Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
“Я пілігрым”: чым жыў намётавы гарадок?
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2011 15:10

Што могуць прыдумаць, сабраўшыся разам, двое францішканаў і кармэліт? Вельмі шмат чаго, асабліва калі дзеянне адбываецца ў намётавым гарадку Будслава, а на дварэ чатыры гадзіны ранку. Хрысціянскі хіп-хоп, кавер-версіі вядомых песень са спеўніка і хіт сезону – танцы пад Шакіру ад “брата Рамашкі”.

У той час, як сталае пакаленне пілігрымаў чувала ў святыні або мірна пасапвала ў дзве дзірачкі, набіраючыся сілы, у намётах, самыя нястомныя маладыя пілігрымы радасна праслаўлялі Бога спевам і танцам.

“Божа мой, гэта Ты, гэта Ты, я Цябе па жыцці сустракаю...” Гэтую вядомую песню выконвалі на біс. Пілігрымы з Гудагаю, якіх можна было пазнаць па аранжавых хустачках, актыўна адгукаліся на заклік вядучага пра “шкоцыю” — пляц перад сцэнай паступова ператварыўся ў імправізаваны танцпол. “Я пілігрым”, “Я пілігрым”, – спявала моладзь.

…Пілігрымы з Івянца і Баранавіч, адказныя за правядзенне моладзевай праграмы, сабралі ля сцэны дзясяткі юнакоў і дзяўчат. Хтосьці сонна пазяхаў, але перасільваў сябе і не сыходзіў, працягваючы падпяваць і прытанцоўваць пад вядомыя касцёльныя хіты. Іншыя – бадзёра махалі пілігрымкаўскімі хустачкамі, нават і не думаючы пра нейкі там сон. Айцы-францішкане рабілі рэкламу музычнай майстэрні ў Івянцы, а а. Павел Рудзьман OCD і ўвогуле жартуючы, зазначыў, што той, “хто не быў у Будславе, для таго і Мінск сталіца…”. І ў прынцыпе, так і ёсць – якраз Будслаў стаўся сімвалам духоўнага жыцця Беларусі.

— На Імшы я моцна змерзла, таму, павячэраўшы, трошкі сагрэлася, -- прызнаецца Юля з пілігрымкі “Мінск-Будслаў”. — Але заснуць пакуль не спіцца, а тут – весела, таму і прыйшла. А выспацца – яшчэ паспею.

— А мне, на жаль, трэба ўжо ехаць, -- прызнаецца дзяўчына Насця, якая прыехала ў Будслаў усёй сям’ёй на машыне. – Мне так падабаецца, што і не з’язджала б.

Апагеем канцэрту можна лічыць адмысловы майстар-клас па танцах пад хіт лацінаамерыканскай спявачкі Шакіры, які браты-францішкане танцавалі на біс. Гэта было неверагодна! Адразу ж падумалася, што нядрэнна было б арганізаваць такое адмысловае спаборніцтва паміж  парафіямі – танцавальнае. Напрыклад, налета ў тым жа Будславе. А што, хто ведае, можа б на яго і сама Шакіра даехала? Яна, дарэчы, таксама каталічка.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.