«Два дні прайшло з таго моманту, калі выйшла пілігрымка Ліда-Будслаў, — піша ў рэдакцыю адзін з пілігрымаў Уладзіслаў Кудло. — Выходзіла нас 72 чалавекі, а заканчваем дзень у колькасці 83. За гэты час мы прайшлі 60 км. Хоць кавалак дарогі не такі і вялікі, але наш урач завалены працай».
Як адзначае Уладзіслаў, акрамя ўласных інтэнцый, з якімі ідзе кожны пілігрым, падчас пілігрымкі моляцца і за Беларусь, палітыкаў і кіраўнікоў дзяржавы.
«У нас шмат часу як на малітву, так і на новыя знаёмствы; час, каб пабыць з сябрамі, з якімі даўно не бачыўся. А каб дарога была весялейшай і лягчэйшай, мы арганізавалі пілігрымкавае радыё LB.FM, на хвалях якога можна пачуць як цудоўную музыку, так і дыялогі з цікавымі людзьмі», — дадае Уладзіслаў Кудло.
«Усе ў добрым настроі і збіраюцца крочыць да галоўнай мэты, не звяртаючы ўвагі на розныя цяжкасці і мазалі, — падсумоўвае Уладзіслаў. — Далучыцца да нашай пілігрымкі можна ў любы момант. Калі вы зацікавіліся, мы вас чакаем!»
Фота Маргарыты Пальчукевіч
|