Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Налібаках і Хатаве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.05.2012 11:15 |
5 мая 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 45 вернікам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках і 40 вернікам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Хатаве. Большасць кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту складала моладзь. У гаміліях Мітрапаліт, зыходзячы са словаў гімна да Святога Духа: «Сыдзі, Дух Святы, і аднаві воблік зямлі», нагадаў пра тое, што сапраўднае аднаўленне зямлі наступае праз аднаўленне чалавека. «Сын Божы — Езус Хрыстус — змяніў свет, збавіў яго і прынёс новы закон любові да Бога і бліжняга, — адзначыў арцыпастыр. — Завяршыўся час, калі прынцыпам было „вока за вока“ і „зуб за зуб“; наступіў час, калі трэба дараваць столькі разоў, колькі патрэбна, час, калі на бязмежную любоў Бога да чалавека неабходна адказаць падобнай любоўю». «Як гэта ўчыніць? Адказ адзін і просты: захоўваць Божы закон, — працягваў іерарх. — Ён не абмяжоўвае свабоду чалавека, але дадзены для таго, каб засцерагчы чалавека ад няшчасцяў і весці яго такім шляхам, каб ён мог будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і дасягнуў вечнага шчасця ў небе». |