Сакрамэнт канфірмацыі ў Лагойску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.06.2010 11:56 |
12 чэрвеня 2010 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле святога Казіміра ў Лагойску. Падчас літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 22 вернікам. У гаміліі Мітрапаліт нагадаў вернікам пра значэнне сакрамэнту канфірмацыі — сакрамэнту хрысціянскай сталасці. «Чалавек, пастаянны ў сваіх пастановах і ў жыцці, заўсёды ў пашане іншых людзей. Падобна павінна быць і ў духоўным жыцці. Бог хоча, каб мы былі сталымі ў захаванні абяцанняў хросту і маральных нормаў. Ён даў іх чалавеку ў Божым законе і Евангеллі. Толькі праз іх захаванне чалавек захавае ў сабе вобраз Божы, паводле якога быў створаны, — нагадаў арцыпастыр. — Ведаючы гэта, чалавек, аднак, вельмі часта адыходзіць ад іх. Прырода чалавека, парушаная першародным грахом, цягне да зла. Чалавек ведае, чым з’яўляецца дабро, і ў той жа час чыніць зло. Без Божай дапамогі ён не здольны вытрываць у добрым». «Бог, аднак, не пакінуў чалавека аднаго, — працягваў іерарх. — Ён заўсёды прыходзіць з дапамогай. Перш за ўсё Бог дапамагае праз сакрамэнты, а асабліва праз сакрамэнт канфірмацыі, праз які ўзмацняе чалавека дарамі Духа Святога». Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб мець сілы жыць паводле Божага права і, адказваючы на выклікі нашага часу, быць сталымі ў духоўным жыцці. Нягледзячы на гарачае надвор’е, у набажэнстве прынялі ўдзел шматлікія вернікі. |
Фотарэпартаж |