Мітрапаліт Кандрусевіч заклікае да належнай падрыхтоўкі да 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.08.2010 16:04 |
Набліжаецца дзень святкавання юбілею 300-годдзя кансэкрацыі мінскага архікатэдральнага касцёла. 9 кастрычніка 2010 г. у 12.00 распачнуцца святочныя мерапрыемствы, якія ўзначаліць папскі пасланец кардынал Юзаф Томко, былы прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Да належнай духоўнай падрыхтоўкі да юбілею заклікае народ Божы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Заклікаю ўсе парафіі, манаскія супольнасці, рухі і вернікаў сваімі малітвамі належным чынам падрыхтавацца да юбілею 300-годдзя кансэкрацыі сучаснай мінскай Архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі», — чытаем у звароце Мітрапаліта Кандрусевіча да народу Божага архідыяцэзіі. Кульмінацыйным пунктам падрыхтоўкі, як паведамляецца ў звароце, стане Навэнна, якая будзе праходзіць ў архікатэдры з 30 верасня па 8 кастрычніка 2010 г. Тытул Навэнны ўзяты ад назвы аднаго з галоўных дакументаў Другога Ватыканскага Сабору — Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»). Арцыпастыр, давяраючы ўсіх апецы Маці Божай, выказвае надзею, што святкаванне юбілею гістарычнай святыні стане «новым актам развіцця і ўмацавання нашай веры, надзеі і любові». |