13 лістапада дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі закрыў сімвалічныя Брамы Міласэрнасці ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (фара). Святыя Дзверы былі адчынены на працягу ўсяго Юбілейнага Года Міласэрнасці, і вернікі, праходзячы праз іх, мелі магчымасць атрымаць спецыяльныя адпусты.
Іерарх узначаліў святую Імшу, падчас якой заахвоціў да выражэння падзякі Пану Богу за пражыты год ласкі. У гаміліі біскуп адзначыў, што сімвалічнае закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў святыні не азначае, аднак, спынення ўдзялення Божай Міласэрнасці.
«Гэты пражыты намі год быў урокам міласэрнасці. Зараз час для дзейнасці. Гэта час, каб мы ішлі ў свет і пазначалі яго нашым дотыкам, каб былі міласэрнымі да іншых, каго Пан ставіць кожны дзень на шляху нашага жыцця», — сказаў іерарх. ![](/2/images/stories/news/2016/11/2016-11-14-swdzwery3.jpg)
Біскуп заклікаў усіх прысутных кожны дзень практыкаваць учынкі міласэрнасці адносна душы і цела, падкрэсліўшы, што гэтага жадае ад кожнага чалавека сам міласэрны Бог.
![](/2/images/stories/news/2016/11/2016-11-14-dzwery4.jpg)
Напамінам пра гэты час надзвычайнай Божай ласкі, якая сыходзіла на тых, хто праходзіў праз Брамы Міласэрнасці, атрымліваючы адпусты, стане памятны знак Года Міласэрнасці, які ў гэты дзень, што завяршае Юбілей Міласэрнасці ў лакальных Касцёлах, быў умураваны ў сцяну святыні.
Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
|