Урачыстая Імша з удзелам біскупаў Беларусі ў Будславе: разам з Марыяй Касцёл ідзе наперад |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.07.2011 07:29 |
Урачыстая святая Імша, якую цэлебравалі біскупы Беларусі, адбылася 2 ліпеня 2011 г. у 10.30 у Будславе. Святочная літургія, кульмінацыя будслаўскіх урачыстасцяў, распачалася працэсіяй духавенства да алтара, усталяванага перад святыняй. У пачатку набажэнства дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям'янка сардэчна павіншаваў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з прызначэннем на пасаду Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі. Мітрапаліт выказаў удзячнасць Богу і Святому Айцу за давер, які выявіўся ў гэтым прызначэнні. Затым арцыпастыр прывітаў усіх удзельнікаў будслаўскіх урачыстасцяў, біскупаў Беларусі, якія разам з ім цэлебравалі Імшу, святароў, кансэкраваных асобаў і пілігрымаў. Іерарх ахвяраваў святую Імшу ў інтэнцыі усіх вернікаў, прысутных на ёй, і асабліва ў інтэнцыі нашай радзімы — Беларусі. У гаміліі Мітрапаліт прапанаваў вернікам зірнуць на Маці Божую як на святыню Духа Святога. «Дзеля будучых заслуг яе сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста яна, адзіны чалавек на зямлі, атрымала прывілей быць звольненай ад першароднага граху. Дзякуючы дзеянню Святога Духа яе душа была напоўнена Божай ласкай. Менавіта моц гэтай ласкі дапамагла ёй у хвіліну Звеставання згадзіцца з Божай воляй стаць Маці так доўга чаканага Збаўцы, бо калі Бог чагосьці хоча, то Ён хоча толькі дабра», — адзначыў арцыпастыр. Марыя, працягваў Мітрапаліт, калі не фізічна, то духоўна прысутнічала пры кожным цудзе, які ўчыніў Хрыстус. Аднак і пазней яна працягвала клапаціцца пра чалавецтва, і пацвярджае гэта яе аб’яўленне ў 1917 г. у Фаціме. Гэта сведчыць пра тое, што ў Маці Божай дзейнічае Дух Святы. «Дзякуючы дзеянню Святога Духа, Касцёл, Маці якога з’яўляецца Марыя, ужо 2000 гадоў ідзе праз розныя выпрабаванні і сёння мужна сустракае новыя праблемы», — падкрэсліў іерарх.У наш час, калі адчуваецца вялікая патрэба аднавіць наша жыццё, працягваў Мітрапаліт, найбольшую ўвагу варта звярнуць на аднаўленне асобы на маральных прынцыпах: «Вырашаючы складаныя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства, неабходна памятаць аб тым, што пачаткам пачаткаў з’яўляецца стан духоўнага жыцця чалавека». Прыкладам жа поўных Божага духа людзей, здольных аднавіць грамадства, з’яўляецца менавіта Марыя. Маці Божая, па словах Мітрапаліта, вядзе нас да праўды, якой з’яўляецца Хрыстус. Поўны тэкст гаміліі тут>>> Урачыстая літургія завяршылася сімвалічным працягам пілігрымкі — працэсіяй вернікаў з Найсвяцейшым Сакрамэнтам — і ўдзяленнем прысутным благаслаўлення ад усіх біскупаў Беларусі. |
Фотарэпартаж |