Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыякан Кірыл Бардонаў: пілігрым жыве той мэтай, дзеля якой ён выбраўся ў шлях
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2011 08:43

Што такое пілігрымка? Чым жыве пілігрым і як быць з праўдай, адкрытай аб сабе падчас пілігрымкі, чытайце ў інтэрв’ю для Catholic.by з дыяканам Кірылам Бардонавым, выпускніком Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)

-- Што такое пілігрымка? Чым яна з’яўляецца для Вас? І якая яна ў Вашым жыцці?

-- Для мяне пілігрымка – гэта найперш шлях да Бога. У выпадку будслаўскай пілігрымкі – гэта шлях да Божай Маці. У гэтым годзе я ўжо ў сёмы раз прыйшоў у Будслаў. Я заўсёды памятаю аб тым, што Хрыстус, паміраючы на крыжы, пакінуў нам Марыю за маці, даверыў нас ёй. Такім чынам, той, хто ідзе да Маці, заўсёды ідзе да Хрыста. Молячыся да Божай Маці, насамрэч мы просім яе заступніцтва, каб сваімі малітвамі яна выпрасіла нам у Хрыста неабходныя ласкі, каб па жыцці -- у гэтай пілігрымцы -- мы ішлі да Хрыста.

Такім чынам, пілігрымка – гэта таксама маленькае адлюстраванне, маленькая рэпетыцыя нашага штодзённага жыцця, у якім ёсць цяжкасці, таксама як і ў пілігрымцы: баляць ногі, ёсць мазалі, спякота, моцны дождж, вецер. Так і ў нашым жыцці ёсць цяжкасці. Але той, хто пераносіць іх годна, з Хрыстом, той атрымлівае ўзнагароду і будзе шчаслівы.

-- Чым жыве пілігрым? Што яго цешыць, што непакоіць?

-- Пілігрым штодзённы або пілігрым, які крочыць да абраза Маці Божай у Будславе ці іншага абраза, жыве найперш той мэтай, дзеля якой ён пайшоў у гэты шлях, дзеля якой ён пачынае крочыць. Пілігрым жыве таксама тым, што кожны вечар ці кожны дзень, або калі здараецца вольная хвіліна, успамінае сваю мэту. Можа здарыцца так, што мэта будзе забыта, будзе адстаўлена ўбок, тады пілігрым пакліканы нанова аднаўляць у сабе гэтую мэту. Пілігрым таксама жыве тым, што выбірае сродкі для рэалізацыі гэтай мэты. Пілігрым, які ідзе пешшу, з матэрыяльнага пункту гледжання, шукае добры абутак, добры заплечнік, добрую вопратку. З духоўнага пункту гледжання, што самае важнае, ён звяртаецца да сваёй інтэнцыі, з якою ідзе ў гэты шлях, глядзіць, ці працуе над сабою з Божай дапамогай, ці развівае ў сабе Божую ласку, якую заўсёды атрымлівае ад Хрыста.

-- Пілігрымка – гэта шлях, як вы ўжо сказалі, поўны выпрабаванняў. Падчас гэтага шляху чалавек адкрывае сябе з іншага боку. Гэта не заўсёды добрыя якасці. Як быць з гэтым, як прымаць сябе?

-- Кожны чалавек, не толькі пілігрым, адкрывае ў сабе штосьці дрэннае. Але ў пілігрымцы гэта вельмі лёгка праяўляецца, бо, калі пераадольваецца шмат кіламетраў, чалавек стамляецца і, можна сказаць, толькі тады пачынае праяўляць сябе такім, якім ён ёсць на самой справе. Як я ўжо казаў, менавіта Божая ласка дапамагае расці чалавеку, пілігрыму. У пілігрымцы ідуць святары. Яны запрашаюць людзей прыходзіць да споведзі. І людзі прыходзяць, асабліва тыя, хто перажывае нейкую праблему, цяжкасць. Чалавек можа ачысціць сваё сэрца на споведзі. Можа і з дапамогай тых малітваў, канферэнцый, якія прамаўляюцца ў часе пілігрымкі. Нават адно слова можа перамяніць яго жыццё, калі ён зразумее, што жыў не так або не быў сабою, што памыляўся ў тых ці іншых сваіх перакананнях, у стылі жыцця.

Менавіта пілігрымка з’яўляецца добрай магчымасцю, каб змяніцца. Бо пілігрымка, можна сказаць, забірае нас са штодзённасці і вядзе па іншым шляху. І вось у гэтай іншай атмасферы чалавек лёгка можа зразумець, што ён ужо не можа насіць тых масак, якія насіў раней, што гэтыя маскі даводзіцца яму здымаць і адкрываць сябе такім, якім ён ёсць на самой справе. Бо кожнага з нас Бог стварыў індывідуальнымі. І таму, адкрыўшы сваю індывідуальнасць, мы зможам прыйсці да Хрыста і сказаць: Хрысце, я прашу, каб Ты з маёй натуры, з мяне, якім я ёсць на самой справе, будаваў такога чалавека, якога бачыш Ты, такога, якім, Ты ведаеш, я магу быць. Тады чалавек можа прасіць у Хрыста ласку, каб паступаць так, як хоча Хрыстус.

-- За Вашымі плячыма 7 пілігрымак. Вядома, кожная не падобна адна на другую. Можа, прыгадваюцца нейкія асаблівыя здарэнні, лёсы ці, можа, цуды?

-- Самая блізкая падзея, якая прыходзіць на ўспамін, гэта ўчарашні вельмі моцны дождж. Калі пілігрымка пасля доўгага адпачынку выйшла ў шлях, то яе за плячыма было пахмурнае неба. Тыя, хто ішоў у гэтай пілігрымцы, разумелі, што за іх плячыма ідзе дождж, аднак, калі ісці наперад (бо там на небе не было хмараў), то зможам прайсці, не трапіўшы пад дождж. Аднак жа вельмі хутка, літаральна праз некалькі секунд, мы ізноў паглядзелі на неба і ўбачылі, што яно зацягнута хмарамі, і нібыта ўжо няма куды ісці, куды спяшацца, бо ніякай надзеі прыйсці ў Будслаў сухімі няма.

Падобныя цяжкасці дапамагаюць змадэліраваць сітуацыю нашага штодзённага жыцця, калі ўсё можа здавацца добрым, а наперадзе нас чакае шмат прыемнасцяў. Насамрэч жа ўсё можа змяніцца за некалькі секунд. Наша чалавечая воля чакае аднаго, а Бог -- іншага. І гэта мы будзем успрымаць, як буру, як навальніцу, якая не дае ніводнаму промню сонца прабіцца праз хмары. Аднак жа гэта нам толькі так здаецца. Той, хто ідзе наперад, знойдзе свой шлях.

Таксама для мяне самае вялікае перажыванне – гэта ўваход у Будслаў. З аднаго боку, вялікая радасць перапаўняе сэрца, а з іншага, сум па тым, што гэты шлях ужо скончыўся, што, магчыма, доўгі час нельга будзе ўбачыць тых людзей, з якімі пазнаёміўся ў пілігрымцы, або якіх ты ведаеш ужо шмат гадоў. Галоўнае, што ў гэтым уваходзе запамінаецца, гэта той момант, калі ты стаіш на парозе святыні, калі ўваходзіш у яе, становішся на калені і самымі простымі словамі можаш сказаць Маці Божай: “Я прыйшоў, я тут, Марыя. Я прыйшоў да цябе і прашу тваёй падтрымкі і надалей у маім жыцці”.

-- Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме