Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь Гродна падзякавала за Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс малітвай праслаўлення (+відэа)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.05.2016 01:35

Вечарам 25 мая ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка)  прайшла малітва праслаўлення. Моладзь Гродна і ваколіц дзякавала Богу за 25-годдзе заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які ў гэтыя дні праходзіць у горадзе над Нёманам.

Разам з моладдзю праславіць Бога ў касцёл на Дзевятоўцы прыйшлі кансэкраваныя асобы на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB, які перад малітвай праслаўлення цэлебраваў святую Імшу.

«Сёння мы маем свабоду веравызнання. Будуем прыгожыя святыні, але дзеля чаго? Не дзеля таго, каб будаваць маўзалеі Езусу, а дзеля таго, каб гэтыя святыні сталі жывымі святынямі, дзе вернікі прыходзяць на сустрэчу з Езусам Хрыстом. Таму жадаю ўсім нам, браты і сёстры, цаніць дар Эўхарыстыі ў сваёй душы, не марнаваць яе кожны дзень, а па магчымасці ў ёй удзельнічаць, спяшацца на сустрэчу з Езусам, адзіным Збаўцам і Панам нашага жыцця. Цаніце Эўхарыстыю, жывіце Эўхарыстыяй і спяшайцеся да Езуса Хрыста!» — заклікаў прысутных іерарх.

Пасля святой Імшы прайшла сама малітва хвалы. Моладзь спявала, танчыла і ўзносіла рукі, каб яшчэ раз праславіць Збаўцу за ўсе дары, а асабліва за дар Эўхарыстыі.

Падчас малітвы праслаўлення можна было пачуць таксама сведчанні дзвюх дзяўчын, якія распавялі гісторыі свайго навяртання да Бога і аднаўлення веры.


Сваімі незвычайнымі спевамі разбавіла малітву праслаўлення моладзь з Нігерыі. Дзяўчаты і хлопцы з гэтай афрыканскай краіны стварылі цэлы хор з галасоў рознай танальнасці.


Пасля малітвы праслаўлення моладзевы гурт «Open» выканаў некалькі кавераў на вядомыя хрысціянскія спевы. Пад гукі барабанаў, гітарныя сола і прыгожы жаночы вакал моладзь танчыла, пляскала ў далоні і падпявала музыкам.

Напрыканцы малітвы праслаўлення біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB благаславіў удзельнікаў.

Скончылася сустрэча каля вогнішча, дзе самых стойкіх чакаў прыемны сюрпрыз — смажаныя каўбаскі.

Так арыгінальна і цікава моладзь падзякавала Богу за першы ў гісторыі нашай краіны Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс. А пра тое, што змяняецца ў сэрцы і жыцці пасля прыняцця Эўхарыстыі, Catholic.by распавялі некаторыя ўдзельнікі.

«Эўхарыстыя натхняе мяне рабіць добрыя ўчынкі, я хачу любіць увесь свет і з усімі дзяліцца Хрыстом», — дзеліцца Ганна Кузьміч з Каробчыц.

Жаданне рабіць дабро ўзнікае таксама ў Андрэя Кахновіча з Гродна. «Пасля Эўхарыстыі Бог дае такія сілы, што хочацца дапамагаць іншым людзям», — заўважае хлопец. r«Штосьці змяняецца ў жыцці. Ты набываеш душэўны спакой і ўпэўненасць. Ты ведаеш, што ў цябе хтосьці ёсць за спіной. І калі нават будзе цяжка, Ён табе дапаможа. Пасля прыняцця святой Камуніі ў мяне асабіста з’яўляюцца адказы на некаторыя пытанні. І менавіта Эўхарыстыя часта дапамагае прыняць правільнае рашэнне», — распавяла Кацярына Саковіч з Гродна. rСяброўка Кацярыны Марыя Асіповіч распавядае, што Эўхарыстыя дае ёй натхненне і надзею на лепшае.

«Часам прыходзіш з нейкай праблемай у сэрцы, з нейкім хваляваннем. Цябе гэта хвалюе, і ты не можаш знайсці адказ, таму прыходзіш з гэтым да Бога і просіш: “Божа, дапамажы мне, калі ласка”. І сапраўды, атрымліваеш натхненне і надзею на тое, што не ўсё так дрэнна, што сапраўды ёсць пазітыўнае выйсце. Ты давяраеш праблему Богу, і яна сапраўды вырашаецца».rМарына Валасар,
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.