«Восем начлегаў, дзясяткі кілаграм крупаў і дарога ў 250 км»: кс. Уладзіслаў Сурвіла пра ІІ пешую пілігрымку «Ліда-Будслаў» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
21.06.2016 09:27 |
Другая па ліку пілігрымка ў Будслаў з Ліды распачнецца сёлета 23 чэрвеня. Дарога ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, як і летась, складзе дзевяць дзён. На сваім шляху пілігрымы будуць спыняцца на начлег у Ліпнішках, Юрацішках, Вішневе, Кібуцях, Маладзечне, Любані, Касцяневічах і Ваўкалатцы. Лідская пілігрымка, як і пілігрымка «Баранавічы-Будслаў», стане самай доўгай па працягласці з усіх, якія арганізуюцца ў гэтым годзе. Кс. Уладзіслаў Сурвіла — святар з рацыяй — поруч з духоўнымі асобамі падчас пілігрымкі «Ліда-Будслаў» Як адзначыў у каментарыі Catholic.by галоўны арганізатар дзевяцідзённага шляху вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (фары) кс. Уладзіслаў Сурвіла, сёлета чакаецца ўдзел больш за 100 пілігрымаў.
Паводле слоў святара, удзельнікі пілігрымкі вучацца быць аўтаномнымі і
бяруць з сабою намёты, каб у выпадку чаго быць падрыхтаванымі да начлегу
пад адкрытым небам.
Ксёндз Уладзіслаў дадае, што ў некаторых вёсках пілігрымаў кормяць самі вяскоўцы. Тым не менш для палявой кухні пілігрымкі «Ліда-Будслаў» ужо сёння зроблены запасы ў дзясяткі кілаграмаў самых розных крупаў (грэчка, рыс), макаронаў і дзясяткі банак з тушонкаю. Арганізацыйны ўзнос за ўдзел у пілігрымцы, як адзначае святар, складае 100 тысяч беларускіх рублёў. Спецыяльную майку пілігрыма можна набыць за 100 тысяч, кепка пілігрымкі «Ліда-Будслаў» — яшчэ 50 тысяч. «Тракелі зусім побач ад Ліды, таму звычайна гэта пілігрымка ў адрозненні ад будслаўскай найкарацейшая, бо доўжыцца толькі дзень», — усміхаецца святар. |