Касцёл — гэта сям’я. У Мінску адбылася V Нацыянальная пілігрымка сем’яў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
15.10.2011 20:02 |
«Сям’я — праца і святкаванне» — гэтым пытанням была прысвечана V Нацыянальная пілігрымка сем’яў. Прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі сабраліся 15 кастрычніка 2011 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. «Прыносім перад аблічча нашай Пані, Каралевы нашых сем’яў радасці і клопаты, дасягненні і няўдачы, каб у Яе прысутнасці ўсё асэнсаваць: веліч перамог і горыч страт, якія адчувае сям’я ў дадзеным рэгіёне Еўропы і свету», — прывітаў прысутных на пачатку сустрэчы біскуп Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры епіскапаце Беларусі. У гэтым сем’ям дапамагалі даклады, малітва, разважанні і, канечне, дзяленне асабістым вопытам. Цэнтральным пунктам пілірымкі стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з сем’ямі маліўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які на гэтым тыдні прыбыў у нашу краіну. Гэта літургія стала першай малітвай прадстаўніка Апостальскай Сталіцы з беларускімі вернікамі. «Некалькі дзён таму я наведаў дзіцячы анкалагічны цэнтр, каб выразіць блізкасць Святога Айца да народа Беларусі, — адзначыў прастаўнік Ватыкана ў нашай краіне. — Сёння ў вашых сем’ях я сустрэўся з найбольш узнёслай любоўю, якая існуе ў хрысціянстве. Распачынаючы місію прадстаўніка Святога Айца ў Беларусі, хачу сказаць дзякуй за вернасць любові, за прыняты вамі дар дзяцей і ўзаемную павагу. Менавіта ў вас святары вучацца гэтай сямейнай чуласці. Бо Касцёл — гэта таксама сям’я. А калі перастае быць ёй, губляе сваю сутнасць». Перад сучаснай сям’ёй, у тым ліку і беларускай, сёння стаяць шмат праблемаў і выклікаў. Абмеркаваць іх, паспрабаваць знайсці шляхі вырашэння і разам памаліцца за ўсе сем’і Беларусі маюць на мэце Нацыянальныя пілігрымкі сем’яў. Актуальнымі, на думку Мітрапаліта Кандрусевіча, надалей застаюцца праблемы выхавання маладога пакалення (у тым ліку рэлігійнае выхаванне) і забойства ненароджаных дзяцей. Але ўсе праблемы можна вырашыць, калі ў сэрцы чалавека будзе Бог. (Поўны тэкст гаміліі >>>) Пытанні працы і адпачынку таксама маюць свае асаблівасці. Усё часцей маладыя людзі не толькі не жадаюць працаваць, але і не ўмеюць. Як адзначыў Мітрапаліт, маладых людзей трэба вучыць працаваць, успрымаючы працу як шлях да ўдасканалення і развіцця. «Святкаванне нядзелі павінна насіць хрысціянскі характар. Трэба адпачываць не толькі целам, але і душой. Для гэтага і існуе абавязак прыняць удзел у нядзельнай і святочнай святой Імшы. Прымаць удзел трэба разам усёй сям’ёй. Бо толькі тады дзеці будуць бачыць добры прыклад старэйшых і ведаць, што нядзеля — гэта Dies Dominica ці Дзень Пана», — адзначыў арцыпастыр. Напрыканцы сустрэчы сужэнствы падзяліліся ўласным вопытам працы і святкавання ў іх сем’ях. |
Фотарэпартаж |