«Эўхарыстыя — гэта Хлеб моцных»: папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі ўзначаліў Імшу на кангрэсе ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
25.05.2016 17:38 |
25 мая спецыяльны пасланнік Папы кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на
пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, узначаліў святую Імшу ў межах
Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне. На пачатку Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх прысутных, дзякуючы за згоду прыняць удзел у свяце ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, якая ў гэтым годзе адзначае свой 25-гадовы юбілей. Біскуп нагадаў пра ўклад пакаленняў, без якога немагчыма развівацца і ісці далей: «На набытках мінулых пакаленняў ствараецца наша будучыня Касцёла».
Кардынал Зянон Грахалеўскі прамовіў да прысутных духоўных і свецкіх асобаў гамілію, у якой звярнуў увагу на жыццёвы шлях чалавека, падчас якога ён рыхтуе сабе месца ў вечнасці, адзначыўшы, наколькі на гэтым шляху душа патрабуе падтрымкі, якую можа знайсці толькі ў еднасці з Хрыстом праз Эўхарыстыю. Час, каб заслужыць вечнасць «Наша зямное жыццё з'яўляецца перыядам спробаў, у якім мы можам заслужыць вечнае жыццё. І нічога дзіўнага, што жыццё на зямлі не такое простае, што мы сустракаем шмат цяжкасцяў і перашкод. Асабліва зараз сустракаем шмат людзей, якія ўжо настолькі спрацаваныя, стомленыя жыццём.
Колькі патрэбна моцы, каб застацца верным Богу, тады, калі д'ябал аж выходзіць з сябе, каб адлучыць нас ад Хрыста, тады, калі наша прырода цягне нас да граху, а свет хоча вырваць з нашай душы скарбы Божай ласкі?... Дзе ўзяць гэту моц?» — звярнуўся з пытаннем кардынал, дадаўшы, што свет не ў стане даць чалавеку патрэбнай моцы. Свет, па словах іерарха, не можа даць моцы ўнутранай, духоўнай, з дапамогай якой можна будзе застацца верным Касцёлу, Евангеллю і любячаму Богу. Моц, якую не можа даць свет, дае чалавеку Хрыстус у Эўхарыстыі
«Гэтую моц нам можа даць толькі Хрыстус, які ў велічы сваёй боскай любові так моцна нас палюбіў, што не толькі памёр за нас на крыжы, але і застаўся ў гэтым найбольшым акце любові, у ахвяры крыжа, з намі назаўсёды, каб нас умацоўваць, каб нас падбадзёрваць на цвёрдую дарогу жыцця, застаўся ў Эўхарыстыі як спажытак, як хлеб», — заўважыў іерарх. Папскі легат прыгадаў, як разумелі значэнне Эўхарыстычнага Езуса першыя хрысціяне, што неаднаразова заахвочвалі сябе да прыняцця святой Камуніі словамі: «Eamus ad vitam!», што азначае: «Хадзем за жыццём, за моцаю, за святасцю!» Кардынал дадаў, што часта яны насілі з сабою цыборыум з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і калі іх сустракала небяспека мучаніцкай смерці, то перад расправай спажывалі Цела Збаўцы і, умацаваныя, аддавалі жыццё за Хрыста. Таму Эўхарыстыя — гэта Хлеб моцных, непахісных і прамяністых душаў, адзначыў кардынал. Іерарх падкрэсліў, што спажыванне гэтага «Хлеба моцных» дапамагае не толькі насычаць галодныя душы, але і трываць у добрым. Эўхарыстыя, заўважыў кардынал, дапамагае пазбягаць граху і вядзе да перамогі, і засведчыць гэта могуць многія вернікі, якія праз частае прыняцце святой Камуніі змаглі выйсці з цемры граху на святло свабоды.
Таму на заканчэнне гаміліі кардынал заахвоціў працягнуць рукі да «Хлеба моцных»: «Калі мы адчуваем сябе слабымі, хворымі духоўна, калі нам не хапае сіл да жыцця, да таго, каб заставацца ў ласцы, калі мы баімся за нашае збаўленне, калі нас прыгнятае цяжар грахоў і памылак, то працягнем рукі за "Хлебам моцных"». «Прыйдзем да Езуса і прымем Яго з шырока адкрытым сэрцам, бо святая Камунія — як калісьці пісала св. Кацярына Сіенская, — вялікае Божае вогнішча, — дадаў кардынал Зянон Грахалеўскі. — Да яго можна падысці з запалкаю, а можна з паходняю. І ў залежнасці ад таго, з чым падыдзем, столькі і забярэм гэтага Агню, Святла і Моцы». Аксана Ючкавіч Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |