Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пісьменніца Крыстына Лялько прэзентавала пераклад «Дзённіка» св. Фаўстыны Кавальскай на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.05.2016 18:01

24 мая на пачатку Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіць у Гродне, Крыстына Лялько, пісьменніца і рэдактар часопіса «Ave Maria», прэзентавала для ўдзельнікаў кангрэсу пераклад на беларускую мову «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай.

«Сёння я хацела б падзяліцца сведчаннем слабога чалавека, якому была дадзена ласка сумоўя з гэтым вялікім тэкстам, за што я вельмі ўдзячна Богу», — сказала перакладчыца, звяртаючыся да прысутных.

Пісьменніца адзначыла, што справа перакладу гэтай кнігі стала для яе сапраўдным дарам Божай міласэрнасці, які спачатку было цяжка прыняць.

Крыстына Лялько прыгадала, што экземпляр, з якога яна павінна была перакладаць, быў прывезены з Вільнюса, вуліцы Жытняй, дзе знаходзіцца кляштар сясцёр Божай Міласэрнасці. «Гэта была кніга 1983 года, другое выданне. Кніга была таўшчэзная, — прыгадвае перакладчыца, — тэкст быў надрукаваны на шэрай паперы, невыразным шрыфтам. Я пачынала яго чытаць і адкладвала».



Пісьменніца адзначыла, што зараз, калі часам вяртаецца да «Дзённіка», то чытае яго, забываючыся, што гэта яе пераклад. «Я чытаю яго як Святое Пісанне, бо тэкст Фаўстыны Кавальскай таксама боганатхнёны», — кажа яна.
Крыстына Лялько дадала, што самая вялікая ўзнагарода для яе як перакладчыцы — даведвацца, што «Дзённік» чытаюць.

У сувязі з гэтым яна прыгадала сваю сяброўку Галіну Тварановіч, праваслаўную, таксама пісьменніцу, якая падзялілася з аўтарам тым, як уразіў яе «Дзённік». «Ні адна кніга мяне так не ўражвала, нават Біблія», — прыгадала словы сяброўкі Крыстына Аляксееўна.

«Мы спецыяльна зрабілі гэта выданне на тонкай паперы, якую выкарыстоўваюць для друкавання Біблій, каб яна была зручнай і яе можна было лёгка ўзяць у дарогу», — кажа перакладчыца.

Таксама Крыстына Лялько дадала, што ў «Дзённіку» шмат разоў, як і ў Бібліі, паўтараюцца словы, скіраваныя Езусам да Фаўстыны: «Не бойся!»

«Працуючы над гэтым перакладам, — падзялілася Крыстына Лялько, — я таксама пачула гэтыя словы Хрыста, але скіраваныя і да мяне».

Пра сваю працу над перакладам «Дзённіка», якая доўжылася два гады, Крыстына Лялько напісала падрабязны артыкул, надрукаваны ў часопісе «Наша вера» (№ 1, 2016).


Аксана ЮчкавічФота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.