У Лагойску адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі каталіцтва ў рэгіёне |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
10.04.2012 13:29 |
9 красавіка 2012 г. у Лагойскім цэнтры культуры адбылася прэзентацыя выставы «Бог ёсць любоў», прысвечаная каталіцтву на Лагойшчыне. Лагойшчына з’яўляецца сваесаблівай калыскай каталіцызму на Міншчыне, бо менавіта тут ў 1387 годзе ў мястэчку Гайна, што каля Лагойска, быў пабудаваны першы касцёл. Будаўніцтва лагойскай святыні фундаваў славуты род Тышкевічаў. Выставу адкрыў пробашч Лагойскага касцёла а. Павел Слука, які павіншаваў усіх са святам Вялікадня і распавёў пра гісторыю каталіцтва ў рэгіёне. На свяце прысутнічаў а. Войцех Вальчына MSF з Плешчаніц, які таксама павіншаваў усіх прысутных са святам. Затым дзеці, якія прыходзяць на катэхезу, прачыталі вершы і выканалі спевы на тэму Хрыстовага ўваскрасення. А напрыканцы ўсе прысутныя пачаставаліся святочным печывам. Прэзентацыя выставы стала сапраўдным святам, на якім прысутнічалі шматлікія госці, дарослыя асобы са сваімі дзецьмі і ўнукамі. На выставе прадстаўлены старажытныя малітоўнікі, абразы, прадметы, што ўжываюцца падчас літургіі ў касцёле. Экспазіцыя будзе працаваць да 1 мая. |
Фотарэпартаж |