Гэтыя людзі кінулі ўсё і прыйшлі ў Будслаў. Не пабаяліся дарогі, не спужаліся дажджу і не заглушылі голас сумлення. Што прымусіла іх пайсці ў пілігрымку і якія ўзрушэнні прынесла дарога? Сваімі разважаннямі дзеляцца будслаўскія пілігрымы.
Кацярына, Ангеліна і Аліна (Нясвіжская парафія, пілігрымка Івянец-Будслаў): -- Калі ў тваім жыцці з’яўляюцца цяжкія сітуацыі, то ідзеш у пілігрымку, і Пан Бог дапамагае табе знайсці адказ. Падчас канферэнцый, супольных малітваў – такое ўражанне, што гэта Бог прамаўляе да цябе. Тут пачынаеш больш тонка адчуваць людзей. У штодзённым жыцці не адчуваеш таго, што тут.
Валерыя Лабко (пілігрымка Мінск-Будслаў): -- Летась у мяне не атрымалася прыйсці ў Будслаў, таму сёлета ў пілігрымку назбіралася шмат інтэнцый. У гэты раз было асабліва цяжка: страшэнна балючыя мазалі. У першы ж дзень увесь палец сцёрся з мясам… Было цяжка як ніколі за ўсе сем маіх пілігрымак.
Пілігрымка – зусім іншае жыццё. Як казаў сёння наш пробашч, здаецца, ішлі пяць дзён, пяць няпростых дзён, а адчуванне, быццам можам і яшчэ месяц ісці. Атмасфера вельмі сяброўская, усе вельмі класныя людзі вакол. Нават і не хочацца вяртацца ў “звычайны” свет, дзе не будзе той штодзённай дарогі. Для мяне пілігрымка асацыіруецца з домам. І менавіта мінская пілігрымка. Тут усё роднае – людзі, месцы, атмасфера.
Барбара Стаек (пілігрымка Мінск-Будслаў): -- Мы – польскія пілігрымы, з Ольштына. Два гады таму я была ў Браславе, але пешая пілігрымка ў Будслаў стала для мяне першай. У Польшчы мне здаралася быць толькі ў аднадзённых пілігрымках. Вельмі цудоўная атмасфера, людзі спяваюць, а якія чулыя людзі, якія прымаюць нас на ноч! Яны аддаюць нам усё: свае ложкі, сваю вячэру. Я засталася пад вялікім уражаннем! Асабліва запаў у душу момант, калі разам з намі побач з вазком, у якім спала немаўлятка, ішла 76-гадовая жанчына...
Уладзіслаў (пілігрымка Ракаў-Мінск): -- Дарога ў Будслаў паказвае ў скарочаным варыянце само жыццё. Тут шмат цяжкасцяў. Але радасць, калі прыходзіш да святыні, незабыўныя. Пілігрымка – сімвал жыцця. Падчас гэтай пілігрымкі я больш глыбока пачаў чуць сябе, зразумеў шмат чаго. Сёлета я першы раз ішоў пешшу ў Будслаў. І вельмі ўдзячны Богу. Буду старацца і надалей прыходзіць сюды ў пілігрымцы.
Зося Набок (пілігрымка Мінск-Будслаў): -- Пілігрымка – важны перыяд для кожнага, які мы чакаем кожны год. Па-першае, сустракаеш шмат знаёмых людзей. Гэтая лучнасць людзей дае веру ў тое, што Бог нас усіх яднае. Вельмі шмат сведчанняў бачыш у пілігрымцы. Ідзеш такі стомлены, а побач яшчэ больш стомленыя людзі, з цяжкімі торбамі. І ты разумееш, калі гэты чалавек такі бадзёры, то табе ўжо чаго скардзіцца. Адчуваецца ўзаемападтрымка. І ўвогуле, пасля пілігрымкі пачынаеш на жыццё нават па-іншаму глядзець. Твае праблемы – насамрэч не праблемы, а проста дробязі.
Марына Місіюк: -- Пілігрымка дае магчымасць адчуваць сябе бліжэй да Бога. Гэта немагчыма апісаць. Я першы раз прыехала сюды пяць гадоў таму. У мяне была інтэнцыя пра майго сына. І адразу я адчула цеплыню, якая сыходзіць ад абраза. А сёння прыехала з падзякай – мой сын атрымаў дыплом і добра яго абараніў.
Вадзім (пілігрымка Ракаў-Мінск): -- Некаторыя мяркуюць, што пілігрымка – гэта паход, дзе адны забавы, весялосць, у палатках жыць. Насамрэч, галоўнае ў пілігрымцы – гэта малітва, духоўнае жыццё – духоўныя практыкаванні, канферэнцыі, споведзь, Камунія. Гэта з’яўляецца для нас паглыбленнем веры. Шлях да санктуарыя – заўсёды цудоўныя сцежкі. Трэці раз хаджу – падабаецца мне пілігрымка…
Марына Захарэвіч: -- Мая дарога ў пілігрымку – гэта мінімальная ахвяра, якую я змагла прынесці Богу разам са сваёй інтэнцыяй аб здароўі для сваёй мамы. Прашу ў Бога дапамогі, прашу заступніцтва Марыі, дапамогі пазбавіцца маёй маці ўсяго лішняга ў яе жыцці. Я ніколі не хадзіла ў пешую пілігрымку, але магу ўявіць, як гэта ўнутры. Кожны год бачу гэтыя шчаслівыя твары пілігрымаў, якія ішлі да Маці Божай пехатой. Пілігрымка – ахвяра Богу, якая аб’ядноўвае людзей. Марыя -- тая, хто аб’ядноўвае людзей. Гэта нават цяжка зразумець, гэта трэба адчуць.
Марыя (Ліда, пілігрымка Маладзечна – Будслаў): -- Гэта неба, гэта прырода… Гэта ўсё -- Бог. Я знаходжуся сярод тых людзей, якія таксама вераць. І якія мяне падтрымаюць у любых маіх пачынаннях наконт веры. Трэба выбіраць інтэнцыю – і Маці Божая заўсёды дапаможа. І Езус заўсёды будзе побач, Ён заўсёды размаўляе з вамі.
Сям’я Усніч прыехала ў Будслаў з маленькім сынам Дамінікам. Маладыя муж і жонка прызналіся, што раней прыходзілі ў Будслаў пешшу. Сёлета ж яны -- ужо маладая сям’я, і прыехалі асобна, каб падзякаваць Марыі за сына.
-- Прыехалі паказаць нашае дзіця Маці Божай, падзякаваць за яго, бо менавіта ў гэтым годзе яно ў нас нарадзілася. Будслаў – радасць. Нават цяпер бачу, як радуюцца людзі, якія ідуць сюды кожны са сваёй патрэбай. Мы прыйшлі падзякаваць за свайго сына. Шмат чаго мы за гэты год атрымалі ад Маці Божай і вельмі ёй удзячныя.
Пакуль мы размаўлялі, немаўлятка Дамінік ляжаў у пялюшках, час ад часу агугукаючы і цягнучыся ручкамі да ножак. І вось – ён ужо пераварочваецца на жывоцік і з годнасцю трымае галаву, радасна ўсміхаючыся шчаслівым бацькам.
У Будславе Бог дае сілы. Жыць.
Ілья Лапато
|