Мітрапаліт Кандрусевіч: крочыць за Хрыстом — значыць ісці шляхам сапраўднай радасці |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
01.08.2010 13:43 |
1 жніўня 2010 г. цэлебрацыяй святой Імшы завяршылася ІІІ Малітоўная сустрэча моладзі, што праходзіла ў Івянцы. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «„Хочаш быць шчаслівым?“ У сучасным, поўным няпэўнасці і нават крызісу надзеі, свеце гэтае пытанне гучыць усё часцей і часцей», — адзначыў іерхар падчас Эўхарыстыі. «Да рознага роду крызісаў, якімі ахоплены сучасны свет, трэба дадаць і духоўны, які на самой справе з’яўляецца крыніцай усіх іншых крызісаў, і ён вельмі моцна закранае моладзь, — падкрэсліў арцыпастыр. — З якімі праблемамі змагаецца сучасная моладзь? Найперш трэба заўважыць, што яна поўная кантрастаў. Шмат маладых сапраўды шукае Бога, малітвы і цішыні. Многія імкнуцца да паглыблення сваёй хрысціянскай фармацыі, з павагай адносяцца да духоўных каштоўнасцяў і адказна выконваюць свае абавязкі. Усё гэта з’яўляецца знакам надзеі, бо ў сучаснай моладзі можна знайсці шмат добрага. Аднак існуе і зусім іншы вобраз моладзі. Гэта моладзь загубленая, цынічная і агрэсіўная. П’е, курыць, прымае наркотыкі, чыніць злачынствы, эгаістычная, стварае сваю субкультуру, не шануе маральных каштоўнасцяў». Звяртаючыся да прысутнай моладзі, якая з’ехалася з усіх дыяцэзій Беларусі, іерарх выказаў радасць, што юнакі і дзяўчаты — будучыня Касцёла — стараецца імкнуцца да святасці. «Сёння, гледзячы на вас, на ваша трыванне ў малітве, на ваша навяртанне ў сакрамэнце пакаяння, на вашы артыстычныя здольнасці, на вашы ініцыятывы, на вашы ззяючыя радасцю і надзеяй твары, я не баюся сцвердзіць, што насуперак згубным тэндэнцыям сучаснасці ў нас ёсць юнакі і дзяўчаты, якія сапраўды імкнуцца да шчасця праз вернасць хрысціянскаму пакліканню і жыццё паводле маральных нормаў», — з радасцю адзначыў арцыпастыр і заклікаў вернікаў заўсёды трываць у вернасці Божым запаведзям. На заканчэнне літургіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з біскупам Антоніем Дзям'янкам удзялілі прысутным благаслаўленне рэліквіямі дрэва святога крыжа. |
Фотарэпартаж |