Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята сям’і ў лагойскай парафіі падтрымаў Зміцер Вайцюшкевіч |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.12.2010 14:12 |
26 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін Святой Сям’і. У касцёле святога Казіміра ў Лагойску адбылася святая Імша ў інтэнцыі сямей, якія па прыкладу Марыі і Юзафа ідуць разам па жыцці, выхоўваючы дзяцей і перадаючы ім веру. У гэты дзень у касцёле сабраліся каля трох дзесяткаў пар, якія прыйшлі, каб аднавіць сужэнскія абяцанні. Былі сярод іх тыя, хто ўжо 53 гады крочаць разам, а 45-гадовыя юбіляры таксама браліся за рукі, і, як маладыя, з любоўю глядзелі ў вочы адно аднаму. Былі і тыя, сямейны стаж якіх не перавысіў яшчэ і паўгода. Ад алтара праз увесь касцёл выстраіліся сем’і — сведкі сужэнскай вернасці, адданасці і любові. Многія з іх трымалі сваіх дзетак на руках, а некаторыя падтрымлівалі адно аднаго. Але ўсе яны пасля малітвы, акую прачытаў над імі ксёндз пробашч Павел Слука MSF, як і шмат гадоў таму, яшчэ раз паабяцалі адно аднаму вернасць і замацавалі прысягу пацалункам. У сваю чаргу кс. Паўла Слуку MSF парафіяне павіншавалі са святам, паколькі святар належыць да Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Напрыканцы набажэнства перад вернікамі выступілі беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які выканаў песні нашых матуль і бабуль, а таксама аматарскі хор з Мінска «Канкордыя» пад кіраўніцтвам Галіны Казміроўскай. У выкананні калектыву прагучалі духоўныя творы і калядкі розных краін свету на беларускай, рускай, шведскай і польскай мовах. |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.