адбывалася штогадзіну, лідская Фара не магла змясціць шматлікіх вернікаў, якія прыходзілі цэлымі сем'ямі, каб памаліцца і асвяціць стравы на велікодны стол. 
На працягу дня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі асвячаў у лідскай парафіі стравы, якія прыносілі вернікі. Смутак і радасць стваралі непаўторную атмасферу гэтага дня.  
  «Святло Хрыста, які ў хвале ўваскрос, няхай разгоніць цемру нашых сэрцаў і думак», – радасным рэхам разнеслася ў гэты дзень з вуснаў дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, які цэлебраваў літургію Пасхальнай вігіліі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа. 
  
  Радаснае «Аллелюя!» нарэшце прагучала, каталіцкая супольнасць павялічылася на яшчэ аднаго католіка – Марыю, якая ў гэты дзень падчас літургіі прыняла сакрамэнт хросту і вызнала сваю веру перад сабранымі, што з’яўляецца радаснай і важнай падзеяй для ўсяго Касцёла. 
  Радасць, віншаванні, прыгожая і вымоўная ў сваёй сімволіцы літургія – такой была атмасфера вігіліі Уваскрасення Пана ў лідскім фарным касцёле.
  
 (AG)    
 |