Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Імша апоўначы ў Будславе: кожны пакліканы быць святыняй Духа Святога
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2011 01:46

Апоўначы 1 ліпеня 2011 г. перад будслаўскай святыняй адбылася святая Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Імша была спалучана з працэсіяй, якая штогод праходзіць у Будславе.

На пачатку літургіі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка аб’явіў, што рашэннем папы Бэнэдыкта XVI Мітрапаліт Кандрусевіч прызначаны адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Мітрапаліт, у сваю чаргу, шчыра прывітаўшы вернікаў, папрасіў іх аб малітве, каб быць здольным «весці Божы народ шляхам збаўлення». Затым іерарх прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных куткоў Беларусі, асаблівым чынам тых, хто ўдзельнічаў у поснай пілігрымцы з мінскага Чырвонага касцёла, і тых, хто прыбыў з іншых краін.

Арцыпастыр адзначыў важнасць пілігрымак, якія з’яўляюцца сведчаннем веры і спосабам новай евангелізацыі. Таксама Мітрапаліт папрасіў маліцца за кардынала Казіміра Свёнтка, які знаходзіцца ў шпіталі.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што чалавечыя цела і душа — «святыні Духа Святога, жывыя, а не каменныя святыні, і таму здольныя да любові». Быць святыняю, па словах Мітрапаліта, з’яўляецца дарам і адначасова заданнем, а найлепшы прыклад захавання свайго цела і душы як святыні — гэта Марыя.

«Заданні Марыі ў Касцёле не з’яўляюцца канкурэнцыйнымі, — працягваў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Яна не падмяняе Хрыста, але вядзе да Яго. Не падмяняе яна і Духа Святога, які ёсць душой Касцёла, гэта азначае — крыніцай жыцця і праўды, вузлом еднасці паміж Хрыстом і людзьмі, Суцяшыцелем, баронячым вучняў перад сіроцтвам, але ёсць яго святыняй. Заклікі Літаніі да Панны Марыі, якія вызначаюць сувязь Марыі з Богам і людзьмі, сваю моц чэрпаюць з яе сувязі са Святым Духам. Гэтая яе годнасць вызначае яе місію ў Касцёле».

Хрысціянства, дадаў іерарх, з самага пачатку супрацьстаяла ўсялякім праявам пагарды да чалавечага цела. Важна памятаць, што цела «не тавар і не рэч», як яго часта стараецца прадставіць сучасны свет, і не «мяшок, якога можна пазбыцца». Аднак пасля грэхападзення Адама «пажадлівасць, цярпенне і смерць атруцілі нашу прыроду, так, што мы перажываем парадокс: чынім зло, якога не хочам, і адначасова становімся няздольнымі чыніць дабро, якога прагнем». З гэтым звязана і праблема сучаснай моладзі, якая часта «не можа адказаць сабе нават у самай малой прыемнасці і няздольная зразумець сэнс ахвяры, на ўсё наракае і не жадае з жыццёвага вопыту чэрпаць навуку».

«Як бацькі трымаюць сваіх дзяцей здалёку ад захоўваемых у хаце хімічных сродкаў, каб не атруціліся, таксама ў маральным парадку нам неабходна стараніцца ўсяго, што магло б атруціць яго духоўна», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Арцыпастыр заклікаў вернікаў «не знеслаўляць наша цела і душу дзеля прыемнасцяў гэтага свету».

Поўны тэкст гаміліі тут >>>

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме