Беларускі Мадрыд — OPEN |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.08.2011 23:11 |
У Івянцы распачалася ІІ Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі. Яго неслі на плячах. Святое цела было нерухомым і скрываўленым. Але слёз не было. Сотні юнакоў і дзяўчат, якія прыбылі ў Івянец на ІІ Усебеларускую сустрэчу моладзі, славілі Езуса спевам. “Хай сцеражэ мяне Твая святая кроў, хай сцеражэ мяне Тваё святое цела,” – словы з урачыстага адкрыцця малітоўнай сустрэчы гулкім рэхам разносіліся па святыні, запаўняючы самыя далёкія яго куты. Унясенне крыжа з целам Езуса ў святыню стала пачаткам ІІ Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. “Кожны з нас можа адчуць, як Бог дакранаецца да нашага сэрца”, — прывітаў удзельнікаў сустрэчы кс. Юрый Санько. Укаранёныя ў Хрысце У сваёй прамове ксёндз Андрэй нагадаў моладзі пра тое, як важна сёння “слухаць і чуць”: — Для таго, каб Бог змог прамаўляць да вас, трэба, каб вашыя сэрцы былі вызваленыя для Бога. У той жа час Ён не прымушае чалавека, выбар павінны зрабіць мы самі. А палове сёмай вечара распачалася cвятая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка. У набажэнстве прыняў таксама ўдзел Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Імшу адкрылі Нешпарамі. Сотні галасоў зліліся ва ўнісон, дэманструючы ўсю моц і прыгажосць сапрана і басоў, альтоў і ценароў — удзельнікаў музычнай майстэрні. У сваёй гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў пра важныя “аспекты ў жыцці” хрысціяніна: малітву, шанаванне крыжа і прыняцце Эўхарыстыі. “Малітва — гэта пачатак нябеснага жыцця ўжо на зямлі, мы вучымся размаўляць з Ім ужо тут. Касцёл — вось той мур, які перашкаджае д’яблу ўвайсці ў душу. Для веруючага чалавека малітва — адна з найважнейшых рэчаў у яго жыцці”. “Езус адкупіў нас ад грэху і зла не золатам, а сваёй крывёю”, — адзначыў біскуп, падкрэсліваючы важнасць шанавання крыжа — сімвала новага жыцця. У заканчэнне гаміліі біскуп Антоній звярнуў увагу на ролю Божай ласкі ў нашым жыцці: “Езус Эўхарыстычны перамяняе нас з людзей зямных у людзей нябесных…” …На гадзінніку 21.00, а людзі працягваюць прыбываць — намётавы гарадок расце як на дражджах. Жнівеньскія вечары — халаднаватыя, але гэта не спыняе моладзь. Прыбываючы з розных куткоў краіны, яны сведчаць — вера ў Беларусі жывая. І хоць сёння Івянец называюць беларускім Мадрыдам, не выключана, што калі-небудзь будзе наадварот — і моладзь з усяго свету збярэцца ўжо ў Беларусі, каб праславіць Бога і засведчыць веру беларускай зямлі. Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |