Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Успамін святога Францішка ў мінскай парафіі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.10.2010 13:12 |
Літургічны каляндар Каталіцкага Касцёла 4 кастрычніка ўзгадвае святога Францішка Асізскага. Святы Францішак з’яўляецца нябесным апекуном адной з мінскіх парафій, якая тэрытарыяльна ахоплівае мікрараён Уручча. Адпустовая святая Імша адбылася ў гэты дзень у касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы. Літургію ўзначаліў а. Пётр Рудкоўскі OP, законнік Ордэна Братоў Прапаведнікаў. У гаміліі святар нагадаў даўнюю традыцыю шматвекавых «размоваў» паміж дамініканамі і францішканамі, што падпітвала інтэлектульную Еўропу і падрыхтоўвала імклівае развіццё навукі ў наш час. Сваім словам а. Пётр Рудкоўскі OP стварыў для прысутных атмасферу тых часоў, калі жыў святы Францішак, каб падкрэсліць наколькі жывой з’яўляецца яго духоўная спадчына. Святы заклікаў захапляцца ўсім жывым на зямлі, — стварэннем любячага Айца, заклікаў радавацца, усміхацца, карыстацца матэрыяльнымі дабротамі, але ўсё гэта рабіць так, каб не знішчыць дзіця Божае ў чалавеку, каб не абразіць яго годнасць. Айцец Пётр Рудкоўскі, які не так даўно прыняў святарскае пасвячэнне, удзяліў кожнаму ўдзельніку святой Імшы благаслаўленне Такім чынам, падчас свята кожны атрымаў бачны знак Божых ласкаў, так неабходных у жыцці хрысціяніна. Дзмітрый Галіноўскі
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.