23 снежня вернікі мінскай парафіі Cв. Францішка (мікрараён Уручча) сабраліся ў дзіцячым цэнтры «Карытас» на супольную малітву і дзяленне аплаткай. Cустрэча распачалася святой Імшой, якую цэлебраваў адміністратар парафіі айцец Андрэй Букштан OFM Cap.
Напачатку святар адзначыў, што не хавае радасці з нагоды сустрэчы, паколькі такія падзеі дазваляюць парафіянам пераадолець рэлігійную ананімнасць, адчуваць сябе адной супольнасцю — а гэта так неабходна ў справе пабудовы жывога Касцёла.
У гаміліі а. Андрэй Букштан звярнуўся да вобраза Маці Божай як узору ахвярнасці. Па словах святара, у сучасным свеце арыенцірамі становяцца паспяховая кар’ера, высокія дасягненні, прэстыж, і часта гэта абсалютызуецца да такой ступені, што прыводзіць да эгаізму. Сучасны чалавек найменш гатовы да ахвярнасці, да здольнасці «пасунуцца» з асабістымі планамі дзеля служэння іншаму чалавеку. І менавіта таму, дадаў адміністратар парафіі, такая рэдкасць для нашага грамадства шматдзетныя сем’і, бо бацькі пераважна баяцца прыняць новае жыццё як дар Бога і не гатовы ахвяраваць сябе дзецям. Для самавыхавання ж у ахвярнасці і пакоры можа дапамагчы засяроджанне над таямніцай Божага ўцелаўлення і жыццём Панны Марыі. Сімвалічна, што такія словы былі прамоўлены ў капліцы цэнтра «Карытас», супрацоўнікі якога ахвяруюць сваю дзейнасць хворым дзецям.
Пасля Імшы вернікі дзяліліся аплаткай, дзеці чыталі вершы пра Божае Нараджэнне і калядных анёлкаў, і, канечне, спявалі калядныя песні. Каб святло аплатковай сустрэчы занесці ў свае дамы, родным і блізкім, вернікі атрымалі ў падарунак калядныя свечкі ад цэнтра «Карытас».
Шчыра дзякуем кс. Аляксандру Фаміных і супрацоўнікам цэнтра «Карытас» за магчымасць правесці аплатковую сустрэчу.
Парафіяльны камітэт парафіі Св. Францішка
|